Беларуская Служба

Палітолаг Андрэй Лаўрухін: Імаверна, Беларусь будзе рухацца ў напрамку ваеннай дыктатуры або інтэграцыі ў Расію па мілітарыстычным сцэнары

19.07.2023 16:42
Якое заўтра можа нас чакаць у святле вайны, пагрозаў ядзернай зброяй, мілітарызацыі і бясконцых рэпрэсій супраць грамадства? Пагаварылі з палітолагам Андрэем Лаўрухіным.
Аўдыё
  • Андрэй Лаўрухін: «Як трапна заўважыў сацыёлаг Андрэй Вардамацкі, адна частка грамадства кажа «не вайне, а другая – «няма вайны»
Ілюстрацыйнае фотаФота: spring96.org

Слухайце матэрыял у далучаным файле!

Гучная тэма апошніх пару тыдняў – вайскоўцы ПВК Вагнер у Беларусі. Чаму гэтыя людзі з сумнеўнай рэпутацыяй апынуліся на тэрыторыі Беларусі? Андрэй Лаўрухін заўважае, што перавод наймітаў з ПВК «Вагнер» у Беларусь найперш выгодны Расіі:

– У логіцы, якая разварочваецца, гэтая падзея ў тым жа ланцугу, што і ядзерная зброя. Каб адказ на ўдар быў не па тэрыторыі Расіі, а па Беларусі. Тым больш Лукашэнка сам заўжды кажа: «Я-я-я, гэта маё!». То бок пагроза ядзернага ўдару ажыццяўляецца, і разам з тым адказваць будзе Беларусь. Мне падаецца, што з Прыгожыным тая ж самая логіка. Калі нешта Прыгожын будзе рабіць, і няважна дзе – ці пойдзе ва Украіну, ці ў Расію, ці на Сувалкі, адказ зноў-такі будзе перакладзены на Беларусь. Логіка такая: усё, што таксічнае, што звязана з непрымальнымі для Расіі стратамі і адказнасцю, можна перакласці сюды.

Паводле меркавання эксперта, у гэтай сітуацыі і амбіцыі Лукашэнкі граюць сваю ролю. Ён атрымаў бонусы: выглядае як чалавек, які перадухіліў грамадзянскую вайну ў Расіі, і тым самым аднавіў сваю мару выйсці на расійскае палітычнае поле. Гэта адпавядае яго амбіцыям, хаця здавалася б ён мусіць адмовіцца ад гэтай мары пасля прыходу да ўлады Пуціна. З яго пункту гледзішча, гэта сілавы актыў, які можа выкарыстоўваць для шантажу, напрыклад.

Лагічна разважаць, што беларусам не мусіць падабацца прыбыццё ў краіну некалькіх тысяч галаварэзаў. Аднак Андрэй Лаўрухін падкрэслівае, што няма рэальных дадзеных, наколькі беларусы супраць такіх дзеянняў. Ён апелюе да сацыялагічных даследаванняў:

– Як мінімум чвэрць насельніцтва, прыкладна 25 працэнтаў яго падтрымліваюць – гэта яго ядро, будуць з паразуменнем да гэтага адносіцца. З розных прычынаў: бо прапаганда, наратывы, гэта «браты» і гэтак далей. Мы бачым па апытаннях, што больш за пяцьдзясят працэнтаў гатовыя ўступаць у геапалітычны саюз з Расіяй.

Вакно магчымасцяў для Беларусі, калі ў Расіі пачнецца хаос ці дэмакратызацыя. Але я не бачу ні таго, ні іншага. Больш імаверна, што будзе рух у напрамку ваеннай дыктатуры, або інтэграцыя ў Расію па мілітарыстычным сцэнары

Беларусь усё больш мілітарызуецца. Ці краіну насамрэч рыхтуюць да вайны? Андрэй Лаўрухін пагаджаецца з гэтай тэзай. Сфера яго асобнага даследчыцкага інтарэсу – адукацыя. І ён падкрэслівае, што ваенная тэма пранікае нават у дашкольныя ўстановы:

«Нават у садках пачынаецца мілітарызацыя дзяцей праз soft power – у рыторыцы любові да Радзімы і гэтак далей. Але Радзіма – гэта войскі, перамогі, ахвяры... Куды гэта ўсё рухаецца? У Лукашэнкі няма стратэгіі, як і ў Пуціна. Гэта тактыкі. Па факце ўсё больш і больш у Беларусі мілітарызуецца грамадства, якое, безумоўна, адчувае гэта як любы гвалт і рэагуе нервова. Але ёсць і частка, якая з аптымізмам і драйвам успрымае такія падзеі. Як трапна заўважыў сацыёлаг Андрэй Вардамацкі, адна частка грамадства кажа «не вайне, а другая – «няма вайны».

Эксперт не выключае верагоднасці ўсталявання ваеннай дыктатуры, калі вайсковец можа стаць на чале Беларусі, і хутчэй за ўсё гэта будзе стаўленік Крамля. Або сілавікі будуць займаць яшчэ большую вагу ў вышэйшым кіраўніцтве. Знешнія абставіны толькі падштурхоўваць да такога, бо палітычныя рашэнні цяпер рэактыўныя – яны прымаюцца як адказ на знешнія элементы ціску.

Шмат хто звязвае поспехі Украіны ў вайне з магчымасцямі для Беларусі. Ці ёсць падставы думаць у такім ключы? Лаўрухін кажа, што поспех Украіны – гэта значыць перамога, вяртанне ўсіх тэрыторый, якія былі акупаваныя з 2014 года. Але ёсць тонкія моманты:

«Тут усё залежыць ад таго, што мы маем на ўвазе, калі гаворым удача Украіны. Перамога. Перамога прадугледжвае вызваленне ўсіх тэрыторый, у тым ліку Крым. Гэта максімум. Але ніякіх войнаў на тэрыторыі Расіі не плануецца, больш за тое, гэта цалкам забаронена ўсімі краінамі, якія цяпер падтрымліваюць Украіну. Нават пытанне вызвалення Крыма адкрытае – няма адзінства. Большасць вельмі скептычна да гэтага ставіцца, асабліва назіраючы, як марудна развіваецца контрнаступ».

Калі атрымаўся б такі аптымістычны сцэнар, пытанне як гэта паўплывае на ўладу Расіі. Андрэй Лаўрухін кажа, што няма падстаў чакаць распаду Расіі, яе дэмакратызацыі ці нечага падобнага. Затое варта чакаць, што Расія пачне рыхтавацца да новага нападу.

«Калі мы вырашаем і бачым, што перамога Украіны – максімум вызваленне акупаваных тэрыторый і Крым у тым ліку, што адбудзецца ў Расіі: Яна распадзецца? Не. Скінуць Пуціна, які страціць давер? Гэта імаверна, але не настолькі, каб мы маглі сказаць, што прыйдзе дэмакратыя, пачнуцца перамены. Хутчэй за ўсё Расія будзе рыхтавацца да новай вайны, гэта будзе азначаць часова замарожаны канфлікт. Расія будзе накопліваць сілы, мілітарызавацца значна больш. Такі сцэнар – гэта вакно магчымасцяў для Беларусі? Хутчэй за ўсё не, наадварот. Беларусь будзе выкарыстоўвацца ў якасці пляцоўкі для новага нападу, прычым ужо без усялякіх умоў, калі тэрыторыю прадстаўляем, інфраструктуру даем, але нашы войскі не ідуць.

Лічу, што гэта выклік, які значна больш будзе інтэграваць Беларусь у мілітарыстычныя планы Крамля. У выпадку перамогі Украіны, якая цяпер вымалёўваецца, ніякіх нават дробных прыкмет, што рэжым у Расіі абрынецца, няма. Вакно магчымасцяў для Беларусі, калі ў Расіі пачнецца хаос ці дэмакратызацыя. Але я не бачу ні таго, ні іншага. Больш імаверна, што будзе рух у напрамку ваеннай дыктатуры, або інтэграцыя ў Расію па мілітарыстычным сцэнары, або гібрыдны варыянт. Вось такі сцэнар мне бачыцца больш імаверным».

вх