Беларуская Служба

«Расійскія службы спрабуюць пранікнуць у Польшчу ў большым маштабе»

21.07.2023 10:25
Польшча значна больш, чым раней, прыцягвае ўвагу расійскіх службаў, кажа намеснік міністра – каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын.
Здымак мае ілюстрацыйны характарpeterbwiberg/pixabay.com/CC0 Public Domain

Расійскія службы спрабуюць пранікнуць у Польшчу ў большым маштабе і вярбуюць новых агентаў. За апошнія 14 месяцаў мы затрымалі агулам 22 (дваццаць двух)шпіёнаў з Расіі і Беларусі, кажа намеснік міністра – каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын у інтэрв'ю часопісу Polska – Metropolia Warszawska.

Станіслаў Жарын, які таксама зʼяўляецца ўпаўнаважаным польскага ўрада па бяспецы інфармацыйнай прасторы, звярнуў увагу на тое, што па зразумелых прычынах сёння свет звяртае ўвагу на Польшчу ў большай ступені, чым раней, таму попыт на розныя віды інфармацыі пра краіну значна ўзрос.

«Гэта датычыцца і расіян, таму яны спрабуюць пранікнуць у Польшчу ў большым маштабе. І вярбуюць новых людзей. Іх збянтэжыла рашэнне польскіх уладаў, якія ў сакавіку 2022 года выслалі з Варшавы 45 супрацоўнікаў расійскіх дыпламатычных службаў. Гэта былі людзі, якія вялі розную разведвальную дзейнасць на нашай тэрыторыі. Калі іх не стала, Крамлю прыйшлося шукаць новы спосаб, каб дзейнічаць у Польшчы. Доказам гэтага былі людзі, якіх мы затрымалі ў апошнія месяцы», – адзначыў Жарын.

Станіслаў Жарын не захацеў спекуляваць наколькі вялікая расійская шпіёнская сетка ў Польшчы, але, паводле яго, Польшча, безумоўна, вельмі важная краіна для Расеі.

Ён таксама звярнуў увагу на дэзынфармацыйную дзейнасць расіян, адным з асноўных інструментаў якой з’яўляюцца спробы выклікання сацыяльных падзелаў у польскім грамадстве.

«Палітычная палярызацыя ў Польшчы – з’ява не новая, яна нарастала ўжо даўно, але можна таксама заўважыць, што расіяне спрабуюць яе стымуляваць, пашыраць», – адзначыў Жарын і дадаў, што па гэтай справе важная адукацыя.

Намеснік міністра – каардынатара спецслужбаў Станіслаў Жарын заявіў, што таксама нельга выключыць спробаў Расіі паўплываць на парламенцкія выбары ў Польшчы. «Трэба разумець, што расіяне паспрабуюць дзейнічаць, уплываць на польскае грамадства – ці праз прапаганду, ці праз розныя дзеянні, напрыклад, стымулюючы міграцыйныя маршруты з Беларусі», – заявіў Жарын у размове з часопісу Polska – Metropolia Warszawska.

аз