Беларуская Служба

Польшча праводзіць найбуйнейшае пераўзбраенне за мінулыя 50 гадоў

14.08.2023 16:46
Да 2034 года на ўзбраенне Польшчы трэба будзе выдаткаваць прыкладна 90 мільярдаў еўра. 
Аўдыё
  • Польшча праводзіць найбуйнейшае пераўзбаернне за мінулыя 50 гадоў
  Krab
Польскія САУ KrabФота: gov.pl

Польшча распачынае найбуйнейшае за апошнія 50 гадоў пераўзбраенне ў адказ на рост пагрозы з боку Расіі ў Еўропе. Сёлета Польшча выдаткуе на абарону 4% свайго ВУП, што ў два разы перавышае патрабаванні НАТА і робіць яе выдаткі на абарону найбольшымі ў Паўночнаатлантычным Альянсе на душу насельніцтва, піша выданне The Telegraph.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на саміце НАТА ў Вільні заклікаў хаўруснікаў па Паўночнаатлантычным альянсе несці адэкватныя выдаткі на абарону. Польскі лідлар перакананы, што ў эпоху вайны Расіі супраць Украіны, выдзяленне 2% ВУП на абарону з'яўляецца абсалютным мінімумам:

-Мы як краіна трацім на абарону значна больш, і з гэтага пункту гледжання мы знаходзімся ў авангардзе ўсяго НАТА. Мы цалкам усведамляем неабходнасць гэтага, бо мы назіраем за расійскай агрэсіяй за нашай усходняй мяжой ва Украіне. Мы добра разумеем, што такое расійскі імперыялізм і якім ён выявіўся ў апошнія гады. Дастаткова зірнуць на Бучу і Барадзянку, каб зразумець, як выглядаюць ваенныя злачынствы і на што здольнае расійскае войска. У сувязі з гэтым, у нас няма сумневаў у неабходнасці ўмацавання нашай бяспекі. Мы таксама спадзяемся, што іншыя краіны-чальцы НАТА прымуць аналагічныя рашэнні.

Польшча ўжо замовіла 1000 танкаў K2 у Паўднёвай Карэі і 250 танкаў M1A2 SEPv3 Abrams у ЗША. Гэтыя замовы ператвораць Польшчу ва ўладальніка найбуйнейшай танкавай сілы ў Еўропе. Напрыклад, Узброенныя Сілы Злучанага Каралеўства маюць толькі 227 танкаў на ўзбраенні.

Таксама палякі ўзмоцняць артылерыю 600 самаходнымі артылерыйскімі ўстаноўкамі K9s Thunder і 288 рэактыўнымі артылерыйскімі сістэмамі MRL K239 Chunmoo таксама з Паўднёвай Карэі. Акрамя таго, будуць набытыя 18 пускавых установак HIMARS з 9 тысячамі ракет.

Чакаецца, што больш за 1000 баявых машын пяхоты Borsuk польскай вытворчасці будуць гатовыя для транспарціроўкі польскіх вайскоўцаў у бой, а паветранае прыкрыццё неўзабаве будуць забяспечваць 96 верталётаў AH-64E Apache, закупленых у ЗША, і 48 знішчальнікаў FA-50, якія зараз замаўляюцца ў Паўднёвай Карэі. Пасля прыдбання Apache Польшча станем другім па велічыні ўладальнікам гэтых машын, якія вырабляюцца толькі ў ЗША, – распавёў міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак:

-Мы чакаем, што Кангрэс ЗША зацвердзіць наш план на наступным тыдні і, такім чынам, дасць адабрэнне, каб мы маглі ўступіць у дэталёвыя перамовы аб закупцы 96 ударных верталётаў Apache. Дзякуючы вельмі плённаму супрацоўніцтву з міністрам абароны ЗША Лойдам Осцінам, у наступным годзе мы атрымаем першыя Apache на ўзбраенні Войска Польскага.

Колькасць Войска Польскага плануецца падвоіць да 300 тысяч салдат, што ператваврае Польшчу ў найбуйнейшую вайсковую сілу ў Еўропе на захад ад Украіны па колькасці жывой сілы.

Да 2034 года на ўзбраенне Польшчы трэба будзе выдаткаваць прыкладна 90 мільярдаў еўра. Сёлетні абаронны бюджэт Польшчы ўжо складае рэкордныя 19 мільярдаў еўра. Аднак польскае выданне Dziennik Gazeta Prawna падлічыла, што фактычная сума ў 2023 годзе можа вырасці да 25 мільярдаў еўра з улікам пазабюджэтных сродкаў.

Каб дапамагчы Польшчы, Кангрэс ЗША зацвердзіў у 2022 годзе 288,6 мільёна долараў ваеннага фінансавання для «стрымлівання і абароны» ад расійскай пагрозы.

Імклівае пераўзбраенне Польшчы можна патлумачаць траўматычным досведам мінулага, а менавіта пачаткам Другой сусветнай вайны, калі міжваенная Польшча празмерна разлічвала на дапамогу саюзнікаў – Францыі і Вялікабрытаніі – у адбіцці гітлераўскай агрэсіі. Наступствы тых спадзяванняў добра вядомыя ўсім. Надоечы лідар правячай у Польшчы правакансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць» Яраслаў Качыньскі заявіў, што «саюзнікі будуць абараняць толькі тых, хто здольны абараніцца самастойна».

pr/iar/pap/эж

Польшча купляе сучасныя РСЗА ў Паўднёвай Карэі

19.10.2022 15:57
РСЗА K239 па сваіх параметрах падобныя на вядомыя амерыканскія сістэмы HIMARS.

Войска Польскае купляе 1 тыс. 400 сучасных БМП Borsuk (ВІДЭА)

01.03.2023 20:11
Borsuk – плаваючая БМП, узброеная 30-міліметровай гарматай з дыстанцыйным кіраваннем, цалкам распрацаваная польскімі інжынерамі. 

Польшча закупіць 96 амерыканскіх Apache

13.08.2023 10:16
Кіраўнік Мінабароны Польшчы падкрэсліў, што хоча, каб Войска Польскае было арганізаванае на ўзор амерыканскага, якое з'яўляецца наймацнейшым у свеце.