У Варшаве падпісаны кантракт на пакупку Польшчай ракетных сістэм залпавага агню K239 Chunmoo з карэйскім вытворцам узбраення Hanwha. Згодна з кантрактам, карэйскі бок паставіць Польшчы 288 РСЗА. Першыя 18 сістэм з боекамплектам і на платформе Jelcz польскай вытворчасці трапяць на ўзбраенне Войска Польскага ў 2023 годзе.
РСЗА K239 па сваіх параметрах падобныя на вядомыя амерыканскія сістэмы HIMARS. K239, вытворчасць якіх пачалася ў 2015 годзе, знаходзяцца на ўзбраенні Паўднёвай Карэі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Акрамя Польшчы, закупіць сістэму плануе таксама Нарвегія.
У апошні час інтэнсіўна развіваецца супраца паміж Карэйскай Рэспублікай і Польшчай. Так, некалькі месяцаў таму Польшча падпісала кантракт на пакупку ў Сеула 1 тыс. танкаў К2 і 672 самаходных артылерыйскіх установак К9. Першая партыя 24 САУ і 10 танкаў ужо адпраўленая ў Польшчу. Акрамя таго, у верасні падпісаны кантракт на пакупку для ВПС Польшчы 48 вучэбна-баявых самалётаў Т-50.
вс