Суседзі Беларусі запатрабавалі ад уладаў у Мінску, каб «Група Вагнера» неадкладна пакінула тэрыторыю беларускай дзяржавы, а нелегальныя мігранты – памежную зону. Прагучалі таксама пагрозы закрыцця ўсіх памежных пераходаў з Беларуссю. У панядзелак у Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі ў Варшаве адбылася сустрэча міністраў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Падставай для сустрэчы стала сітуацыя ў Беларусі ў сувязі з прысутнасцю на ейнай тэрыторыі наймітаў з «Групы Вагнера» і абвастрэннем міграцыйнага ціску на мяжы, паведамляе Rzeczpospolita.
«У апошнія дні адбылася эфектная ліквідацыя кіраўніцтва «Групы Вагнера». Фактычнай сітуацыі ў Беларусі гэта не мяняе. Насамрэч невядома, які статус у гэтай групы. Хто нясе палітычную адказнасць за дзеянні гэтай групы расіян? Беларусь, Лукашэнка, Пуцін? Згаданая група павінна пакінуць рэгіён, дзе мы жывем. Гэтага патрабуе міжнародная бяспека», – заявіў кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі.
Палітык абвясціў, што калі на мяжы любой з краін адбудзецца інцыдэнт, рэакцыя будзе імгненнай.
« Усе памежныя пераходы, якія працавалі дагэтуль, будуць зачыненыя. І асабовыя, і грузавыя. Рэжым Лукашэнкі таксама багацее ад транзіту міжнародных грузаў, якія ідуць праз Беларусь. У нас распрацаваны механізм пастаянных кансультацый. Мы стварылі рабочую групу, якая будзе кругласутачна сачыць за сітуацыяй на нашых межах і пры неабходнасці неадкладна дасць ацэнку, якая дазволіць прыняць адпаведныя меры», – паведаміў Каміньскі.
«Мы кантактуем з беларускай апазіцыяй. Мы будзем распрацоўваць такія механізмы, каб кожны, хто знаходзіцца пад пагрозай рэпрэсіяў у Беларусі, у сітуацыі, калі ўсе памежныя пераходы будуць зачыненыя, мог бяспечна дабрацца да нашых краін і знайсці ў гэтых краінах бяспечную будучыню. Мы заяўляем, што не забываем пра беларускі народ, не забываем пра апазіцыянераў, якіх жыццё і свабода апынуліся пад пагрозай», – запэўніў міністр Марыюш Каміньскі.
аз