У Крыніцы – курортным гарадку на поўдні Польшчы – працягваецца міжнародны форум. Цягам трох дзён больш за дзве тысячы ўдзельнікаў – палітыкі, прадпрымальнікі, навукоўцы і прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў – будуць размаўляць пра бяспеку, будучыню Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і адбудову Украіны.
Форум у Крыніцы пачаўся з дыскусіі прэзідэнтаў Польшчы і Літвы, якія падсумавалі дзеянні абедзвюх краін пасля агрэсіі Расіі супраць Украіны, а таксама ўступленне Украіны ў НАТА.
Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што цяпер ёсць рэальная перспектыва ўступлення Украіны ў НАТА, якая была адкрытая падчас саміту Паўночнаатлантычнага альянсу ў Вільні. Гэты працэс, паводле польскага прэзідэнта, спыняе выключна расійская вайна – іншых бар’ераў няма:
- Акрамя аб'ектыўных абставінаў, няма іншых прычын, якія б адтэрміноўвалі ўступленне Украіны ў НАТА. Ёсць цалкам рэальная перспектыва ўступлення Украіны ў НАТА на падставе – выключна рашэння Украіны і краінаў-членаў альянсу.
У адкрыцці форуму ў Крыніцы ўдзельнічаў прэмʼер Паўднёвай Карэі Хан Док Су, які пераконваў, што «шляхі развіцця Паўднёвай Карэі і Еўропы натуральным чынам вядуць да супрацоўніцтва паміж гэтымі рэгіёнамі свету». Азіяцкі палітык адзначыў, што мясцовы бізнес пастаянна зацікаўлены ў інвестыцыях у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе:
- Я перакананы, што гэта будзе выдатная платформа для далейшага ўмацавання нашых адносін у ключавых галінах, такіх як: энергетыка, інфраструктура, абаронная прамысловасць і супрацоўніцтва ў аднаўленні Украіны.
Кіраўнік паўднёвакарэйскага ўрада таксама падкрэсліў неабходнасць далейшага ўмацавання супрацоўніцтва ў кантэксце розных выклікаў і праблем у галіне бяспекі. У тым ліку Хан Док Су меў на ўвазе магчымыя наступствы візіту паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Ына ў Расію:
- Мы назіраем пашырэнне адносін паміж Паўночнай Карэяй і Расіяй. Магчыма, што гэта адлюструецца ў больш цесным ваенным супрацоўніцтве. Паўднёвая Карэя і Еўропа таксама павінны больш цесна супрацоўнічаць на аснове даверу, які яны будуюць. Са свайго боку мы хочам падтрымаць нашых партнёраў у ваенным плане.
Сёння ў рамках мерапрыемства ў Крыніцы адбываецца Польска-карэйскі форум з удзелам кіраўніка карэйскага ўраду і польскага прэзідэнта. Падчас яго адкрыцця прэзідэнт Анджэй Дуда падкрэсліў значэнне супрацы паміж Польшчай і Паўднёвай Карэяй:
- Польшча становіцца найважнейшым атрымальнікам і партнёрам карэйскай абароннай прамысловасці. Мы падпісалі дамовы з Карэяй на пастаўку самалётаў FA-50, карэйскіх пускавых установак K239 Chunmoo, танкаў K2 і гаўбіц K9. Частка вытворчасці танкаў таксама будзе адбывацца на польскіх заводах, вынікам чаго будзе сумесная вытворчасць і экспарт на суседнія з Польшчай рынкі, і мы спадзяемся, што таксама, у больш шырокім сэнсе, на ўвесь еўрапейскі рынак.
Прэзідэнт Анджэй Дуда сустрэўся з прэм’ерам Паўднёвай Карэі Хан Док Су.
Маршалак Малапольскага ваяводства Вітальд Казлоўскі (Witold Kozłowski) дадаў, што падчас Польска-карэйскага форуму будуць абмяркоўвацца таксама іншыя тэмы :
- Найважнейшая справа – гэта ўзгадненні, датычныя супрацы польскай і карэйскай абароннай прамысловасці. Другая справа – гэта супраца ў галіне ядзернай энергетыкі. Я спадзяюся, што перамовы паміж нашымі ўрадамі па гэтай справе будуць працягвацца таксама падчас візіту карэйскага прэм’ера.
Паводле карэйскай амбасады, у Крыніцу прыбыла стоасабовая дэлегацыя краіны, у тым ліку высокапастаўленыя палітыкі, прадпрымальнікі і навукоўцы.
Значная частка трохдзённага Форуму ў Крыніцы будзе прысвечаная сітуацыі ва Украіне, падкрэсліла старшыня кампаніі «Krynica Forum» Марыета Герань(Marietta Gieroń) :
- Праграма сёлетняга Форуму ў Крыніцы закранае тэмы, датычныя бяспекі, у тым ліку, энергетычнай і клімату, а таксама Украіны. Мы пастаянна сочым за тым, што адбываецца ў суседняй краіне; думаем пра бяспеку і падтрымку Украіны.
Апрача міжнародных пытанняў і бяспекі, на Форуме ў Крыніцы будуць абмяркоўваюцца і мясцовыя праблемы, звязаныя з энергетычнай бяспекай, транспартам і аховай навакольнага асяроддзя, падкрэслівае віцэ-маршалак Малапольскага ваяводства Юзэф Гаўран(Józef Gawron):
- Мы шукаем новых рашэнняў, таму цікавімся пытаннямі будучыні, як, напрыклад, развіццём вадародных тэхналогій, як крыніцы энергіі – нейтральнай для клімату і навакольнага асяроддзя.
Форум у Крыніцы – гэта падзея, якая спалучае асяроддзі бізнесу, палітыкі і навукі. Гэта пляцоўка для адкрытага абмену думкамі, абмеркавання найважнейшых сацыяльна-эканамічных пытанняў і наладжвання адносін на вышэйшым узроўні.
Мэтай мерапрыемства з’яўляецца ўмацаванне бяспекі і эканамічнага становішча Польшчы і краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Мерапрыемства праходзіць 13–15 верасня ў курортным гарадку на поўдні Польшчы.
IAR/аз