Італія цяпер сутыкаецца з вялікай хваляй міграцыі – у краіну цягам гэтага года морам прыбылі каля 130 000 мігрантаў, гэта ўдвая больш, чым за аналагічны перыяд 2022 года. Грамадскасць Італіі занепакоеная, тэма міграцыі стала цэнтрам палітычнай дыскусіі.
У ліпені місія Еўрасаюза з удзелам прэм'ер-міністра Італіі Джорджыі Мелоні накіравалася ў Туніс, каб пераканаць мясцовыя ўлады змагацца з нелегальным увозам людзей у ЕС і ўзмацніць кантроль на мяжы. Узамен ЕС паабяцаў гэтай ахопленай крызісам краіне сотні мільёнаў еўра. Да гэтага часу не было зроблена ніякіх эфектыўных дзеянняў, каб спыніць хвалю міграцыі з узбярэжжа Туніса.
У сярэдзіне верасня за два дні больш за 7000 мігрантаў прыбылі на Лампедузу, насельніцтва якой складае каля 6000 чалавек, і былі накіраваны ў мясцовы цэнтр рэгістрацыі і ідэнтыфікацыі Чырвонага Крыжа, разлічаны на 400 чалавек.
Гэта быў беспрэцэдэнтны пік міграцыйнай хвалі на востраве, размешчаным недалёка ад берагоў Афрыкі. Улады Лампедузы абвясцілі, што ў іх няма больш уласнага рэсурсу, каб вырашыць праблему.
Неўзабаве пасля гэтага памежнае агенцтва ЕС Frontex абвясціла аб узмацненні падтрымкі Італіі, уключаючы паветранае назіранне за Міжземным морам, і накіравала дадатковы персанал на Лампедузу. Мігрантаў, якія прыбываюць на востраў, рэгулярна адпраўляюць на паромах, караблях і самалётах у цэнтры пражывання па ўсёй Італіі, на фоне росту пратэстаў з боку рэгіянальных і муніцыпальных уладаў, якія заяўляюць, што не хапае месцаў у такіх установах і грошай для падтрымкі мігрантаў.
Пратэсты мясцовых уладаў у многіх раёнах Італіі таксама былі выкліканыя рашэннем урада стварыць у кожным рэгіёне цэнтр для дэпартацыі мігрантаў у краіны іх паходжання. На думку многіх мясцовых палітыкаў, такія цэнтры праблему не вырашаць, а пошук адпаведнага месца – яшчэ адзін цяжар для адміністрацыі.
Яшчэ адна праблема, з якой сутыкаецца ўрад Італіі, – гэта тысячы непаўналетніх мігрантаў без суправаджэння, якія, згодна з працэдурамі, павінны быць змешчаны ў асобныя цэнтры. Але ёсць і маніупляцыі з непаўналеццем — мігранты дэкларуюць сябе непаўналетнімі, каб забяспечыць лепшыя ўмовы жыцця. Урад Італіі прыняў дэкрэт, накіраваны на спыненне такога махлярства і садзейнічанне высылцы нелегальных імігрантаў, якія лічацца небяспечнымі. Палажэннем прадугледжана магчымасць прыняцця аператыўных мер па праверцы сапраўднага ўзросту непаўналетняга без суправаджэння бацькоў. Згоду на такія праверкі будзе даваць пракуратура судоў па справах непаўналетніх.Калі заяўлены ўзрост не адпавядае рэчаіснасці, мігрант будзе асуджаны за фальшывае дэклараванне прадстаўніку ўлады. Прысуд можа быць заменены высылкай з тэрыторыі Італіі.
Прэмʼер-міністр растлумачыла: «Мы паскараем высылку небяспечных нелегалаў, уводзім поўную абарону для ўсіх жанчын і захоўваем яе для непаўналетніх, але па новых правілах хлусіць пра ўзрост ужо нельга будзе». У каментарах італьянскіх СМІ адзначаецца, што форум ЕС атрымлівае запэўніванні з многіх бакоў, што Італія не можа заставацца ў спакоі перад велізарнай хваляй міграцыі. Але гэтыя словы не суправаджаюцца канкрэтнымі жэстамі салідарнасці, якіх краіна чакала гадамі.
Тым часам у Еўрасаюзе ёсць зялёнае святло ад міністраў унутраных спраў краін ЕС на завяршэнне працы над міграцыйным пактам. Польшча крытыкуе гэтае рашэнне.
Намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Барташ Градэцкі (Bartosz Grodecki) падкрэсліў падчас сустрэчы ў Бруселі, што гэтыя пастановы не вырашаць праблемы міграцыі. Сёння большасць краін прагаласавала за прыняцце апошняга элемента міграцыйнага пакта.
Гаворка ідзе пра пастанову аб крызісных сітуацыях, якая вызначае ўмовы прывядзення ў дзеянне экстраных працэдур і затрымання мігрантаў на знешніх межах у чаканні разгляду іх хадайніцтва аб прадастаўленні прытулку. Цяпер амбасадары краінаў ЕС павінны падрыхтаваць пазіцыю для перамоваў з Еўрапарламентам аб канчатковым выглядзе ўсяго пакту. Намесьнік міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Барташ Градэцкі раскрытыкаваў паспешлівасць у працы над рэгламентам.
«Падобна на тое, што мы пазбаўляем сябе заканадаўчай дакладнасці, якая так важная ў гэтым пакце, і прынятыя рашэнні, у мяне такое ўражанне, не будуць адказваць на крызісы, у якіх цяпер знаходзіцца Еўропа. Ці будзе неабходнасць прыняць гэты пакт у заканчэнне тэрміну паўнамоцтваў гэтага Еўрапарламента сапраўды прывядзе да таго, што мы вырашым нашы міграцыйныя праблемы? На маю думку, гэтага зусім не будзе, і гаворка ідзе пра тое, што самае важнае, г.зн. бяспекі Еўрасаюза і бяспекі нашых краін», – сказаў намеснік кіраўніка МУС.
Пакт аб міграцыі вызначае ўмовы прымянення надзвычайных працэдур і колькасць мігрантаў, якія прымаюцца дзяржавамі-членамі, а таксама кампенсацыі за кожнага чалавека ў выпадку адмовы.
Да Польшчы і Венгрыі – рашучых праціўнікаў новага пакта – далучыліся Аўстрыя, Чэхія, Нідэрланды, Германія і Славакія. Аднак цяпер найбуйнейшая краіна ў гэтай групе, Германія, вырашыла прыняць правілы.
«Еўрапейская салідарнасць здаецца відавочнай, калі справа даходзіць да размеркавання сродкаў, але ёсць рознагалоссі, калі справа даходзіць да размеркавання цяжару», – заключае Le Figaro.
Прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшча будзе рашуча супрацьстаяць нелегальнай міграцыі. Кіраўнік урада запэўніў, што пазіцыя краіны будзе дакладна прадстаўлена на пасяджэнні Еўрапейскага савета на наступным тыдні. «Я скажу цвёрдае «не». Я захаваю сваё вета на нелегальную міграцыю», – падкрэсліў Маравецкі.
Кіраўнік парламенцкага камітэту замежных справаў, дэпутат «Права і справядлівасці» Радаслаў Фогель заявіў у эфіры 1 праграмы Польскага радыё, што Польшча не згодная на абавязковае перасяленне мігрантаў паміж краінамі Еўрасаюза.
Радаслаў Фогель патлумачыў, што польскі ўрад будзе патрабаваць у Бруселі, каб пры разглядзе міграцыйнага пакту дзейнічаў прынцып аднагалоснасці.
«Мы шмат разоў былі сведкамі таго, як спрабуюць жангліраваць працэдурамі, прымаць падставовыя пытанні, якія ў еўрапейскіх дакументах замацаваныя за дзяржавамі-членамі, каб замацаваць такую працэдуру, якая робіць магчымым прыняццё большасцю. Паглядзім, як гэта будзе выглядаць, але я не з’яўляюся апытміста, калі размова ідзе пра брусельскую бюракратыю», — заўважыў Фогель.
Цікава, што і жыхары Германіі падтрымліваюць абмежаванне колькасці бежанцаў, якіх іх краіна прымае.
Апытанне, праведзенае ARD-DeutschlandTrend, паказвае што ажно 73 працэнты насельніцтва негатыўна ацэньваюць палітыку размеркавання бежанцаў у Германіі. 64% апытаных немцаў хацелі б, каб іх краіна прымала менш уцекачоў. У параўнанні з маем 2023 года гэты паказчык павялічыўся на 12 працэнтных пунктаў.
73 працэнты насельніцтва Германіі негатыўна ацэньваюць палітыку размеркавання бежанцаў у краіне
На пытанне аб інтэграцыі бежанцаў у нямецкае грамадства большасць рэспандэнтаў ацанілі яе як дрэнную – так адказалі 78 працэнтаў апытаных. У той жа час 80 працэнтаў палічылі, што дэпартацыя асоб, якім было адмоўлена ў прадстаўленні прытулку, праводзіцца «кепска» або «вельмі кепска». Апытанне, праведзенае ARD-DeutschlandTrend, таксама паказвае, што расце скептыцызм адносна ўплыву самой міграцыі на краіну. 64 працэнты апытаных палічылі, што міграцыя прыносіць больш праблем, чым карысці.
Што тычыцца спосабаў абмежавання хвалі міграцыі, то пераважная большасць рэспандэнтаў (82 працэнты) выступае за ўзмацненне памежнага кантролю. 77 працэнтаў лічаць, што таксама магло б дапамагчы дасягненне пагадненняў з афрыканскімі краінамі аб бежанцах. За прызнанне краін Паўночнай Афрыкі бяспечнымі выказаліся 69 працэнтаў апытаных. Для 71 працэнта немцаў усталяванне штогадовага ліміту можа абмежаваць прыток уцекачоў у Германію, гаворыцца на сайце Tagesschau, які публікуе вынікі апытання.
Пра рост напружанасці ў Еўрасаюзе з-за міграцыйнага крызісу піша і ўплывовы французскі штодзённік «Le Figaro». «На еўрапейскіх межах бедлам», – піша выданне.
«Le Figaro» піша, што галоўнай прычынай росту напружанасці ў ЕС зʼяўляецца нядаўні міграцыйны крызіс на Лампедузе. Некалькі тыдняў таму Германія перастала прымаць асоб, якія шукаюць прытулку з Італіі, на што італьянцы адрэагавалі абвінавачваннямі Берліна ў фінансаванні гуманітарных арганізацый, якія займаюцца нелегальным перавозам імігрантаў. На заднім плане ідуць таксама перамовы аб міграцыйным пакце ЕС, супраць якога выступаюць, у тым ліку, Італія, Венгрыя і Польшча. Як піша «Le Figaro», напружанасць выклікаюць таксама выбары ў Еўрапейскі парламент у наступным годзе, а таксама будучыя выбары ў Баварыі і парламенцкія выбары ў Польшчы. Газета піша, што ў гэтым кантэксце «ўрад Нямеччыны, відавочна, выкарыстаў візавы скандал», каб аказаць ціск на Польшчу. Некаторыя краіны Супольнасці таксама крытыкуюць міграцыйнае пагадненне з Тунісам, заключанае Еўракамісіяй у ліпені.
«Еўрапейская салідарнасць здаецца відавочнай, калі справа даходзіць да размеркавання сродкаў, але ёсць рознагалоссі, калі справа даходзіць да размеркавання цяжару», – заключае Le Figaro.
Французскі штодзённік публікуе меркаванне, што Шэнгенская зона цяпер «у лахманах» і што адзіная надзея на паляпшэнне сітуацыі – хуткае заключэнне новага міграцыйнага пакту.
IAR / PAP / вх