Беларуская Служба

Паліцыя: Нядзельны марш прайшоў надзвычай спакойна

02.10.2023 13:04
«Мы не публікуем лічбы ўжо некалькі гадоў», – распавёў прэсавы сакратар каменданта варшаўскай паліцыі Сільвестр Марчак, удакладніўшы, што нягледзячы на значную колькасць удзельнікаў, акцыя пратэсту прайшла спакойна і без сурʼёзных інцыдэнтаў.
 , , 1  2023 .
Марш апазіцыі, Варшава, 1 кастрычніка 2023 г. Фота: PAP/Paweł Supernak

«Мільён чалавек, а то і больш», – паведамілі ў варшаўскай мэрыі, ацэньваючы колькасць удзельнікаў нядзельнага апазіцыйнага «Маршу мільёнаў сэрцаў». Дэманстрацыя, арганізаваная буйнейшай апазіцыйнай партыяй «Грамадзянскай платформай», прайшла 1 кастрычніка ад цэнтра Варшавы да Ронда Радаслава, пераадолеўшы адлегласць больш за чатыры кіламетры. Камера Gazeta.pl зафіксавала дзіўны від на цэнтр сталіцы з ракурсу Палаца культуры і навукі, адкуль было бачна безліч удзельнікаў акцыі пратэсту.

Мітынг пачаўся ў нядзелю апоўдні з выступу таго, хто мабілізаваў людзей на марш – лідара «Грамадзянскай платформы» і былога прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска. Да сцэны, размешчанай уздоўж вуліцы Маршалкоўскай, людзі падыходзілі з чатырох бакоў, што добра бачна на відэазапісах з Палаца культуры і навукі. Тыя, хто з-за недахопу месца ўжо не мог трапіць на скрыжаванне, стаялі па абапал вуліц, па якіх праходзіла дэманстрацыя. Яе ўзначалілі, між іншым, Дональд Туск і мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі.

Падчас «Маршу мільёнаў сэрцаў» Дональд Туск заявіў, што «у суперніка няма шанцаў, калі будзе пабудаваная палітычная еднасць». «Я абяцаю вам, што мы скончым польска-польскую вайну на наступны дзень пасля выбараў. Людзі кажуць: прыцягвайце да адказнасці. І мы прыцягнем», – паабяцаў палітык.

На пачатку маршу выступілі таксама Рафал Тшаскоўскі, і лідары партыі «Левыя» Робэрт Бедрань і Уладзімеж Чажасты.

Адметна, што лідары апазіцыйнага блоку «Трэці шлях» Шыман Галоўня і Уладзіслаў Касіняк-Камыш марш праігнаравалі, выехаўшы на перадвыбарчую агітацыю ў польскую правінцыю, але лідара варшаўскіх спісаў «Трэцяга шляху» наведалі марш, не выступаючы са сцэны.

Маладых выбарцаў заахвочвала галасаваць самая маладая кандыдатка са спісу «Грамадзянскай кааліцыі» – 22-гадовая Вікторыя Бартасевіч. На Ронда Радаслава, якое было канцавым пунктам маршу, пасля 15-й гадзіны на сцэну выйшаў заснавальнік найвялікшай дабрачыннай акцыі ў Польшчы «Вялікага аркестра святочнай дапамог» Ежы Аўсяк. «Здароўе надзвычай важнае. Мы як фонд робім усё дзеля таго, каб лякарні мелі самае сучаснае абсталяванне. Выбары маюць на мэце, каб усе, хто працуе ў ахове здароўя, вельмі добра зараблялі, каб заўсёды былі побач і хацелі працаваць у Польшчы», – заявіў Ежы Аўсяк.

Колькасць удзельнікаў «Маршу мільёнаў сэрцаў» польская паліцыя не агучвала. «Марш ахоўвалі тысячы паліцэйскіх. Трэба было накіраваць дадатковыя сілы. Мы не публікуем лічбы ўжо некалькі гадоў», – распавёў прэсавы сакратар каменданта варшаўскай паліцыі, Сільвестр Марчак, удакладніўшы, што нягледзячы на значную колькасць удзельнікаў, акцыя пратэсту прайшла спакойна і без сурʼёзных інцыдэнтаў. Пра «Марш мільёна сэрцаў», якія надоечы адбыўся ў Варшаве, пісалі на партале Gazeta.pl.

эж