Улады Арменіі заявілі, што разглядаюць магчымасць выхаду з арганізацыі бяспекі, якую ўзначальвае Расія. Гэта звязана з падзеямі ў Нагорным Карабаху, адкуль ужо збеглі ў Арменію амаль усе жыхары. Кінутыя Расіяй (галоўным ваенным саюзнікам) у канфлікце з Азербайджанам, які падтрымлівае Турцыя, армяне разглядаюць магчымасць перагляду сваіх адносін з Масквой.
За выхад з Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (у АДКБ уваходзяць Арменія, Расія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан) выказаліся многія ўплывовыя армянскія няўрадавыя арганізацыі, палітычныя сілы і грамадскія актывісты. У звароце да ўрада яны запатрабавалі выйсці з Еўразійскага эканамічнага саюза і СНД, закрыць расійскія тэлеканалы, якія вяшчаюць у Арменіі, і разарваць ваенныя пагадненні з Расіяй.
Гэта азначала б, што расіянам давядзецца б эвакуяваць 102-ю вайсковую базу з Гюмры і вывесці свае сілы (ФСБ Расіі) з армянска-турэцкай мяжы. Аўтары звароту заклікаюць урад падаць заяўку на сяброўства ў Еўрасаюзе і засяродзіць увагу на «стратэгічным партнёрстве» з краінамі ЕС, ЗША, Канадай і Індыяй.
Незадаволенасць палітыкай Расіі ў армянскім грамадстве велізарная, таму што Масква не выканала сваіх абавязацельстваў. Расія дапамагла Азербайджану выгнаць армян з іх радзімы Арцах (так армяне называюць Нагорны Карабах), піша польскае выданне.
Следам за Арменіяй АДКБ можа пакінуць і Казахстан. Казахстан разам з іншымі краінамі Цэнтральнай Азіі (Кыргызстанам, Таджыкістанам, Туркменістанам і Узбекістанам) усё больш аддаляецца ад Расіі. Лідары гэтай краіны нядаўна сустракаліся ў ЗША з Джо Байдэнам у рамках спецыяльна арганізаванага саміту C5+1 (ЗША — Цэнтральная Азія), і наведалі Берлін. Там прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў у сваю чаргу запэўніў, што яго краіна будзе выконваць санкцыі, уведзеныя Захадам у дачыненні да Расіі, зазначае выданне.
юл