Смерць лідараў «Групы Вагнера» дазволіць Расіі і Беларусі лягчэй кантраляваць арганізацыю і выкарыстоўваць наймітаў для стварэння прамых пагрозаў краінам НАТА і ЕС. Нявызначаны статус і будучыня групы, а таксама праблема з вызначэннем характару пагрозы могуць ускладніць НАТА і ЕС стрымліваць Расію і Беларусь ад выкарыстання вагнераўцаў для такой дзейнасці, пішуць эксперты з Польскага інстытута міжнародных адносін (PISM) на старонцы pism.pl.
Паводле іх, незалежна ад будучыні «Групы Вагнера», неабходна ўзмацніць здольнасць стрымліваць Расію і Беларусь ад выкарыстання напаўпрыватных ваенных арганізацый для стварэння пагрозы НАТА і ЕС. Для гэтага неабходна ўзмацніць стратэгічную камунікацыю адносна адказнасці Расіі і Беларусі за дзеянні наймітаў.
Ёсць усе падставы для высновы, што вагнераўцы не толькі падтрымлівалі стратэгічныя мэты Расіі з 2014 года, але і праводзяць спецыяльныя аперацыі па загадзе расійскіх уладаў.
Прызнанне Расіі краінай, адказнай за стварэнне і спонсарства «Групы Вагнера», дазволіла б адназначна ўскласці адказнасць за злачынствы вагнераўцаў на расійскія ўлады. У сваю чаргу, запрашэнне вагнераўцаў у Беларусь, афіцыйнае супрацоўніцтва наймітаў з беларускім войскам і забеспячэнне іх ваеннай інфраструктурай таксама дазваляюць ускласці на Беларусь суадказнасць за іх дзеянні.
Паводле экспертаў Польскага інстытута міжнародных адносін, Польшча можа павысіць сваю здольнасць змагацца з пагрозамі з боку «Групы Вагнера», прызнаўшы яе тэрарыстычнай арганізацыяй у парламенцкай рэзалюцыі. Гэта павялічыла б шанцы на скаардынаваную рэакцыю НАТА ў выпадку выкарыстання вагнераўцаў ці іншых фармаваньняў наймітаў, напрыклад, для дыверсійных аперацыяў і нападаў на крытычна важную інфраструктуру.
Гэта дазволіла б дзейнічаць з выкарыстаннем новых планаў абароны альянсу, якія ўлічваюць як пагрозы з боку тэрарыстычных груповак, так і ваенныя пагрозы з боку Расіі. Крокі, распачатыя ў адказ на тэрарыстычную пагрозу, не выключаюць магчымасці запуску планаў рэагавання на пагрозы з боку Расіі, калі дзеянні «вагнераўцаў» будуць суправаджацца нарошчваннем расійскага патэнцыялу ля межаў Паўночнаатлантычнага альянсу.
Яны таксама дадуць магчымасць для больш дыверсіфікаваных дзеянняў, абмежаваўшы рызыку эскалацыі.
Таму ў інтарэсах Польшчы, паводле экспертаў, таксама дамагацца на форуме ЕС (як і на форуме ААН) прызнання «Групы Вагнера» тэрарыстычнай арганізацыяй, спансаванай Расіяй.
Гэта пашырыла б магчымасці асобных краін ЕС па барацьбе з наймітамі, з улікам магчымасці ўвядзення санкцый супраць арганізацый, раней звязаных з Яўгенам Прыгожыным (больш за 60 кампаній). Гэта таксама можа адбіць ахвоту іншых краін (напрыклад, Кітая) ад магчымых паставак вагнераўцам ваеннага абсталявання.
Паводле экспертаў, прызнанне Еўрасаюзам «Групы Вагнера» тэрарыстычнай арганізацыяй можа паўплываць на рашэнне расійскіх уладаў канчаткова распусціць арганізацыю.
аз