Беларуская Служба

Кіроўная ў Польшчы партыя спрабуе перакупіць групоўку апазіцыі, каб атрымаць магчымасць сфармаваць урад

19.10.2023 12:03
«Права і справядлівасць» можа прадставіць аграрнікам «казачную прапанову».
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/ geralt

У нядзелю ў Польшчы адбыліся парламенцкія выбары, ніводная партыя не набрала дастатковай колькасці галасоў, каб кіраваць самастойна. Дзеля таго, каб захаваць уладу, кіроўнай групоўцы «Права і справядлівасць» неабходна знайсці кааліцыянта. Адзіны, хто, тэарэтычна, мог бы ўвайсці з ёй у кааліцыю – гэта Польская сялянская партыя (PSL).

Паводле звестак Onet.pl, «Права і справядлівасць» можа прадставіць аграрнікам «казачную прапанову», напрыклад, падтрымаць іх старшыню Уладзіслава Касіняка-Камыша на прэзідэнцкіх выбарах у 2025 годзе.

Паводле прапановы ПіС, Касіняк-Камыш стаў бы прэм'ер-міністрам, яго калегі па партыі атрымалі б нават палову міністэрстваў, а кандыдаты ад партыі маглі б узначаліць управы ключавых дзяржаўных кампаній.

Палітыкі PSL, з якімі размаўлялі журналісты, адмаўляюць, што прадстаўнікі PiS цяпер робяць што-небудзь, акрамя заклікаў да перамоваў у СМІ. А палітыкі «Права і справядлівасці» не хаваюць, што цяпер іх палітычная задача нумар адзін – захаваць уладу, незалежна ад цаны.

Касіняк-Камыш выключыў кааліцыю з ПіС. «Тыя, хто галасаваў за нас, хочуць пераменаў, хочуць змены ўраду, хочуць адхілення ПіС ад улады», – заявіў ён.

нг