Беларуская Служба

Сербія, якую называюць саюзнікам Масквы ў Еўропе, адмаўляецца ад расійскай зброі

23.10.2023 18:51
Бялград праводзіць дыверсіфікацыю армейскіх паставак і купляе еўрапейскую і амерыканскую зброю.
CASA C-295
CASA C-295 ВПС ПольшчыRudzenka/Shutterstock

Сербія цягам многіх гадоў была адным з саюзнікаў Расіі ў Еўропе. Сітуацыя пачала паступова мяняцца пасля расійскай агрэсіі супраць Украіны. Афіцыйны Белград перагледзіў адносіны з Масквой, а адным з крокаў з’яўляецца дыверсіфікацыя паставак расійскай зброі і вайсковай тэхнікі, паведамляе партал wp.pl.

Так, Сербія ў рамках мадэрнізацыі сваіх узброеных сіл атрымала першы ваенна-транспартны самалёт CASA C-295 вытворчасці іспанскага падраздзялення еўрапейскага канцэрну Airbus Military. Агулам ВПС Сербіі атрымаюць два самалёты згаданага тыпу. Яны будуць эксплуатавацца замест Ан-26 яшчэ савецкай вытворчасці. Дарэчы, першапачаткова Бялград разглядаў магчымасць пакупкі менавіта Ан-26 новага пакалення ў Расіі, аднак усё змяніла геапалітычная сітуацыя. Акрамя палітыкі, уплыў на рашэнне аказала таксама пытанне тэхналогіі, бо Ан-26 былі распрацаваныя ў канцы 1960 гадоў, а іспанскія транспартнікі – у канцы 1990 гадоў.

Гэтыя надзейныя іспанскія ваенна-транспартныя самалёты карыстаюцца добрай рэпутацыяй. Яны знаходзяцца на ўзбраенні многіх краін, у Еўропе, у прыватнасці, Чэхіі, Партугаліі, Іспаніі, Фінляндыі, Ірландыі і Польшчы. Агулам самалёты CASA закупіла 36 краін, у тым ліку дзяржавы, якія лічацца блізкімі саюзнікамі Расіі: Казахстан, Узбекістан і Кыргызстан.

Самалёт у версіі для Сербіі можа перакінуць некалькі тон грузу альбо каля 70 салдат на адлегласць каля 4 тыс. км з хуткасцю 480 км/г.
У планах Сербіі таксама мадэрнізацыя баявой авіяцыі. Афіцыйны Бялград плануе замену МіГ-29 сучаснымі самалётамі. Шматлікія паведамленні сербскага друку сведчаць пра тое, што і на гэты раз будуць закупленыя не расійскія знішчальнікі. У якасці фаварыта называюцца французскія знішчальнікі Rafale. Гаворыцца пра закупку 12 самалётаў на суму ў 3 млрд еўра.

Больш за тое, Бялград купляе і плануе купіць не толькі еўрапейскае ўзбраенне і вайсковую тэхніку, але і амерыканскую. Так, нядаўна Сербія атрымала першую партыю бронеаўтамабіляў Humvee вытворчасці ЗША. Агулам было заказана 119 машын. Эксперты гавораць, што пераарыентацыя Бялграда відавочная, паколькі яшчэ два гады таму Сербія заказала ў Расіі танкі Т-72 і бронемашыны БРДМ-2.

вс