Беларуская Служба

Пачаліся кансультацыі з прэзідэнтам аб новым урадзе

24.10.2023 15:01
Перад імі апазіцыя падтрымала перадвыбарчую прапанову па стварэнні адзінага апазіцыйнага ўраду.
Аўдыё
  • Пачаліся кансультацыі з прэзідэнтам аб новым урадзе
Прэзідэнцкі палац Autorstwa Marcin Białek - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=16823300

Прэзідэнт Анджэй Дуда пачаў кансультацыі з прадстаўнікамі выбарчых камітэтаў. Апоўдні адбыліся перамовы з кіроўнай партыяй «Права і справядлівасць», а пазней з апазіцыйнай «Грамадзянскай кааліцыяй». Прэзідэнт паведаміў, што будзе распытваць лідараў пра іх стаўленне да інвестыцыяў, эканомікі, энергетыкі і абароны, а таксама пра патэнцыйных кандыдатаў на пасаду кіраўніка новага ўраду.

Прэзідэнт Анджэй Дуда сустракаецца з лідарамі партый, прадстаўнікі якіх увойдуць у склад новага польскага Сейма. На сёння ў Прэзідэнцкі палац былі запрошаныя лідары кіроўнай правай партыі «Права і справядлівасці» і апазіцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі», а на сераду лідары – апазіцыйнай кааліцый «Трэцяя дарога» і «Новыя левыя сілы», а таксама крайне правай партыі «Канфедэрацыя».

Чарговасць сустрэчаў вызначана паводле вынікаў, атрыманых на выбарах, то бок пачаліся ад партыі, якая атрымала найбольш галасоў выбаршчыкаў.

Нагадваем, паводле афіцыйных вынікаў, абвешчаных Дзяржаўнай выбарчай камісіяй, на парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў Польшчы 15 кастрычніка, перамагла кіроўная правая партыя «Права і справядлівасць», якая набрала 194 мандаты ў Сейме.

Традыцыйна на новага прэм’ера, які сфармуе новы ўрад, прэзідэнт вызначае прадстаўніка партыі, якая атрымала найбольш галасоў выбаршчыкаў на выбарах. У гэтым выпадку, гэта павінен быць прадстаўнік правых сілаў.

Аднак праблема ў тым, што яшчэ да выбараў апазіцыйныя выбарчыя камітэты «Грамадзянскай кааліцыі», «Трэцяй дарогі» і «Новых левых сілаў» аб’яцалі стварыць адзіны ўрад. На выбарах тры згаданыя камітэты набралі 248 месцаў у Сейме, то бок большасць. Такой колькасці галасоў кіроўныя правыя сілы не набяруць нават тады, калі б заключылі кааліцыйную дамову з крайне правай «Канфедэрацыяй», у якой 18 месцаў у Сейме.

Між тым, абодва бакі запрапанавалі сваіх кандыдатаў на пасаду кіраўніка новага ўраду. Кандыдатам «Права і справядлівасці» з’яўляецца Матэвуш Маравецкі, а тры апазіцыйныя выбарчыя камітэты прапануюць экс-прэм’ера Дональда Туска.

«Мы гатовыя сфармаваць урад», – заявіў старшыня «Грамадзянскай платформы» Дональд Туск (Donald Tusk), на сумеснай прэс-канферэнцыі з удзелам астатніх апазіцыйных лідараў і нагадаў, што апазіцыйныя камітэты складаюць большасць у Сейме:

- З гэтай інфармацыяй сёння я, а заўтра мае калегі змогуць сустрэцца з прэзідэнтам Дудам, супакоіць яго і, спадзяюся, дапамагчы яму прыняць чарговыя канстытуцыйныя крокі. Мы гатовыя сфармаваць урад.

Старшыня Польскай сялянскай партыі, якая ўваходзіць у склад выбарчай кааліцыі «Трэцяя дарога» Уладзіслаў Касіняк-Камыш(Władysław Kosiniak-Kamysz) падтрымаў Дональда Туска ў якасці кандыдата на пасаду прэм'ера:

- Мы запэўнім прэзідэнта ў тым, што ў нас неабходная большасць для таго, каб стварыць урад, прызначыць спікера Сейма і Сената.

У сваю чаргу кіраўнік другой партыі, якая ўваходзіць у склад кааліцыі «Трэцяя дарога» – «Польшчы 2050» Шыман Галоўня(Szymon Hołownia) заклікаў кіраўніка польскай дзяржавы не марудзіць з даручэннем місіі па фармаванні ўрада апазіцыйнаму кандыдату:

- Спадар прэзідэнт, няма чаго чакаць! Калі вам неабходна пачуць падчас кансультацыяў, што ў парламенце ёсць неабходная большасць, каб стварыць урад, то мы паведамляем, што яна ёсць.

Адзін з лідараў «Новых левых сілаў» Уладзімір Чажасты(Włodzimierz Czarzasty) нагадаў, што перад апазіцыяй некалькі важных рашэнняў:

- Я прадстаўляю сілы, якія апошні раз сукіравалі краінай 18 гадоў таму. Тым большую адказнасць зараз я адчуваю.

Дэпутат Еўрапарламента ад «Права і справядлівасці» Збігнеў Кузмюк(Zbigniew Kuźmiuk) лічыць, што прэзідэнт павінен даручыць правым сілам місію па фармаванні новага ўрада, паколькі «Права і справядлівасць» перамагла на выбарах:

- Мы рашуча перамаглі на выбарах, таму мы павінны атрымаць шанец стварыць урад. Тым больш, што апазіцыя выкарыстоўвае тэрмін «аб’яднаная». Між тым, на выбарах не балатавалася аб’яднаная апазіцыя, але тры асобныя выбарчыя блокі.

Кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі ў Канцылярыі прэзідэнта Марцін Пшыдач(Marcin Przydacz) паведаміў, што падчас кансультацый прэзідэнта будуць суправаджаць ягоныя найважнейшыя дарадцы і міністры:

- Напэўна прэзідэнта будуць суправаджаць ягоныя найважнейшыя міністры, у тым ліку кіраўнік Канцылярыі прэзідэнта. Не выключана, што ў залежнасці ад тэмаў, якія будуць закранацца, з’явяцца і іншыя міністры.

Нагадваем, Канстытуцыя прадугледжвае тры магчымыя этапы фармавання ўрада пасля выбараў. На першым этапе галоўную ролю адыгрывае прэзідэнт, які прызначае прэмʼера з улікам таго, што створаны ім урад, павінен атрымаць падтрымку абсалютнай большасці ў Сейме, каб атрымаць вотум даверу.

Калі гэтая спроба не атрымаецца, ініцыятыву бярэ на сябе Сейм. Тады, каб атрымаць вотум даверу прэмʼер і ўрад патрабуюць абсалютнай большасці галасоў пры наяўнасці, як мінімум, паловы колькасці дэпутатаў.

Калі і гэтая спроба стварэння ўраду не атрымаецца, ініцыятыва вяртаецца да прэзідэнта, але тады для атрымання вотуму даверу ў Сейме неабходная ўжо звычайная большасць галасоў дэпутатаў.

IAR/PAP/аз

Прэзідэнт правядзе сустрэчы з прадстаўнікамі ўсіх палітычных сілаў новага Сейма

20.10.2023 13:24
Сустрэчы будуць праходзіць з кожным прадстаўніком асобна ў парадку, які адпавядае колькасці галасоў, набранай падчас выбараў.

Дэпутат ПіС Радаслаў Фогель: Партыя паспрабуе стварыць парламенцкую большасць

23.10.2023 08:25