Беларуская Служба

«Заваяванне ўсёй Украіны Расіяй магчыма, калі ЗША спыняць дапамогу, а Еўропа пойдзе па іх слядах»

15.12.2023 12:14
Такі зыход прывядзе да з'яўлення разбітай, але пераможнай расійскай арміі ў непасрэднай блізкасці ад мяжы НАТА.
Вайна ва УкраінеФота: Мінабароны Украіны

Газета Rzeczpospolita піша пра аналіз амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW). Аналітыкі папярэджваюць, што расіяне яшчэ могуць заваяваць усю Украіну. На думку аўтараў аналізу, «стаўкі ў вайне Расіі з Украінай для ЗША вышэй, чым думае большасць людзей».

«Заваяванне ўсёй Украіны Расіяй зусім не немагчымае, калі ЗША спыняць усю ваенную дапамогу Украіне, а Еўропа пойдзе па іх прыкладу», – гаворыцца ў аналізе.

«Такі зыход прывядзе да з'яўлення разбітай, але пераможнай расійскай арміі ў непасрэднай блізкасці ад мяжы НАТА – ад Чорнага мора да Паўночнага Ледавітага акіяну», – прыводзіць выданне тэкст аналізу.

«Украінская армія пры падтрымцы Захаду знішчыла амаль 90% расійскай арміі, якая ўварвалася ва Украіну ў лютым 2022 года, паводле крыніц у выведцы ЗША, але расіяне замянілі гэтыя страты новымі сіламі і пашыраюць сваю прамысловую базу, каб значна хутчэй папоўніць матэрыяльныя страты, чым дазваляў даваенны патэнцыял«, – гаворыцца ў аналізе.

Пра сітуацыю ў Еўропе і свеце ідзе гаворка таксама ў гутарцы выдання з былым польскім прэзідэнтам Аляксандрам Кваснеўскім пасля абрання новага ўрада Польшчы. Ён адзначвае, што знешняя сітуацыя вельмі складаная, калі казаць пра выклікі, якія стаяць перад урадам Дональда Туска. «Вельмі цяжка, і мала што паказвае на тое, што будзе лепш. Лінія фронту ва Украіне затрымалася, прагрэсу няма, украінскія рэсурсы змяншаюцца, а амерыканская дапамога не прыходзіць. Трэба выразна сказаць: калі Украіну пазбавіць і ваеннай, і фінансавай дапамогі для функцыянавання дзяржавы, яна проста прайграе гэтую вайну. Прасцей кажучы: у нас будзе Пуцін на Бугу, магчыма, у Малдове, магчыма, у краінах Балтыі, безумоўна, у Цэнтральнай Азіі. Адбудова імперыі будзе працягвацца», – дадаў Кваснеўскі.

нг