Часопіс Sieci друкуе разважанні публіцыста Яна Ракіты пра нядаўні камунікат Інстытуту нацыянальнай памяці аб сумнавядомай акцыі «Вісла». Яна пачалася ў сакавіку 1947 года на загад палітбюро Польскай рабочай партыі. Гэта была масавая дэпартацыя ўкраінцаў, грамадзян Польшчы, з месцаў іх ранейшага пражывання на заходнія землі, якія дзяржава атрымала пасля вайны.
У тэксце следчых ІНП гаворыцца, што акцыя была ў вялікай ступені «актам абароны ўкраінцаў, а не рэпрэсіўным дзеяннем». Па словах Ракіты, гэтая фармуліроўка разбурае лагічнае мышленне. Гэта значыць, што ўкраінцаў дэпартавалі, каб абараніць іх ад... украінцаў, паколькі ў камунікаце таксама гаворыцца, што дэпартацыі былі наступствам масавых злачынстваў Украінскай паўстанцкай арміі (УПА). У далейшай частцы дакументу ідзе гаворка таксама пра «гуманны характар» перасялення, адсутнасць дыскрымінацыі, што быццам бы ўкраінцаў не прымушалі адмовіцца ад сваёй культуры і мовы. Гэтаму пярэчаць факты. Апісаныя гісторыкамі – працягвае Ракіта. Дэпартаваным давалі некалькі гадзін на зборы, ім нельга было пасяляцца ў гарадах, вывучаць сваю мову, маліцца ў грэка-каталіцкай царкве.
Цяжка пераацаніць сацыяльнае зло, якое нясе гэты дакумент – падсумоўвае аўтар тэкста. Перш за ўсе пракуроры ІНП заняліся справай, якая агулам не павінна іх датычыць. Яны павінны былі сабраць доказы, каб з юрыдычнага пункту гледжання ацаніць акцыю перасялення. А замест гэтага, яны вырашылі аспрэчыць усё, што раней было ўстаноўлена гісторыкамі і абвешчана польскай дзяржавай. Замест таго, каб бараніць нацыянальную памяць, яны пачалі перапісваць гісторыю.
нг