Беларуская Служба

«Практычна пабудова новай дзяржавы» – Украіна атрымала згоду на перамовы аб уступленні ў ЕС. Прэм'ер-міністр Венгрыі пакінуў залу падчас галасавання

15.12.2023 12:27
Лідары краін Еўрасаюза на саміце ў Бруселі ўхвалілі рэкамендацыю Еўракамісіі пачаць перамовы аб уступленні Украіны і Малдовы ў ЕС, а таксама прыняць Грузію ў якасці кандыдата на ўступленне ў Еўрасаюз.
Уладзімір ЗяленскіPAP/EPA/CORNELIUS POPPE

Перад самітам ішла дыскусія з прэмʼер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам, які катэгарычна супраць пазітыўнага рашэння для Украіны. Падчас галасавання па рашэнні аб пачатку перамоваў з Украінай і Малдовай канцлер Германіі Олаф Шольц прапанаваў прэмʼер-міністру Венгрыі Віктару Орбану пакінуць залу, паведамляе Politico. Па словах двух чыноўнікаў, праінфармаваных аб перамовах, Шольц сказаў Орбану ў прысутнасці іншых лідараў, што, калі ён сапраўды не хоча пагаджацца на пачатак перамоў з Украінай аб уступленні ў ЕС, ён можа пакінуць залу, каб лідары ЕС маглі прыняць аднагалоснае рашэнне ў яго адсутнасць. Пры гэтым адзін з чыноўнікаў удакладніў, што гэта прапанова не была спантанная, а ўзгодненая падчас папярэдніх абмеркаванняў. 

Украінскія ўлады і эксперты адзначаюць, што дзякуючы гэтаму рашэнню краіна ўступае на доўгачаканы, але цяжкі шлях да сяброўства ў ЕС.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў рашэнне ЕС па Украіне перамогай усёй Еўропы, перамогай, якая матывуе і ўзмацняе. Ён дадаў, што гэта яшчэ адзін крок на шляху да паўнавартаснага сяброўства Украіны ў ЕС, але суайчыннікам яшчэ трэба прыкласці шмат намаганняў, бо дзяржава – яе інстытуты і права – павінны быць інтэграваныя ў стандарты ЕС.

«Але мы гэта зробім», – падкрэсліў украінскі лідар.

Для Украіны гэта практычна пачатак пабудовы новай дзяржавы – так пракаментаваў учорашняе рашэнне Еўрасаюза вядомы ўкраінскі публіцыст Віталь Портнікаў.

«Гэта будзе цяжка, бо такая дзяржава не патрэбная значнай частцы ўкраінскага палітычнага і бізнес-класу, значнай частцы грамадства, якая хоча жыць як у Еўропе, але паводзіць сябе як постсавецкай краіне», – публіцыст Віталь Портнікаў.

Портнікаў падкрэсліў, што ўкраінцы павінны практычна з нуля пачаць будаваць інстытуты новай Украіны, якая павінна адпавядаць еўрапейскім стандартам. Гэта будзе цяжка, дадаў ён, бо такая дзяржава не патрэбная значнай частцы ўкраінскага палітычнага і бізнес-класу, але і значнай частцы грамадства, якая хоча жыць у Еўропе, але паводзіць сябе, як у постсавецкая краіна. Гэта зменіцца, запэўнівае ўкраінскі публіцыст.

Згода на перамовы аб сяброўстве з Украінай зʼяўляецца сігналам для Расіі, што ЕС не пакідае Украіну, пракаментаваў прэмʼер-міністр Бельгіі Аляксандр Дэ Кру.

«Гэта краіна, якая ваюе амаль два гады. Насельніцтва панесла велізарныя ахвяры. Гэта таксама вельмі важны сігнал для Масквы – Еўропа не пакідае Украіну. Гэта пасланне адзінства. Мы адзіныя і хочам каб Украіна была на нашым баку», – сказаў ён.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда павіншаваў Украіну і Малдову з пачаткам перамоваў аб уступленні ў ЕС.

«Гістарычнае рашэнне Рады Еўропы пачаць перамовы аб уступленні Украіны і Малдовы стала фактам! Польшча заўсёды падтрымлівала працэс пашырэння. Многія не паверылі, калі мы пачалі змагацца за пачатак перамоваў з Украінай», – гаворыцца ў паведамленні прэзідэнта ў сацыяльных сетках, апублікаваным на польскай і англійскай мовах.

Прэмʼер-міністр Эстоніі Кая Калас заявіла ў пятніцу перад пачаткам другога дня саміту ЕС у Бруселі, што ЕС знойдзе рашэнне, каб разблакаваць фінансавую дапамогу Украіне.

«У той час, калі Украіна змагаецца з ваеннымі праблемамі, мы павінны аказаць ёй і палітычную падтрымку (...) Мы дасягнем пагаднення аб фінансавай дапамозе», – сказала Калас журналістам. У такім жа тоне выказаўся і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, які падкрэсліў, што, з аднаго боку, Венгрыя прывяла аргументы супраць фінансавай дапамогі Украіне, а з іншага – «ёсць кансэнсус 26 краін, якія падтрымліваюць аказанне гэтай падтрымкі». Пры гэтым ён адзначыў, што супраціўленне Будапешта нельга «ламаць сілай».

У пачатку наступнага года пройдзе саміт па дапамозе Украіне.

Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль абвясціў, што лідары вернуцца да гэтага пытання ў пачатку наступнага года. Размова ідзе пра 50 мільярдаў еўра на наступныя 4 гады. Кіраўнік Еўрасавета падкрэсліў, што паспрабуе дамовіцца. Ён не захацеў разважаць аб абмеркаваным у Бруселі плане Б, які дапаможа абысці вета Венгрыі.

«Я не хачу ўдавацца ў дэталі, таму што я хацеў бы працаваць з лідарамі ў бліжэйшыя дні і тыдні, каб падрыхтавацца да саміту, які адбудзецца ў пачатку наступнага года. Але я хачу паслаць пазітыўны, абнадзейлівы сігнал аб тым, што ў нас ёсць інструменты, каб пераканацца, што мы заслугоўваем даверу і што ўкраінцы могуць разлічваць на нашу падтрымку. Наступны саміт адбудзецца ў канцы студзеня – пачатку лютага», – сказаў Шарль Мішэль.

IAR/PAP/вх