Беларуская Служба

У Еўропе выкрытая сетка ісламскіх тэрарыстаў

18.12.2023 17:11
Дацкія службы арыштавалі трох чалавек, якія абвінавачваюцца ў падрыхтоўцы тэракту. У гэтай сувязі таксама адбыліся арышты ў Нідэрландах і Германіі.
Аўдыё
  • У Еўропе зноў кажуць пра пагрозу тэрарызму
Ілюстрацыйнае фотаEPA/OLIVIER MATTHYS Dostawca: PAP/EPA.

З пачатку вайны на Блізкім Усходзе пасля нападу палесцінскага ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка ў розных краінах Еўропы пачаўся ўздым антысеміцкіх настрояў. Габрэі баяцца публічна размаўляць на іўрыце і насіць ярмолку. У мэтах бяспекі адмяняюцца іх мерапрыемствы. Ісламісты заахвочваюць еўрапейцаў далучацца да акцый у падтрымку Палестыны, напрыклад, браць удзел мітынгах, наведваць тэматычныя вечарыны, разносіць улёткі. Універсітэцкія кампусы пераўтварыліся  ў месцы нянавісці да яўрэяў, заяўляюць прадстаўнікі студэнцкіх арганізацый.

У Германіі зафіксавана больш за 4000 злачынстваў у сувязі з канфліктам на Блізкім Усходзе, у тым ліку амаль 500 актаў гвалту. Гэтыя лічбы агучыў міністр юстыцыі Германіі Марка Бушман падчас Gemeindetag - сустрэчы членаў габрэйскіх суполак з усёй Германіі, якая была арганізаваная ў Берліне.

- На дамах малююць зоркі Давіда, падпальваюць ізраільскія сцягі, падчас дэманстрацый у адрас Ізраіля і габрэяў гучаць пагрозы знішчэння і смерці. І ўсё гэта дае свой эфект. Гэта зерне нянавісці, якое прарастае.

Міністэрства юстыцыі Германіі заявіла, што вядзецца ўзмоцненая барацьба з праявамі антысемітызму. У Германіі забаронены ХАМАС і прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй, лозунг «Ад ракі да мора Палестына будзе свабоднай» забаронены на ўсіх мовах Германіі, таму што ён адмаўляе права Ізраіля на існаванне. Германія звярнулася да Еўракамісіі з просьбай забараніць прадаваць у Інтэрнэце майкі ды футболкі з такім слоганам.

У Даніі спецслужбы арыштавалі трох чалавек, якія абвінавачваюцца ў падрыхтоўцы тэракту. У гэтай сувязі таксама адбыліся арышты ў Нідэрландах і Германіі. Пра сур'ёзнасць пагрозы казала дацкая прэм'ер-міністр Метэ Фрэдэрыксен.

 - Шмат гадоў мы бачым, што ў Даніі жывуць людзі, якія не жадаюць нам дабра. Яны супраць нашай свабоды і дацкага грамадства з усім, што вынікае з гэтага. Справа тычыцца «сеткі людзей» у Даніі і за мяжой, якія планавалі тэракт. Абсалютна непрымальна, каб хтосьці пераносіў у дацкае грамадства канфлікт, які адбываецца ў іншым месцы ў свеце.

Па словах Флемінга Дрэера, галоўнага аперацыйнага дырэктара PET, пагроза для Даніі ўзмацнілася пасля таго, як улетку антыісламскія актывісты знішчылі некалькі асобнікаў Карана. «Арышты і рэйды, якія мы праводзім сёння, звязаныя з інтэнсіўным расследаваннкм, якое праводзіцца PET у цесным супрацоўніцтве з нашымі партнёрамі за мяжой», - дадаў чыноўнік.

Дацкая паліцыя заявіла, што ў бліжэйшыя дні павялічыць патрулі ў грамадскіх месцах, асабліва ў Капенгагене і вакол будынкаў габрэйскіх устаноў. Яна сказала, што траім арыштаваным у Даніі будуць прад'яўленыя абвінавачанні ў тэрарызме.

Пазней ізраільскі ўрад заявіў, што ў Даніі былі арыштаваныя сем чалавек за планаванне нападу на мірных жыхароў. Яны павінны былі дзейнічаць «ад імя» палесцінскага ХАМАС. Высветлтлася, штл сярод затрыманых ураджэнцы Лівана, грамадзянін Егіпта ды грамадзянін Нідэрландаў. Паводле папярэдніх высноў, яны дзейнічалі ў адпаведнасці з інструкцыямі лідара ХАМАС у Ліване.

Нямецкая пракуратура абвясціла аб затрыманні трох членаў ХАМАС, якія планавалі напады на яўрэйскія ўстановы ў Еўропе, паведамляе Reuters. Затрыманых абвінавачваюць у падрыхтоўцы ў Бэрліне схованкі зброі для нападаў на габрэйскія ўстановы ў Еўропе.

Нідэрландская паліцыя паведаміла, што 57-гадовы мужчына таксама быў арыштаваны ў Ротэрдаме ў чацвер па запыце нямецкіх уладаў у рамках сумеснага дацка-нямецкага расследавання. Нацыянальны каардынатар Нідэрландаў па барацьбе з тэрарызмам і бяспецы (NCTV) на гэтым тыдні павысіў узровень пагрозы для краіны да чатырох па пяцібальнай шкале ў святле канфлікту паміж Ізраілем і ХАМАС.

Улады еўрапейскіх краін папярэджваюць жыхароў аб павышанай рызыцы нападаў ісламістаў, радыкалізаваных у выніку вайны Ізраіля і ХАМАС, піша Reuters.

Юры Ліхтаровіч