Міністр абароны Германіі Борыс Пісторыус у панядзелак знаходзіўся ў Вільні, каб падпісаць пагадненне з міністрам абароны Літвы Арвідасам Анусаўскасам. Яны ўзгаднілі ўмовы размяшчэння ў балтыйскай краіне 4800 нямецкіх салдат і 200 грамадзянскіх асоб.
– Разам з баяздольнай брыгадай мы бярэм на сябе адказнасць за кіраўніцтва ў альянсе і ўсходнім флангу НАТА. Хуткія тэмпы рэалізацыі праекта ясна паказваюць, што Германія зразумела новую рэальнасць бяспекі, – сказаў Пісторыус.
Адным з падраздзяленняў, якія ўваходзяць у склад новай брыгады, з'яўляецца Panzerbatallion 203 з Аўгустдорфа ў Паўночным Рэйне-Вестфаліі. Гэтае падраздзяленне перадало Украіне ўсе свае танкі Leopard 2 і чакае замены тэхнікі. Пісторыус сказаў, што неўзабаве яны будуць адпраўленыя непасрэдна ў Літву.
Аднак, па словах палкоўніка Бундэсвера ў адстаўцы Радэрыха Кізеветтэра (Roderich Kiesewetter), без адпаведнага плана фінансавання і асноўных баявых сістэм літоўская брыгада «не будзе гатовая нават да абароны».
Утрыманне корпуса, які адправілі ў Літву, каштуе ад 25 да 30 мільёнаў еўра (ад 108 да 130 мільёнаў злотых) у месяц. Першыя салдаты размесцяцца ў Літве ў наступным годзе, а ўсю брыгаду плануюць размясціць да 2027 года.
Пакуль Бундэсвэр можа разлічваць толькі на аднаразовы спецыяльны фонд у памеры 100 млрд еўра (432 млрд злотых), які пазней папоўніць абаронны бюджэт. Тым не менш Кізеветтэр асцерагаецца, што грошы скончацца раней, чым чакалася, з-за інфляцыі, якая зʼесць значную частку фонду.
– Пасля вычарпання спецыяльнага фонду трэба будзе растлумачыць, як будзе дасягнуты паказчык у 2 працэнты [выдаткі НАТА]. Устойлівасць зʼяўляецца вырашальным фактарам, калі мы хочам заставацца ў стане стрымлівання і абароны праз некалькі гадоў. І мы павінны быць, – сказаў Пісторыус.
Акрамя занепакоенасці абсталяваннем і грашыма, Берлін імкнецца разгарнуць войскі для абароны краін НАТА і ператварыць бундэсвэр у «гатовыя да вайны» сілы.
Нямецкія войскі ў Літве зʼяўляюцца адной з васьмі баявых груп узмоцненай прысутнасці НАТА на ўсходнім флангу. Бельгія, Чэхія, Люксембург, Нідэрланды, Нарвегія і ЗША таксама размясцілі свае войскі.
Новае падраздзяленне будзе размешчанае ў двух месцах – у Рукле пад Каўнасам і ў Руднінкаі каля Вільнюса.
Нямецкія падраздзяленні будуць знаходзіцца вельмі блізка да Сувалак – пункту, які злучае Кёнігсбергскую вобласць Расіі з яе блізкім саюзнікам Беларуссю. На думку заходніх ваенных аглядальнікаў, Беларусь, верагодна, была б адной з першых мішэняў Расіі, калі б Уладзімір Пуцін вырашыў пайсці на эскалацыю вайны і супрацьстаяць НАТА.
– Варта чакаць не толькі добрых, але і горшых сцэнарыяў. Так што мы павінны быць гатовыя. Расія застаецца галоўнай пагрозай для нас і NATO, – заявіў міністр абароны Літвы Анусаўскас.
Politico/onet.pl/вх