Беларуская Служба

Варшава можа пераняць ролю Вільні і стаць новым цэнтрам актыўнасці беларускіх дэмакратычных сіл

06.02.2024 18:00
За апошнія гады дзясяткі тысяч беларусаў знайшлі прытулак у Літве, ратуючыся ад рэпрэсій і тэрору лукашэнкаўскага рэжыму. Аднак летась частка літоўскіх палітыкаў пачала казаць пра беларусаў, як пра пагрозу для бяспекі Літвы.
Ілюстрацыйны здымакhttps://t.me/tsikhanouskaya

Пачаліся спробы ўвядзення абмежавальных мер у дачыненні да грамадзян Беларусі. Магчыма цяпер ролю Літвы пяройме Польшча.

Працяглы палітычны крызіс у Беларусі змусіў сотні тысяч чалавек з’ехаць у пошуках часовага прытулку за мяжой. Гаворыцца, што з-за рэпрэсій краіну пакінула ад 200 да 500 тысяч чалавек. Значная частка беларусаў знайшла прытулак у Літве, гучаць лічба, што нават да 50 тысяч чалавек. Вільня стала цэнтрам актыўнасці беларусаў у эміграцыі, тут месціцца Офіс Святланы Ціханоўскай, Беларускі дом правоў чалавека ды іншыя  ініцыятывы.

На пачатку мінулага году Сойм Літвы прыняў закон аб увядзенні абмежавальных мераў у дачыненні да ваеннай агрэсіі супраць Украіны. У першапачатковай рэдакцыі  дакумента прадугледжваліся вельмі жорсткія абмежаванні для беларусаў, сярод якіх прыпыненне выдачы літоўскі віз, адмова выдачы відаў на жыхарства ды інш. Пераходнаму кабінету беларускіх дэмакратычных сіл удалося залагодзіць прынятыя меры. Пры гэтым актывісты, якія дапамагаюць легалізавацца ў Літве, заўважылі змену ў стаўленні да беларусаў на ўзроўні практыкі. Гаворыць арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач.

- Раней статыстыка была больш пазітыўнай. У 2020-21 гады амаль не было адмоў на звароты па палітычны прытулак з боку беларусаў. Было каля 98% пазітыўных рашэнняў. Цяпер жа адмоў каля 50% - кардынальная змена сітуацыі. Больш за тое, бачна, што кардынальна пачало змяняцца і стаўленне літоўцаў да беларусаў. Увесь гэты год аб’яўлена кампанія, якая прывяла да таго, што ўлады пачалі рабіць некамфортным жыццё беларусаў у Літве. Гэта бачна на самых розных узроўнях. У красавіку быў новы закон, у якім спрабавалі дыскрымінаваць беларусаў. На шчасце не ўдалося. Аднак літоўскія палітыкі працягваюць казаць, што беларусы адказныя за агрэсію Лукашэнкі ды Пуціна на Украіну з тэрыторыі Беларусі. У публічнай сферы гучыць, што беларусы роўныя Лукашэнку, што вельмі балюча для тых, хто змагаўся ды быў вымушаны збегчы.

У жніўні 2023 года з боку літоўскіх палітыкаў пачала гучаць крытыка ў бок беларусаў, што яны нібыта хочуць забраць у літоўцаў спадчыну ВКЛ пад выглядам папулярызацыі руху «ліцвінізму». Пра гэта заявіў кіраўнік камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне літоўскага Сойма Лаўрынас Кашчунас ды сябра КНБА Раймундас Лопата.

«Я не хачу, каб у нашай краіне з'явілася абшчына, якая прапаведуе так званую ліцвінскую ідэалогію, якая мала таго, што прысвойвае сабе Вялікае Княства Літоўскае, але таксама сцвярджае, што сапраўдныя ліцвіны – гэта беларусы, а мы дзесці на перыферыі», - заявіў палітык.

Літоўскі бок баіцца перагляду гістарычных мітаў, створаных савецкімі гісторыкамі, якія былі выгодныя літоўцам, перакананы палітолаг Павал Усаў.

- Страх перад гістарычнай рэвізіяй з боку беларускага істэблішменту і спарадзіў негатыўную рэакцыю часткі літоўскіх эліт, як абарончую рэакцыю на перагляд гісторыі і назвы Літва. Насамрэч, ніхто не можа дакладна акрэсліць, што такое «ліцвінізм», што гэта за з’ява, і чаму так раптоўна яна з’явілася на павестцы дня ў Літве. Я бачу ў гэтым вынік кансерватыўнага погляду на гісторыю ў Літве. Кансерватыўныя гісторыкі бачаць у гэтым жаданне беларускай інтэлігенцыі перагледзець гісторыю ВКЛ і аспрэчыць той факт, што гісторыя ВКЛ належыць выключна Літве, і што назва сучаснай Літвы не адпавядае гістарычнай Літве.

Пры канцы мінулага года адказны за міжнародныя справы ў Аб’яднаным пераходным кабінеце дыпламат Валер Кавалеўскі, які апошнія тры гады працаваў побач са Святланай Ціханоўскай у Вільні, заявіў, што пакідае Літву і пераязджае ў Варшаву. Журналісты заўважылі, што гэтая дэкларацыя адбылася на фоне больш строгага стаўлення Літвы да беларускіх мігрантаў.

Галоўны рэдактара парталу «Przegląd Bałtycki» Дамінік Вільчэўскі зазначыў, што ў такой сітуацыі Варшава можа пераняць ролю Вільні ды стаць цэнтрам актыўнасці беларускіх дэмакратычных сіл. Паспяховасць Польшчы ў гэтай справе будзе залежыць ад стаўлення ўраду да беларускіх асяродкаў, перакананы адмысловец.

- У гэтай справе ёсць розныя канцэпцыі. Нават гучаць прапановы, што ў звязку з тым, што літоўскія ўлады становяцца менш прыхільнымі ў дачыненні да беларускай дыяспары, Варшава магла б пераняць ролю палітычнага і грамадзянскага цэнтра беларусаў. Да гэтага часу Вільня была месцам, дзе знаходзілася Святлана Ціханоўская. Цяпер такую ролю магла б гуляць Варшава. З іншага боку, ёсць галасы і ў Літве, і ў Польшчы, што частка дыяспары, асабліва людзі, якія прыехалі пасля 2020-га года, не былі правераныя да канца. Ёсць сумневы, што да іх стаўлення да вайны ва Украіне. Тое ж кажуць і пра ІТ ды прадпрымальнікаў, якія пераехалі ў Літву і Польшчу, што не ўсе яны былі правераныя. Зазначаецца, што большую ролю павінны згуляць спецыяльныя службы, каб кантраляваць гэтыя асяроддзі. На маю думку, калі польскі бок хоча пераняць гэтую ролю, павінен адказаць на пытанне: чаго чакае ад беларускай дыяспары, ад актыўных людзей? Іншае пытанне, на якое трэба адказаць: ці мы ставімся да беларускіх асяродкаў як да суб’ектаў, ці як да інструмента для будаўніцтва сваіх уласных палітычных пазіцый.

За апошнія тры гады дзясяткі тысяч беларусаў знайшлі прытулак у Літве, ратуючыся ад рэпрэсій і тэрору лукашэнкаўскага рэжыму. Разам з тым летась літоўскія палітыкі пачалі ўводзіць абмежавальныя меры ў дачыненні да грамадзян Беларусі, убачыўшы ў іх праблему.

Цяпер гучаць галасы пра тое, што замест Літвы, Польшча магла б стаць цэнтрам прыцягнення беларускай дыяспары.

Юры Ліхтаровіч