Беларуская Служба

Кавалеўскі пра «пашпарт новай Беларусі»: Гэта ўдарыць Лукашэнку там, дзе павінна, калі ён дзяржаўную функцыю пераўтварае ў інструмент рэпрэсій

09.02.2024 07:04
Валер Кавалеўскі, намеснік па міжнародных справах Офіса Святланы Ціханоўскай, распавёў, з якім пашпартам можна правесці аналогію для «пашпарта новай Беларусі».
Аўдыё
  • Валер Кавалеўскі: У справе «пашпарту новай Беларусі» мы дасягнулі кропкі незваротнасці.
 ,  .
Валер Кавалеўскі, Святлана Ціханоўская.t.me/tsikhanouskaya

Слухайце размову цалкам у далучаным файле!

– Некалькі дзяржаў увялі адмысловыя пасады для дыпламатаў, якія працуюць з Беларуссю. У прыватнасці, амбасадар Польшчы Артур Міхальскі быў прызначаны спецыяльным прадстаўніком міністра замежных справаў Польшчы ў справах узаемаадносінаў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, пазней амбасадарка Крысціна Ёхансан была прызначана дыпламатычным прадстаўніком Швецыі пры беларускай дэмакратычнай супольнасці за мяжой, цяпер Ігар Кізім прызначаны амбасадарам Украіны па асаблівых даручэннях па Беларусі. З пункту дыпламатыі такія прызначэнні з асобнай пазнакай пра сувязь з дэмакратычнымі сіламі пра што сведчаць?

– Я б дадаў яшчэ некалькі краін у гэты спіс. Гэта – Літва, Эстонія, Латвія, Францыя. Таксама ЗША рыхтуюць такое прызначэнне, пытанне толькі часу. Чаму гэта важна? На дыпламатычнай, палітычнай мове гэта азначае, што дзяржавы прызнаюць дэмакратычныя сілы Беларусі, аддаюць ім прыярытэт як прадстаўнікам беларускага народа, якія адстойваюць інтарэсы, нацыянальныя інтарэсы нашай краіны. Гэта выразнае сведчанне таксама каго прызнаюць легітымным прадстаўніком нашага народа.

– Ці можаце прывесці прыклады нейкіх дзеянняў, рашэнняў, якія былі зробленыя менавіта ў сувязі з такімі прызначэннямі?

– У Эстоніі нядаўна прайшла канферэнцыя пра будучыню дэмакратычнай Беларусі. Яна была выдатна арганізаваная, вельмі прадстаўнічая, гэта была пляцоўка, каб падкрэсліць, што Беларусь з’яўляецца незалежнай дзяржавай, у яе еўрапейскі выбар, ёсць легітымныя прадстаўнікі, якія гатовыя вырашаць існыя праблемы, найперш мы кажам пра незалежнасць, суверэнітэт, нацыянальную ідэнтычнасць.

Цяпер падобная праца вядзецца з іншай краінай, пакуль не буду называць, але гэтая тэма таксама будзе на радарах.

Іншыя краіны таксама дапамагаюць нам ва ўсталяванні сувязяў з дзяржаўнымі ўстановамі, гэта важна, напрыклад, для вырашэння пытанняў легалізацыі. Часам здараюцца асаблівыя сітуацыі і мы можам звяртацца да гэтых пасланнікаў для іх вырашэння. Гэта практычнае прызначэнне, у ім ёсць палітычны складнік, канешне, калі гаворым пра прызнанне.


У Аб'яднаным кабінеце ёсць пакет прапаноў украінскаму боку, датычных міграцыі, банкаўскіх рахункаў

– Прызначэнне спадара Ігара Кізіма амбасадарам па асаблівым даручэнням па Беларусі вы пракаментавалі наступным чынам «Гэта вітаецца і цэніцца. Цяпер Беларусь і Украіна могуць шмат зрабіць разам, каб забяспечыць свабодную еўрапейскую будучыню нашым народам». Чаго вы чакаеце ад гэтага прызначэння, ці ўжо былі кантакты?

– Так, ужо былі такія кантакты. Я сам на сувязі са спадаром Кізімам. Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета ў Кіеве Генадзь Манько праводзіў сустрэчу. Канешне, у пэўным сэнсе мы робім першыя крокі, бо цяпер гэта фармалізавана. Будзем спрабаваць вызначыць, як гэта адаб’ецца на агульным узроўні адносінаў. У кабінеце ёсць пакет прапаноў, з якімі мы можам працаваць з украінскім бокам, каб гэта адпавядала інтарэсам абодвух бакоў.

Найперш гэта міграцыйная праблематыка, банкаўскія рахункі, які ў свой час былі замарожаныя. Пытанне прызнання нацыянальнага пашпарта, які цяпер праходзіць свой шлях станаўлення. Гэта наша ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях – у ААН, АБСЕ, Радзе Еўропы. Як мы размаўляем з Еўрапейскім саюзам. Калі мы гаворым адным голасам, гэта заўсёды ўзмацняе эфект, гэта важны момант у міжнародных адносінах, бо можна быць адным, але можа быць і сітуацыя, калі побач стаяць краіны, якія падзяляюць тваю пазіцыю.
Таксама пытанне інфармацыйнай палітыкі, каб мы супольна змагаліся з расійскай дэзынфармацыяй, прапагандай.

У нас ёсць патрэбы выпрацоўваць алгарытмы будучыні – для часу, калі скончыцца вайна. Кожная з гэтай тэмы вымагае энергіі, фокуса. Будзем спадзявацца, што інстытут амбасадара па асаблівых даручэннях будзе працаваць менавіта так.

– Хацелася б зрабіць крок назад. Працяглы час афіцыйны Кіеў пазбягаў публічных кантактаў са Святланай Ціханоўскай, дарадцы прэзідэнта Украіны ў інтэрв’ю выказвалі думкі, што ўкраінскія ўлады наўмысна пазбягаюць зносін са Святланай Ціханоўскай, каб не нерваваць Лукашэнку, што офіс Ціханоўскай мала на што ўплывае, таму афіцыйнаму Кіеву немэтазгодна весці супрацу. Што раптоўна змянілася?

– Сапраўды быў этап, калі былі не самыя простыя заявы. Мы нямала працы зрабілі, каб гэтыя заявы на адрас дэмакратычных сілаў былі больш карэтнымі, прадстаўніцтва па міжнародных справах шмат працавала, каб выправіць гэтую сітуацыю.

Ад дарадцы Офіса прэзідэнта Украіны Падаляка прагучала: «Мы прызнаем Святлану Ціханоўскую, аддаем належнае таму, што зроблена Офісам»

У чэрвені мінулага года ў Кіеве я меў сустрэчу з дарадцам Офіса прэзідэнта Украіны Міхаілам Падаляком. Ад яго прагучала, што «мы прызнаем Святлану Ціханоўскую, аддаем належнае таму, што зроблена Офісам Ціханоўскай, аддаем належнае вашай трываласці, паслядоўнасці, сфакусаванасці і зразумеласці для міжнародных партнёраў». І гэта быў пералом у пазіцыі ўкраінскіх партнёраў, што вельмі дарэчы для нас. Бо гэта зняло напружанасць, якая існавала пэўны час.

Цяпер новы этап, створаны інстытут (маецца на ўвазе пасада амбасадара Ігара Кізіма. – Рэд.), які прызначаны для новага ўзроўню адносінаў. Гэта будзе вымагаць часу, дзеянняў, але Украіна важная для нас як партнёр. Перамога Украіны важная і для свету, і для Еўропы, але і для Беларусі. У нашых інтарэсах дапамагаць Украіне, каб перамога была пераканаўчай і дала магчымасці адпрацоўваць свае інтарэсы. Мы бачым станоўчую дынаміку, ёсць асэнсаванне з украінскага боку, што Лукашэнка доўгі час прадаваў блеф, гэта маё асабістае меркаванне. Мне здаецца, відавочна ўжо, што Лукашэнка ніякім чынам не кантралюе сітуацыю, робіць толькі тое, што яму кажуць. А ўкраінскі бок мусіць рабіць усё, каб дамагчыся мэты, якую яны паставілі сабе.

– Пасля 2020 года ў краінах, дзе ёсць беларускія дыяспары, паўставалі так званыя «народныя амбасады». Што з імі цяпер адбываецца?

– Яны выдатна працуюць дагэтуль, шмат зрабілі, каб падтрымаць дзейнасць палітычных структур – Офіса Святланы Ціханоўскай, Народнага антыкрызіснага кіравання. Аб'яднаны пераходны кабінет цяпер зʼяўляецца партнёрам Народных амбасадаў. Гэтыя людзі аддана ўжо чацвёрты год застаюцца ўключанымі ў працэсы, шмат працуюць з нацыянальнымі ўрадамі, грамадскімі арганізацыямі. Аддаю належнае за тое, што яны ўжо чацвёрты год застаюцца ўключанымі ў працэсы.


Узоры пашпартоў маюць быць гатовымі да канца сакавіка

– Пашпарт новай Беларусі. Вы анансавалі, што праз месяц зʼявяцца першыя ўзоры. Да прыкладу, існуюць пашпарты Мальтыйскага ордэна, іх уласнікамі зʼяўляюцца некалькі соцень чалавек, але краіны такой няма. Ці магчыма скарыстаць гэты досвед? Ці можаце распавесці пра тое, што робіцца ў гэтым кірунку? Якая дзяржава патэнцыйна можа зрабіць першай крок у прызнанні гэтага дакумента?

– Мальтыйскі прыклад у пэўным сэнсе для нас дарэчы, але ўсё ж гэта іншая сітуацыя. Мальтыйскі ордэн існуе сотні гадоў. Гэта іншы ўзровень успрыняцця, палітычных сувязяў. Гэтых пашпартоў некалькі соцень, а ў нас мусяць быць іншыя аб’ёмы – размова пра дзясяткі і сотні тысяч беларусаў, якія могуць атрымаць гэты пашпарт. Ёсць іншыя прыклады ў гісторыі – гэта косаўскі пашпарт, пашпарт Тайваня.


Службовы і дыпламатычны пашпарты Мальтыйскага ордэну Службовы і дыпламатычны пашпарты Мальтыйскага ордэну

Мы іх цяпер вывучаем, цяпер акурат рыхтуецца міжнародна-прававое абгрунтаванне наконт таго, якім чынам абгрунтавана гэта прызнанне, як яно ўключана ў міжнароднае права. Таму цяпер гэтая тэма распрацоўваецца.
Узоры пашпартоў маюць быць гатовымі да канца сакавіка, то бок яшчэ маем паўтара месяца.

Калі казаць пра прызнанне краінамі, я б ні ў якім разе не хацеў забягаць наперад. Тонкая матэрыя. Мы павінны зрабіць узоры, запыт гэтым дзяржавам на прызнанне і толькі пасля гэтыя дзяржавы будуць мець фармальную нагоду для прызнання.
Але ўжо цяпер мы вядзем працу ў такім кірунку: расказваем пра праект, чаму ён важны для нас, збіраем водгук ад патэнцыйных партнёраў. Краіны будуць названыя толькі тады, калі будзе прынята афіцыйнае рашэнне.

– Агулам вы аптымістычна глядзіце на гэты праект?

– Праект знаходзіцца на сённяшні дзень на этапе, калі мы не можам адкруціць яго назад, павярнуць ці прыпыніцца. Ужо пройдзеная кропка невяртання. І самае галоўнае, што гэта вельмі патрэбна беларусам. Людзі бачаць, што канкрэтна гэтае дзеянне можа дапамагчы зрабіць бачнай нашу прысутнасць за мяжой.

І гэта, канешне, будзе моцны адказ Лукашэнку, ударыць яго там, дзе павінна ва ўмовах, калі ён звычайную дзяржаўную функцыю спрабуе пераўтварыць у інструмент рэпрэсій супраць беларусаў замежжа.

Шмат аргументаў за гэты праект і ніводнага супраць. Таму будзем імкнуцца рэалізаваць яго як найхутчэй.

вх