Безумоўна, гэта павінна стаць не толькі трывожным званком для Еўрасаюза, але таксама мы павінны зразумець, колькі грошай мы вылучылі на абарону, такім чынам старшыня Еўрапарламента Раберта Мецола пракаментаравала словы былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які заявіў, што краіны-члены НАТА, якія не прызначаюць на ўзбраенне рэкамендаваных альянсам сродкаў, не павінны спадзявацца абароны з боку ЗША.
Старшыня ЕП размаўляла з брусельскай карэспандэнткай Польскага радыё Бэатай Пламэцкай, напярэдадні свайго візіту ў Польшчу, які зʼяўляецца часткай турнэ па ўсіх краінах ЕС перад выбарамі ў Еўрапейскі парламент.
Спадарыня старшыня, ці беручы пад увагу заявы Дональда Трампа, які сказаў, што будзе заахвочваць Расію рабіць усё, што яна хоча з краінамі НАТА, якія не выконваюць рэкамендацый па выдатках на ўзбраенне, мы надалей можам адчуваць сябе бяспечнымі ў Еўропе?:
- Я б паставіла гэтыя заявы ў пэўны кантэкст, якім зʼяўляецца кампанія, якая цяпер праходзіць у Злучаных Штатах Амерыкі, за якой мы ўважліва сочым і на наступны дзень пасля выбараў будзем абавязаны падвесці ейныя вынікі і вызначыць, куды пойдуць нашыя трансатлантычныя адносіны. Безумоўна, для Еўрасаюза – гэта павінен быць не толькі трывожны званок, але мы павінны таксама зразумець, колькі сродкаў мы выдаткавалі на абарону; колькі яшчэ мы павінны на яе выдаткаваць? Калі мы гаворым пра рэальную бяспеку, гэта азначае, што мы павінны стварыць структуру ў самім Еўрасаюзе, якая будзе дапаўняць НАТА, а не канкураваць з ім. Давайце паглядзім на выдаткі краін НАТА. Я толькі што пабывала ў Эстоніі і бачу лідарства краінаў, якія мяжуюць з Расіяй, то бок экспансіянісцкім, агрэсіўным суседам. Я бачу мужнасць гэтых краін і перакананасць, што калі справа даходзіць да пытанняў абароны, праз некалькі месяцаў мы можам апынуцца сам-насам.
На гэтым тыдні вы наведаеце Польшчу. Якія галоўныя мэты згаданага візіту, і якія сустрэчы плануеце?:
- Па-першае, я з нецярпеннем чакаю візіту ў Польшчу. Гэта краіна, якую я люблю, і якая вельмі блізкая майму сэрцу. Я правяду ў Польшчы даволі доўгі час, бо два дні ў нашым графіку – гэта сапраўды шмат. Гэта будзе час напоўнены сустрэчамі з уладамі. Вядома, я сустрэнуся з прэмʼер-міністрам, шматлікімі міністрамі, спікерамі Сейма і Сената. Буду сустракацца з моладдзю – наведаю Варшаўскі ўніверсітэт, Еўрапейскі каледж у Натоліне, выпускніцай якога зʼяўляюся. Я буду размаўляць з моладдзю ў Гданьску. Я сустрэнуся з Лехам Валенсам. Я афіцыйна адкрыю офіс Еўрапарламента ў цэнтры Варшавы. Усё гэта з адным заклікам, каб як мага больш палякаў прагаласавала на чэрвеньскіх еўрапейскіх выбарах. У гэты гістарычны момант Польшча будзе адзначаць 20-годдзе сяброўства ў Еўрасаюзе. Прыемна, што ёсць такая праеўрапейская нацыя, якая хоча пазначыць сваё месца і сваё меркаванне ў дыскусіі пра тое, куды Еўропа павінна рухацца. Нагадваю, палякі вырашаць пра тое, хто стане дэпутатам Еўрапарламента, а ўсе рашэнні, якія ў ім прымаюцца, таксама ўплываюць на жыццё кожнага грамадзяніна Польшчы.
Якія актуальныя пытанні ў Еўрасаюзе, у вырашэнні якіх роля Польшчы была б важнай?:
- Усё залежыць ад кіраўніцтва. Мы бачым, што ў цэнтры Еўропы ёсць надзвычай праеўрапейская краіна, якая ажыццявіла велізарную трансфармацыю пасля ўступлення ў Еўрапейскі Саюз. Гледзячы на Польшчу, мы бачым ейнае лідарства. Я б сказала, што мне патрэбнае меркаванне Польшчы па ўсім, што датычыцца дэмакратыі, аднаўлення дэмакратыі і вяршэнства права, лічбавых тэхналогій, канкурэнтаздольнасці, даследаванняў, моладзі, сельскай гаспадаркі. Польскі сельскагаспадарчы сектар і яго прадстаўнікі адыгрываюць важную ролю ў гэтай справе. Ёсць таксама пытанні, звязаныя з пашырэннем ЕС. Польшча моцна падтрымлівае і Украіну, і Малдову. Я перакананая, што Польшча пакіне свой след ва ўсіх галінах.
Вы былі першым кіраўніком інстытута ЕС, які наведаў Кіеў пасля распачацця поўнамаштабнай расійскай вайны супраць Украіны:
- Гэта быў вельмі цяжкі досвед. Па-першае, я ніколі раней не быў ва Украіне. І я памятаю, што калі мы селі ў цягнік, Кіеў быў яшчэ акружаны, гэта было да таго, як мы ўбачылі здымкі з Бучы. Я наведала Кіеў 1 красавіка і паабяцала ўкраінскаму парламенту і прэзідэнту Зяленскаму, з якім тады ўпершыню сустрэлася асабіста, што мы іх не пакінем. Я рада, што мы там прысутнічалі. І потым было шмат сустрэч, якія мы праводзілі як ва Украіне, так і ў іншых краінах Еўропы, дзе мы падкрэслівалі, што наша падтрымка непахісная, незалежна ці гэта пытанне прызнання Украіне статусу кандыдата ў ЕС, распачацця перамоваў аб уступленні, рашэння адносна адмены мытных пошлін, ваеннай падтрымкі, паставак боепрыпасаў, матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкі, навучання ці фінансавага пакета ў 50 мільярдаў еўра – гэта нашае апошняе рашэнне. Можна сказаць, што ўсё гэта вырашалася ў кантэксце майго згаданага візіту ў Кіеў. Я ўбачыла дух украінцаў і нейкі недавер: чаму ж у 2022 годзе ў нас вайна; чаму ж такая рэальнасць?
Еўрапарламент заўсёды выказваўся наконт Украіны і заўсёды быў на крок наперадзе ўрадаў ЕС. Ці будзе ЕП пераконваць лідараў зацвердзіць рамкі перамоваў з Украінай на саміце ў сакавіку?
- Калі на працягу некалькіх дзён мы велізарнай большасцю ў гэтым парламенце, амаль аднагалосна, што бывае рэдка, пагадзіліся з тым, каб Украіна стала кандыдатам у Еўрапейскі Саюз, я памятаю, што задаваліся пытанні: Чаму так хутка? Чаму цяпер? Чаму краіна, якая ваюе? У нас – у Еўрапарламенце ніякіх такіх пытанняў не было. І тут я павінна пахваліць польскіх еўрадэпутатаў за тое, што яны патрабавалі гэтага рашэння, таму што польскія грамадзяне сказалі: мы хочам, каб Украіна была ў Еўрасаюзе. Не было сумневаў і прэмʼеры рушылі ўслед гэтаму прыкладу. І так было на кожным кроку, таму мы абавязкова будзем рухацца ў гэтым кірунку.
Вы згадалі пра еўравыбары. Як вы збіраецеся заахвоціць людзей галасаваць, асабліва моладзь? Ці праўда, што ёсць план звярнуцца па дапамогу да музычных зорак?:
- З радасцю прыму любую дапамогу. Уся справа ў асабістых сустрэчах з людзьмі. Надоечы я пабывала ў Эстоніі, у Таліне. Я буду ў Празе, а потым у Варшаве і Гданьску. Уплыў, які вы можаце аказаць, сустрэўшыся з маладымі людзьмі і сказаўшы ім, што іх голас мае значэнне, асаблівы. Польскія дэпутаты і так будуць абраныя ў Еўрапарламент, але кожны можа паўплываць на згаданае выбар. Брусель занадта далёка. Часам мы сустракаемся з маладымі людзьмі, напрыклад, у цэнтры буйных гарадоў, а не выязджаем на правінцыю. Я шмат часу правяла ў Кракаве, таксама ў Варшаве. Я люблю прыязджаць у Польшчу і размаўляць з моладдзю. Для мяне гэта важнае, падобным чынам, як важная адкрытая і сумленная размова, якую можна весці як асабіста, так і дыстанцыйна. У нас будзе адмысловая кампанія, скіраваная на моладзь. У ЕС ёсць чатыры краіны, дзе могуць галасаваць грамадзяне пачынаючы з 16 года жыцця. Гэта таксама мае значэнне. Я маці маладога выбаршчыка. Адзін з чатырох маіх сыноў будзе галасаваць упершыню і для яго гэта выклік. Калі я з ім размаўляю, то бачу, што гэта зусім іншая размова, чым тая, якую я праводзіла са сваімі бацькамі. Таму па гэтай справе, я буду спасылацца таксама на свой асабісты вопыт.
- сказала старшыня Еўрапарламента Раберта Мецола ў размове з брусельскай карэспандэнткай Польскага радыё Бэатай Пламэцкай.
У апошніх выбарах у Еўрапарламент у 2019 годзе ўзялі ўдзел амаль 51 працэнт выбаршчыкаў, то бок грамадзян ЕС з правам голасу – гэта сама высокая яўка за 20 гадоў. У Польшчы прагаласавалі 45,68 працэнта выбаршчыкаў.
аз