- На дадзены момант не плануецца стварэнне польска-беларускай групы, – кажа старшыня праўлення Польскай групы Міжпарламенцкага саюза, Габрыела Мараўска-Станецкая з «Грамадзянскай платформы», піша газета «Rzeczpospolita».
Міжпарламенцкі саюз – шматвяковая міжнародная арганізацыя, створаная ў 1889 годзе. Ён аб'ядноўвае парламентарыяў з 180 краін свету, і важным напрамкам яго дзейнасці зʼяўляецца развіццё двухбаковых кантактаў паміж парламентамі, у тым ліку шляхам стварэння двухбаковых груп.
Напрыклад, у мінулым тэрміне паўнамоцтваў Сейму і Сената такіх груп было каля 80. Новыя ўлады цяпер фарміруюць гэтыя групы. І ўжо вядома, што супрацоўніцтва з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі не будзе.
Праз «пагрозы Польшчы» ў Сейме 10-га склікання не будзе Польска-беларускай групы, што азначае прыкметны паварот, бо такая група была створаная ў 2016 годзе пасля 11-гадовага перапынку. Гэта адбылося дзякуючы намаганням дэпутатаў партыі Kukiz15 і Польскай сялянскай партыі, і прадстаўнікі гэтых партый дамінавалі ў яе складзе.
Напрыканцы паўнамоцтваў Польска-беларуская група налічвала 24 дэпутаты. Пасля выбараў 2019 года ўжо можна было гаварыць пра моду на супрацоўніцтва з Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь. Да групы далучыўся ажно 41 палітык з усіх клубаў (у канцы тэрміну іх было 39), што азначае, што яна колькасна перавысіла, у тым ліку, польска-італьянскую, польска-французскую ці польска-брытанскую групу, піша Rzeczpospolita.
Польска-беларуская група – не адзіная, якая не будзе створаная ў гэтым тэрміне паўнамоцтваў Сейму. Тое самае будзе з польска-іранскай і польска-расійскай групамі. Апошняй няма з 2015 года.
У мінулым Сейме група паціху расла, але пасля агрэсіі супраць Украіны яе дзейнасць была перапыненая нашым рашэннем, – кажа Яўген Чыквін, былы дэпутат «Грамадзянскай платформы» і былы віцэ-старшыня групы ў папярэднім скліканні. На яго думку, нічога б не здарылася, калі б групу ўсё ж такі стварылі.
– Я разумею, што Беларусь супярэчлівая, але на працягу многіх гадоў у нас таксама былі двухбаковыя групы з іншымі аўтарытарнымі краінамі, такімі як Саудаўская Аравія. У мінулым польска-беларуская група займалася сумеснай дзейнасцю па ахове Белавежскай пушчы і пытанням перасячэння мяжы. Гэта яшчэ можна зрабіць, не ўвязваючыся ў геапалітыку, – дадае Чыквін.
ав/Rzeczpospolita