Рух «Вольная Беларусь», заснавальнікамі якога з’яўляюцца Зянон Пазняк і Павал Усаў, падрыхтаваў і апублікаваў адкрыты ліст да ўраду Літоўскай Рэспублікі ў сувязі з супярэчлівай палітыкай у дачыненні да беларусаў.
Аўтары ліста выказваюць «заклапочанасць і абурэнне антыбеларускай палітыкай і антыбеларускай прапагандай, якую праводзяць супраць беларускага народа ў Літве пэўныя сілы, якія могуць быць звязаныя з ўрадам гэтай краіны і ўплываць на яго палітыку».
«Вольная Беларусь» прыводзіць прыклады. Сярод іх: выказванні Гітанаса Наўседы пра Беларусь як пра «яшчэ адну губернію Расіі». Прапагандысцкія ролікі на тэлебачанні, у прыватнасці на TV-3, дзе сцвярджалася, што беларусы могуць быць «гібрыднай зброяй» у руках Лукашэнкі і Пуціна. Памкненні заканадаўча прыраўняць беларусаў, якія ўцякаюць ад рэпрэсіяў, да расіян. Закрыццё межаў.
«Вольная Беларусь» разглядае дыскрымінацыйную дзейнасць літоўскіх уладаў у дачыненні да беларусаў варожай і небяспечнай, гаворыць адзін з аўтараў ліста, палітолаг Павал Усаў:
-Перш за ўсё гэта палітыка, якая адпавядае інтарэсам рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. Стварае атмасферу варожасці. Каб выйсці з гэтай небяспечнай для адносін народаў сітуацыі, мы прапанавалі спыніць міфатворчасць і напады, якія маюць маніпулятыўны характар, у дачыненні да беларусаў. Змяніць дыскрымінацыйны падыход на ўзважлівы, рэальна выкрываць пагрозы, а не ствараць іх. Па-трэцяе, для паляпшэнне сітуацыі і атмасферы ў адносінах мы прапануем арганізаваць сумесную канферэнцыю, дзе можна было б прааналізаваць рэальныя пагрозы для інтарэсаў Літвы. Ці рэальна беларусы ў Літве ствараюць небяспеку. Калі так, то няхай літоўскі бок пакажа доказы. Калі такое ёсць, то выпрацаваць механізмы для вырашэння праблемы. А калі няма, то змяніць цалкам палітыку і падыход.
У адкрытым лісце гаворыцца, што беларусы, якія ўцякаюць ад пераследу і ад рэпрэсій, не з’яўляюцца ворагамі тых краінаў, куды яны вымушаны з’ехаць. У прыклад прыводзіцца Польшча, якая вядзе «разумную і гуманную палітыку ў дачыненні да ўцекачоў, якая па-сяброўску прыняла сотні тысячаў беларускіх палітэмігрантаў і мільёны ўкраінцаў, забяспечыўшы ім і сховы, і працу, і школу, і ўкраінскую мову. Гэта сяброўскі рух, які ўмацоўвае Польшчу, дружбу паміж народамі і польскую дэмакратыю, і які павінен быць прыкладам для іншых краін. На жаль, дзейсная ўлада ў Літве абрала іншы падыход і метад дзейнасці, які падважвае ўласны дэмакратычны выбар».
На што спадзяецца «Вольная Беларусь»?
-Перш за ўсё мы спадзяемся, што будзе рэакцыя з боку апазіцыі. Мы таксама спадзяемся, што пераможа цвярозы падыход. Калі нічога не памяняецца, мы будзем скіроўваць падобныя лісты да еўрапейскіх структур. Паколькі такая палітыка парушае міжнародныя дамовы і прынцыпы Еўрапейскага Саюза. Мы будзем дамагацца, каб еўрапейскія структуры паўплывалі на гэтую сітуацыю.
«Мы спадзяемся, што сённяшняя палітыка Літоўскай дзяржавы, выкліканая не зусім аб’ектыўным аналізам і ацэнкай сітуацыі, будзе спынена, што пераможа здаровы сэнс і добрыя дачыненні між народамі. Мы адчыненыя на дыялог па агульных пытаннях, гатовыя на сумеснае абмеркаванне становішча разам з правячай кансерватыўнай партыяй, сацыял-дэмакратычнай апазіцыяй і з усімі зацікаўленымі асобамі», – чытаем у лісце «Вольнай Беларусі».
ав
слухайце аўдыё