Свет шакаваны смерцю Навальнага. У расійскай калоніі ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе памёр лідар апазіцыі Аляксей Навальны. Прычына смерці афіцыйна пакуль што не ўстаноўленая. На смяротны зыход галоўнага расійскага апазіцыянера адрэагавалі ва ўсім свеце.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Навальны быў забіты расійскім дыктатарам. Украінскі лідар зазначыў, што Пуціну «ўсё роўна, хто загіне».
- Відавочна, што ён быў забіты Пуціным, як і тысячы іншых, закатаваных з-за гэтай адной істоты. Пуціну ўсё роўна, хто загіне, каб толькі ён захаваў свае пазіцыі. Пуцін павінен прайграць, усё страціць і адказваць за свае дзеянні.
У падобным тоне выказаўся канцлер Германіі Олаф Шольц.
- Цяпер мы напэўна ведаем, што гэта за рэжым. Кожны, хто выказвае крытыку, хто змагаецца за дэмакратыю, павінен апасацца за сваю бяспеку і жыццё. Таму мы ўсе вельмі засмучаныя, я з жонкай, уся наша сям’я, сваякі і сябры.
«Пуцін і яго сябры не баяцца нікога больш за людзей, якія не згінаюцца, маюць уласную думку, змагаюцца за свабоду і супраць карупцыі. Такіх як Аляксей Навальны», – так кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен выказалася наконт гібелі апазіцыйнага палітыка ў расійскай турме.
Яна асабіста выказала спачуванні жонцы Аляксея Навальнага Юліі Навальнай, з якой сустрэлася на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.
Прэс-прадстаўнік генеральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык заявіў, што Антоніа Гутэрыш «шакаваны» паведамленнем і запатрабаваў дакладнага расследавання смерці крытыка расійскага рэжыму.
Былы прэзідэнт ЗША Барак Абама напісаў, што «Аляксей Навальны быў бясстрашным абаронцам сваіх перакананняў і памёр, не зламаны тыраніяй, якой ён супрацьстаяў... Ён памёр, няўхільна адстойваючы сваё бачанне лепшай будучыні для сваёй краіны – гэтае бачанне і яго мужны прыклад ніколі не памруць».
У сваю чаргу цяперашні кіраўнік Белага дома Джо Байдэн, абвінаваціўшы «Пуціна і яго галаварэзаў», назваў смерць Навальнага яшчэ адной падставай аказаць ціск на Кангрэс, каб ён даў больш дапамогі Украіне, якая змагаецца з «жорсткімі атакамі і ваеннымі злачынствамі» Пуціна.
Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак назваў тое, што здарылася, вялізнай трагедыяй. «Будучы самым заўзятым абаронцам расійскай дэмакратыі, Аляксей Навальны на працягу ўсяго свайго жыцця дэманстраваў неверагодную мужнасць», – напісаў брытанскі прэм’ер.
Еўрапейскі Саюз усклаў адказнасць за смерць Навальнага на Расію. «Аляксей Навальны змагаўся за каштоўнасці свабоды і дэмакратыі. Дзеля сваіх ідэалаў ён прынёс вышэйшую ахвяру. ЕС ускладае на расійскі рэжым персанальную адказнасць за гэтую трагічную смерць», – заявіў кіраўнік Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.
Паводле слоў генеральнага сакратара НАТА Енса Столтэнберга, усе факты вакол смерці Навальнага павінны быць устаноўленыя, а «Расія павінна адказаць на сурʼёзныя пытанні».
Праз тры дні пасля смерці Аляксея Навальнага да грамадзян Расіі звярнулася жонка палітыка Юлія. Яна зрабіла гэта за пасярэдніцтвам YouTube-каналу свайго мужа.
Юлія Навальная PAP/EPA/ALESSANDRO DI MEO
- Мяне не павінна было быць на гэтым месцы, я не павінна была запісваць гэтае відэа. На маім месцы павінен быць іншы чалавек, але гэтага чалавека забіў Уладзімір Пуцін тры дні таму. Тры дні таму Уладзімір Пуцін забіў майго мужа Аляксея Навальнага, бацьку маіх дзяцей – ён забраў самае дарагое, што ў мяне было – самага блізкага і самага любімага чалавека. Але яшчэ Пуцін забраў Навальнага ў вас, недзе ў калоніі на крайняй поўначы, за палярным кругам, у вечнай зіме. Пуцін забіў не проста чалавека Аляксея Навальнага, ён разам з ім захацеў забіць нашы надзеі.
Юлія Навальная ў сваім звароце падкрэсліла, што працягне справу свайго мужа.
Маці Аляксея Навальнага і адвакату, якія прыехалі раніцай у панядзелак у морг Салехарда, не выдалі цела палітыка. Спецыялісты-медыкі, з якімі паразмаўляла Бі-бі-сі, мяркуюць, што чым даўжэй расійскія ўлады цягнуць з ускрыццём цела Навальнага, тым менш верагоднай уяўляецца версія аб яго смерці ад натуральных прычын.
У Следчым камітэце Расіі сказалі, што праверку смерці Навальнага прадоўжылі. «Колькі яшчэ яна будзе ісці – невядома. Прычына смерці па-ранейшаму не ўстаноўленая», – паведамілі ў камітэце.
вс
слухайце аўдыёфайл