Беларуская Служба

Аўтар кнігі пра С. Ціханоўскую: Яна мае фундаментальнае значэнне для суб’ектнасці дэмакратычнага руху

21.02.2024 14:02
За тры з паловай гады пасля прэзідэнцкіх выбараў, лідарка дэмакратычнай Беларусі прайшла доўгі шлях.
Аўдыё
  • Руслан Шошын верыць, што Святлана Ціханоўская мае палітычную будучыню.
     .    Lodołamaczka ().
Руслан Шошын напісаў кнігу пра С. Ціханоўскую пад назваю "Lodołamaczka" (Ледаколка).Фота: БСПР/нг

У Варшаве адбылася дыскусія, прысвечаная палітычнай будучыні Святланы Ціханоўскай ды яе ролі ў паслявыбарчых працэсах. За тры з паловай гады пасля прэзідэнцкіх выбараў, лідарка дэмакратычнай Беларусі прайшла доўгі шлях. Ад чалавека, які зусім не быў звязаны з палітыкай, а нават грамадскай дзейнасцю, да прызнанай ва ўсім свеце прадстаўніцы беларускага народа, з якой сустракаюцца магутнейшыя палітыкі розных дзяржаў. 

Пра палітычную будучыню Святланы Ціханоўскай разважаў у Варшаве аўтар кнігі пра беларускую дэмакратычную лідарку, журналіст польскага выдання Rzeczpospolita Руслан Шошын. На ягоную думку, той Ціханоўскай, якую мы бачылі чатыры гады таму, ужо няма. Яна стала зусім іншым чалавекам. Цяпер гэта сімвал, які нагадвае ўсяму свету пра цяжкі лёс беларусаў, пра рэпрэсіі і палітвязняў у беларускіх турмах. Вельмі хацелася б, каб яна адыграла станоўчую ролю ў будучай беларускай палітыцы, – кажа Руслан Шошын.

- Хочацца верыць, што гэта будзе пазітыўная будучыня. Святлана Ціханоўская мае фундаментальнае значэнне для суб’ектнасці дэмакратычнага руху і прадстаўніцтва беларускага голасу за мяжой. У Беларусі цяпер адбываюцца дрэнныя рэчы, рэпрэсіі, таму, калі гэты голас прападзе, беларусы застануцца сам-насам з дыктатурай. Святлана Ціханоўская, я думаю, адыграе ролю пераходнага лідара, які прывядзе Беларусь да дэмакратыі. Калі гэта будзе, мы не ведаем, але хацелася б у гэта верыць. Дагэтуль не было ніводнага прозвішча, якое магло прэтэндаваць на такую функцыю.

Таццяна Малашчанка з Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі адзначае, што сітуацыя ў Беларусі зусім не паляпшаецца, наадварот, становіцца ўсё горшай, надоечы стала вядома пра смерць чарговага палітвязня – Ігара Ледніка. Таму можна па-рознаму ацэньваць ролю Святланы Ціханоўскай у палітыцы і яе эфектыўнасць.

- Ёсць шмат спрэчнасцяў. У беларускай вязніцы забілі яшчэ аднаго чалавека. Гэта больш важнае для нас пытанне, а пытанне кабінета Святланы Ціханоўскай – даўно ўжо не першаснае. Але мы разумеем яе трагічную сітуацыю, што прычына таго, што яна стала палітыкам, тыповая для многіх беларусаў – гэта наша агульная трагедыя.

Яшчэ далей ідзе ў сваіх меркаваннях эміграцыйны палітык і грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык. На ягоную думку, Святлана Ціханоўская адыграла выключна негатыўную ролю ў беларускай палітыцы, стала марыянеткай Крамля.

- У 2020 годзе важнейшым пытаннем была інтэграцыя (з Расіяй), стаўкі былі вельмі высокія. Гэта быў чарговы выбарчы фарс. Лукашэнка далей пры ўладзе, ён скансалідаваў вакол сябе сілавыя структуры. Ад выбарчага фарса выйграла Масква, выйграла КНР, прайграў беларускі народ.

На сустрэчы прысутнічалі не толькі беларусы, але таксама прадстаўнікі расійскай апазіцыі. Яны пакорліва слухалі гутарку па-беларуску, і не прасілі перайсці на расійскую мову. У дыскусіі яны згадалі апошнія трагічныя падзеі – смерць у расійскай калоніі Аляксея Навальнага, падабенства лёсаў прадстаўнікоў беларускай і расійскай апазіцыі. Гучныя прозвішчы, як Навальны, выклікаюць рэзананс па ўсім свеце, хаця ў беларускіх турмах таксама гінуць палітвязні. І параўноўвалі Святлану Ціханоўскую з Юліяй Навальнай, якая заявіла, што будзе працягваць справу мужа. Аднак у Юліі няма народнага мандату, а Ціханоўская на свеце лічыцца абраным прэзідэнтам Беларусі. Такой асобы ў расійскай апазіцыі няма, – гаворыць былы дэпутат расійскай Дзяржаўнай думы Ілля Панамароў, які шкадуе, што няма блізкай супрацы паміж беларускай і расійскай апазіцыяй.

- Ёсць элемент здаровай зайздрасці, што ёсць чалавек, які мае народны мандат. Гэта вялізны козыр у руках беларускай апазіцыі. Хаця, мне здаецца, што зрабіць можна было значна больш. Вельмі шкада, што мы не супрацоўнічаем – беларуская і расійская апазіцыя, паколькі, маім меркаваннем, шлях да беларускай свабоды праходзіць праз Маскву.

Дыскусія, прысвечаная ролі Святланы Ціханоўскай у беларускай палітыцы адбылася ў варшаўскай Вітрыне Усходняга Дома (Witryna Domu Wschodniego). Пляцоўка па аўторках ладзіць мерапрыемствы, прысвечаныя беларускім пытанням.

нг