Беларуская Служба

Тое, што адбываецца на пратэстах фермераў, – гэта катастрофа для іміджу Польшчы

21.02.2024 14:36
Фотаздымкі з акцыі пратэстаў аграрыяў, якія высыпаюць украінскае збожжа на мяжы, гэта выдатны падарунак для крамлёўскай прапаганды.
Пратэст фермэраў на чыгуначным памежным пераходзе з Украінай у МедыцыPAP/Darek Delmanowicz

Нельга дазволіць і цень падазрэнняў, што польскія ўлады падтрымліваюць такія дзеянні пратэстоўцаў, чытаем у каментарыі газеты Rzeczpospolita.

Аўтар каментарыя Міхал Шулджыньскі нагадаў, што некалькі дзён таму прэм'ер-міністр Дональд Туск на сустрэчы з выбаршчыкамі казаў, што нельга дапусціць, каб «рашэнні адносна Украіны» і «Зялёнага ладу» ЕС (Green Deal) «непасрэдна шкодзілі інтарэсам тысяч фермераў у Польшчы і Еўропе».

Таксама раней, падчас выбарчай кампаніі і перад уступленнем на пасаду, сённяшні прэмʼер гаварыў, што разумее фермераў, чыя вытворчасць стала менш рэнтабельнай у выніку імпарту велізарных абʼёмаў сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны ў Польшчу. Туск абвінавачваў тады ўрад ПіС у бяздзейнасці, якая спачатку прывяла да сельскагаспадарчых хваляванняў, а ў канчатковым выніку да блакады мяжы.

Пакуль партыя «Права і справядлівасць» была ва ўладзе, апазіцыі было нашмат прасцей.

Разам з набліжэннем выбарчай кампаніі – урад ПіС, які раней вельмі імкнуўся дапамагаць Кіеву, пачаў мадыфікаваць сваю пазіцыю з улікам усё больш скептычных адносін да Украіны з боку сваіх выбаршчыкаў. Зʼявіліся заявы аб спыненні паставак зброі, заклікі блакаваць імпарт украінскай прадукцыі і г. д. Апазіцыя крытыкавала ўладу, і гэта было правільна.

Высыпанне збожжа на рэйкі падчас акцыі пратэсту шкодзіць іміджу Польшчы

Але сёння поўную адказнасць за сітуацыю ў краіне нясе ўрад Дональда Туска. Вядома, усе праблемы нельга вырашыць за адну ноч. Але таксама трэба сказаць, што сітуацыя абвастраецца. Асабліва, калі аграрыі высыпаюць на рэйкі ўкраінскае збожжа. І калі пратэстоўцы выкарыстоўваюць ненавісныя антыўкраінскія плакаты (некаторыя з іх нават прарасійскія, напрыклад, «Пуцін, разбярыся з Украінай, Бруселем і нашымі кіраўнікамі»). Фота з мяжы абляцелі сусветныя агенцтвы. Гэта катастрафічна для Польшчы па многіх прычынах. Знішчаць ежу вельмі неэтычна. Калі ў свеце голад, высыпаць украінскую пшаніцу на зямлю – маральнае злачынства.

Акрамя таго, напярэдадні другой гадавіны расійскай агрэсіі супраць Украіны свет убачыў польскіх фермераў, якія знішчаюць збожжа краіны, якая ваюе з Расіяй. Лепшага для крамлёўскай прапаганды быць не можа.

І гэта таксама не зʼяўляецца добрым сведчаннем, бо аднавіць імідж краіны ў свеце было адным з абяцанняў цяперашняга ўраду.

Прэзідэнт Украіны кажа пра «здзек», амбасадар – пра «ганьбу»

Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і рэакцыяй Украіны. У панядзелак прэзідэнт Уладзімір Зяленскі напісаў пра «здзекі» на польскай мяжы. Амбасадар Украіны ў Варшаве Васіль Зварыч назваў «ганьбай» высыпанне ўкраінскага збожжа на дарогу і на рэйкі.

Польскія аграрыі патрабуюць спыніць «Зялёны лад», еўрапейскую кліматычную палітыку для сельскай гаспадаркі, і закрыць мяжу для сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны. Аднак партыя Дональда Туска падтрымлівае кліматычную палітыку ЕС. Увядзенне эмбарга ўдарыла б і па польскіх экспарцёрах, бо такім жа чынам адказала б Украіна. І што яшчэ горш, гэта радыкальна сапсавала б адносіны з Кіевам. Дарэчы, аказалася б, што ў гэтым пытанні новы польскі ўрад не надта адрозніваецца ад дзеянняў ураду ПіС.

Прыйшоў час спыніць гэтую спіраль. Урад Дональда Туска больш не можа вінаваціць сваіх папярэднікаў. І не можа ствараць нават ценю падазрэнняў, што ўлады падтрымліваюць небяспечныя для Польшчы дзеянні пратэстоўцаў – піша Міхал Шулджыньскі ў Rzeczpospolita.

яс