Беларуская Служба

Расійскія агенты могуць падбухторваць фермераў у Польшчы да пратэстаў?

22.02.2024 10:36
Аб гэтым могуць сведчыць антыўкраінскія лозунгі, якія з'явіліся падчас фермерскіх пратэстаў.
   .
Пратэсты фермераў у Польшчы.Фота: PAP/Jakub Kaczmarczyk

Расійская агентура можа выкарыстоўваць у сваіх мэтах пратэсты фермераў у Польшчы, аб чым папярэджвае МЗС краіны, – чытаем у выданні Forsal.pl. «Міністэрства замежных спраў з асаблівай заклапочанасцю адзначае з'яўленне антыўкраінскіх лозунгаў і меркаванняў, якія ўсхваляюць Уладзіміра Пуціна і яго вайну», – гаворыцца ў паведамленні МЗС.

У міністэрстве адзначаюць, што такія дзеянні значна псуюць імідж Польшчы – краіны, якая першай дапамагла Украіне пасля нападзення, і палякаў, якія масава прымалі ўкраінскіх уцекачоў. «Што важна, яны таксама дыскрэдытуюць саміх арганізатараў пратэсту», – дадае МЗС.

«Мы ацэньваем, што гэта спроба захопу фермерскага руху пратэсту экстрэмісцкімі і безадказнымі групамі, магчыма, пад уплывам расійскіх агентаў», – заявілі ў МЗС. «Мы заклікаем арганізатараў пратэстаў выявіць і ліквідаваць са свайго руху нешматлікіх ініцыятараў такіх і падобных дзеянняў, у імя польскага дзяржаўнага інтарэсу і магчымасці рэалізаваць патрабаванні, якія ў значнай ступені слушныя», – чытаем у заяве.

Міністэрства замежных справаў падкрэслівае, што цяжкая сітуацыя польскіх фермераў з’яўляецца вынікам агрэсіі Расіі супраць Украіны і яе ўплыву на сусветную эканоміку, а не таму, што ўкраінцы абараняюцца ад захопнікаў.

Надоечы ў СМІ зʼявіліся фатаграфіі з акцыі пратэсту фермераў. На здымках быў, між іншым, трактар са сцягам СССР і транспарантам з надпісам «Пуцін, навядзі парадак з Украінай, Бруселем і нашымі кіраўнікамі». Фермеры пратэстуюць, у прыватнасці, супраць еўрапейскай праграмы «Зялёны парадак» і імпарту збожжа з Украіны.

нг