ЗША перададуць эстонцам грошы, канфіскаваныя ў расійскай злачыннай групы. Дзякуючы гэтаму яны прафінансуюць некалькі рамонтаў украінскай энергасеткі. Гаворка ідзе пра 500 тысяч долараў. Хоць з улікам украінскіх патрэб гэта сімвалічная сума, то сімвалічна таксама і тое, што гэта будуць першыя грошы, забраныя ў расіян, якія дапамогуць у аднаўленні Украіны, нагадвае Rzeczpospolita.
Рашэнне аб перадачы расійскіх сродкаў у мінулую суботу падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы абвясціла Міністэрства юстыцыі ЗША. Праз створаную для гэтага групу спецыялістаў Klepto Capture удалося выйсці на след расійскай злачыннай групы, якая займалася пасярэдніцтвам пры экспарце ў Расію амерыканскіх тавараў, якія трапілі пад санкцыі, у тым ліку, неабходных для вытворчасці зброі.
Эстонія ўваходзіць у лік краін, якія аказваюць найбольшы ціск на міжнародную супольнасць з патрабаваннем выкарыстаць на патрэбы Украіны 150 мільярдаў еўра расійскага капіталу, замарожанага ў краінах ЕС і гэта яшчэ да канца гэтага года. Чаму такая спешка? На думку эстонцаў, лепш за ўсё зрабіць гэта да магчымага пераняцця ўлады ў ЗША Дональдам Трампам, якога каментары адносна НАТА і Расіі выклікалі трывогу міжнароднай супольнасці.
Дагэтуль група G7, то бок найбагацейшыя краіны свету, замарозіла на расійскіх рахунках 250 мільярдаў еўра, якія належаць расійскаму нацбанку. На думку некаторых урадаў, можна было б перадаць украінцам хаця б прыбытак ад працэнтаў з гэтага капіталу.
Аднак ёсць і крытыкі гэтага рашэння, у тым ліку немцы і французы, якія спасылаюцца на дзеючыя міжнародныя правілы. На іх думку, такі крок можа пагражаць стабільнасці еўра.
Гэта не мяняе таго факту, што міжнародная супольнасць згодная з тым, што гэта расіяне павінны ўзяць на сябе асноўныя намаганні па аднаўленні разбурэнняў ва Украіне, да якіх самі давялі. У сваю чаргу эстонцы ўжо заявілі, што грошы, якія расіяне трымаюць у іх краіне, пойдуць на падтрымку Украіны.
Расія папярэджвае перад такім крокам. Паводле расійскага боку, любое рашэнне адносна расійскіх актываў прывядзе да рашучага адказу з боку Расіі.
аз