Выданне Polska пагутарыла з былым камандзірам польскіх сухапутных войскаў генералам Вальдэмарам Скшыпчакам. Ён кажа:
«Я моцна верыў ва Украіну. Тым часам украінскія эліты давялі да сітуацыі, у якой украінцы, напэўна, у гэтай вайне не перамогуць. Гэта страшна сумна. Горы салдацкіх ахвяр мяне ў гэтым перакананні ўмацоўваюць».
Генерал Скшыпчак таксама мяркуе, што ўкраінцы не змогуць вярнуць страчаныя тэрыторыі.
«Ва Украіны няма ваеннага патэнцыялу, а іншым спосабам яна не верне гэтых тэрыторый пакуль жывы Пуцін. Мы можам даць ім 100 млн боепрыпасаў, 5 тысяч танкаў, але ў іх няма людзей. Хто будзе ваяваць за Украіну? Я з мая мінулага года гавару якім чынам можна папоўніць армію. Сабатаж гэтай справы адбываецца ў самым Кіеве».
Генерал Скшыпчак прагназуе, што Пуцін абвесціць заканчэнне «спецаперацыі» напярэдадні або ў дзень выбараў у Расіі, на якіх ён будзе пераабраны прэзідэнтам РФ.
Раз'яднанасць украінскага народу
Пра раз'яднанасць украінскага народу пасля двух гадоў змагання піша ў выданні Gazeta Wyborcza ўкраінская публіцыстка Леся Вакулюк.
«Напрыклад, у студзені дарадца кіраўніка Офіса Прэзідэнта Сяргей Лешчанка ў інтэрвʼю швейцарскаму выданню заклікаў краіны ЕС скарачаць дапамогу для ўкраінскіх уцекачоў, каб яны хутчэй вярнуліся ва Украіну, што павінна палепшыць эканамічнае становішча. У той жа час Даніла Гетманцаў з кіроўнай партыі «Слуга народу» напісаў у маёмаснай дэкларацыі пра кватэру плошчаю 142 метры ў Францыі, якая зʼяўляецца часовым месцам пражывання ягонай жонкі і дзяцей».
Леся Вакулюк таксама піша пра тое, што ўкраінскія чыноўнікі не хочуць размаўляць з украінскімі журналістамі.
Ужо два гады журналістам забаронены ўваход у Вярхоўную раду і няма магчымасці звяртацца да дэпутатаў у кулуарах. Нібыта з меркаванняў бяспекі. Вакулюк расказвае, што калі журналіст раскрые факты аб злоўжываннях палітыкаў, яго адразу чакаюць рэпрэсіі. Прыкладам, журналіст Юрый Нікалаў выявіў, што міністр абароны Украіны закупляў яйкі для арміі ў 300 разоў даражэй за рынкавую цану. У выніку Юрыя хутка наведалі невядомыя мужчыны. Вакулюк піша, што за журналістамі-расследвальнікамі на працягу года назіралі 30 супрацоўнікаў Службы бяспекі Украіны.
Песымізм і надзея
У сваю чаргу польскі аналітык Анджэй Любоўскі ў гэтай жа Gazeta Wyborcza піша: «Пуцін сёння мацней верыць у тое, што час ідзе яму на карысць, што зможа замучыць Украіну, а падтрымка Захаду для Украіны размываецца. Тыя ж амерыканскія палітыкі, якія ў снежні 2022 прымалі Зяленскага ў Кангрэсе авацыямі, сёння пакідаюць яго сам насам з вайною. Без рашучай падтрымкі дэмакратычнага свету для Украіны немагчыма будзе нават захаваць цяперашнюю тэрыторыю».
Аднак на заканчэнне Анджэй Любоўскі пакідае цень надзеі, прыводзячы словы галандскага адмірала Роба Баўэра, які сказаў «Калі б у 1942 годзе запыталі ў Еўропе «Як вайна?» – я не думаю, што знайшлося б шмат аптымістаў. Аднак мы перамаглі».
яс