Беларуская Служба

Польшча актывізуе сваю замежную палітыку

27.02.2024 17:37
На днях міністр Сікорскі вывеў на чыстую ваду расійскага пасла, а сёння прэм’ер Туск пераконваў партнёраў да адзінай пазіцыі адносна дапамогі Украіне.
Аўдыё
  • Польшча актывізуе сваю замежную палітыку
-       . , 27  2024
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск на сустрэчы Вышаградскай групы. Прага, 27 лютага 2024 года PAP/Radek Pietruszka

Польшча актывізуе сваю замежную палітыку. На днях выступленне міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага ў ААН стала адной з важных навін не толькі ў польскіх, але і сусветных СМІ. Сёння ж прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск у чэшскай Празе сустракаецца з кіраўнікамі ўрадаў Вышаградскай групы. На спатканні разглядаюцца ў тым ліку пытанні розніцаў у поглядах на важнейшыя еўрапейскія справы сярод членаў арганізацыі.

На пасяджэнні Рады бяспекі Арганізацыі аб'яднаных нацый пастаяннаму прадстаўніку Расіі ў ААН Васілю Нябензе адказаў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Кіраўнік польскага знешнепалітычнага ведамства вядомы сваімі рэзкімі выказваннямі. На гэты раз Сікорскі таксама выкарыстаў свой сарказм, па пунктах скрытыкаваўшы расійскага пасла.

- Я здзіўлены тонам і зместам выступлення расійскага пасла. Я падумаў, што варта паправіць тое, што ён сказаў. Пасол Нябензя назваў Кіеў кліентам Захаду. Насамрэч Кіеў змагаецца за сваю незалежнасць. Ён назваў украінскі ўрад крымінальным. Але я звярну ўвагу, што ва Украіне – дэмакратычна выбраны ўрад. Ён называе іх нацыстамі... Аднак прэзідэнт Украіны – яўрэй, а міністр абароны – мусульманін, і ў іх няма палітвязняў. Ён кажа, што Украіна патанула ў карупцыі. Што ж, Аляксей Навальны задакументаваў, наколькі чыстая і празрыстая Расія.

Ён абвінавачвае ЗША ў неакаланіялізме. Аднак гэта не ЗША, а Расія менавіта спрабавала знішчыць Украіну ў ХІХ стагоддзі, пасля тое ж самае спрабавалі рабіць бальшавікі, а зараз мы назіраем трэцюю спробу.

Расія абвінавачвае ўсіх у «русафобіі», але страх перад Расіяй не ірацыянальны.

Расія абвінавачвае нас у тым, што нас «ахапіла русафобія», але фобія – гэта ірацыянальны страх. Тым часам былы прэзідэнт Расіі і пуцінскія прапагандысты амаль штодня пагражаюць нам ядзерным апакаліпсісам. Расія сама пагражае нам знішчэннем, вы хочаце, каб мы гэтаму не верылі?

Ён сказаў нават пра тое, што Польшча напала на Расію падчас Другой сусветнай вайны. Што ён гаворыць? Гэта Савецкі Саюз напаў на Польшчу разам з нацысцкай Германіяй 17 верасня 1939 года. Яны нават арганізавалі сумесны парад перамогі 22 верасня. Ён кажа, што Расія заўсёды толькі супраціўлялася агрэсіі. Тады што рабілі расійскія войскі каля Варшавы ў верасні 1920 года? Былі на тапаграфічнай экскурсіі? У рэальнасці на адно ўварванне ў Расію прыпадае дзесяць яе ўварванняў у іншыя краіны.

Ён кажа, што ва Украіне ідзе вайна на замову Захаду. Я раю вам: не трапляйце ў пастку, расстаўленую Захадам, выведзіце свае войскі за міжнародна прызнаныя межы.

І нарэшце ён кажа: «Мы спрабуем пераканаць Захад, што Расію нельга перамагчы». Расія не выйграла Крымскай вайны, не выйграла расійска-японскай вайны, не выйграла Першай сусветнай вайны, не выйграла бітвы за Варшаву. Яна не перамагла ў Афганістане і не выйграла халоднай вайны. Але ва ўсім тым быў і пазітыў: пасля кожнай паразы ў Расіі праводзіліся рэформы.

Сказаў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі на пасяджэнні Рады бяспекі ААН. Яго словы шырока каментавалі не толькі ў польскіх, але і замежных СМІ. Сікорскі пункт па пункце звярнуў увагу на маніпуляцыю і прамую хлусню прадстаўніка Крамля.

Тым часам у Празе адбываецца сустрэча прэмʼер-міністраў Вышаградскай групы. Кіраўнік Кабінету міністраў Польшчы Дональд Туск мяркуе, што тэстам на эфектыўнасць арганізацыі зʼяўляецца супраца членаў групы ў рамках Еўрапейскага Саюзу. На супольнай прэс-канферэнцыі Туск звярнуў увагу на тое, што было матывам для стварэння групы – гэта спроба вызваліцца з-пад савецкага і расійскага ўплыву.

- У актуальных умовах мы павінны навучыцца разам вырашаць свае агульныя інтарэсы. Тое, што запісана ў дакументах аб стварэнні Вышаградскай групы, павінна мець прымяненне ў супольнай палітыцы адносна Украіны. Як вядома, у нас – розныя падыходы, сёння мы пра гэта размаўлялі – пра супольную падтрымку Украіны, якая стала абʼектам расійскага нападу.

Асноўная тэма перамоў прэм’ераў Вышаградскай групы – гэта міграцыя і энергетыка, але прэмʼер-міністры таксама абмеркавалі пытанні, у якіх Варшава, Прага, Будапешт і Браціслава разыходзяцца ў сваіх поглядах. Гаворка ідзе пра падтрымку Украіны і палітыку ЕС у дачыненні да Расіі. Не сакрэт, што Славакія, і асабліва Венгрыя, часта маюць антыўкраінскія і прарасійскія погляды.

Вышаградская група была створаная ў 1991 годзе Чэхаславакіяй, Венгрыяй і Польшчай. Пасля таго, як Славакія і Чэхія сталі самастойнымі краінамі, група налічвае чатырох членаў. У апошні час назіраюцца розніцы ў падыходзе членскіх краін у пытанні важных міжнародных спраў, і перш за ўсё адносна вайны ва Украіне і расійскай агрэсіі.

вс

слухайце аўдыёфайл