Група беларускіх дысідэнтаў заяўляе, што рыхтуе замах на аўтарытарнага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку, які павінен быць пакараны «ў адпаведным часе», піша Politico.
Арганізацыя былых беларускіх сілавікоў ByPol, якая дзейнічае ў Польшчы, навучае афіцэраў і праводзіць дыверсійныя дзеянні ва Украіне, рыхтуючыся да дзяржаўнага перавароту супраць рэжыму ў Мінску. Пра гэта распавёў ейны прадстаўнік былы падпалкоўнік МУС Беларусі Аляксандр Азараў.
Паводле яго, план распрацаваны і будзе рэалізаваны ў адпаведным часе. Аднак, на думку Азарава, параза Пуціна ва Украіне неабходная для аслаблення рэжыму Лукашэнкі. «Без Пуціна няма Лукашэнкі», – лічыць Аляксандр Азараў.
Ён таксама паведаміў, што група здзяйсняла дыверсійныя дзеянні супраць Расіі, спрабуючы дапамагчы Кіеву ў вайне. У тым ліку, у лютым 2023 года арганізацыя ўзяла на сябе адказнасць за атаку беспілотніка, які сур'ёзна пашкодзіў расійскі вайсковы самалёт пад Мінскам.
Былы супрацоўнік беларускіх спецслужбаў паясніў, што звольніўся з працы ў МУС пасля таго, як «стаў сведкам фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і жорсткага разгону мірных пратэстаў». Ён з’ехаў спачатку ва Украіну, а пазней у Польшчу, адкуль кіруе ініцыятывай ByPol.
Нагадваем, 15 лютага беларускі суд завочна прызнаў Аляксандра Азарава – разам з пяццю іншымі былымі супрацоўнікамі праваахоўных органаў – вінаватымі ў «распальванні сацыяльнай варожасці, змове з мэтай захопу ўлады і стварэнні экстрэмісцкай групоўкі».
Азараў атрымаў самы жорсткі прысуд – 25 гадоў пазбаўлення волі і буйны штраф.
аз