Беларуская Служба

Стала вядома, хто мае найбольшыя шанцы заняць пасаду прэзідэнта Польшчы

05.03.2024 18:03
Актуальны прэзідэнт Анджэй Дуда не можа высунуць сваёй кандыдатуры, паколькі, згодна з Канстытуцыяй Польшчы, гэтую пасаду можна займаць толькі двойчы.
Палац прэзідэнта Польшчы ў Варшаве Shutterstock/trabantos

Калі б прэзідэнцкі выбары ў Польшчы адбыліся цяпер, то найбольшыя шанцы на перамогу мае мэр Варшавы, прадстаўнік права-цэнтрысцкай партыі «Грамадзянская платформа» Рафал Тшаскоўскі. За яго гатовыя прагаласаваць 30,8% рэспандэнтаў, паведамляе партал Onet, які замовіў апытанне грамадскай думкі. На другім месцы – кандыдат кансерватыўна-каталіцкай партыі «Права і справядлівасць», былы прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. Ён можа заручыцца падтрымкай 25,9% удзельнікаў апытання.

Трэцяе месца з падтрымкай у 23,1% заняў Шыман Галоўня – старшыня Сейму Польшчы, былы журналіст, заснавальнік ліберальна-цэнтрысцкай партыі «Польшча 2050». На чацвёртым месцы – прадстаўнік нацыяналістаў Кшыштаф Босак (8%), а на пятым – сацыял-дэмакрат Роберт Бедрань (7,7%).

Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы пройдуць у будучым годзе. Актуальны кіраўнік дзяржавы Анджэй Дуда не можа высунуць сваёй кандыдатуры, паколькі, згодна з Канстытуцыяй Польшчы, пасаду прэзідэнта краіны можна займаць толькі двойчы. Цяпер Дуда выконвае другі тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.

вс