Паводле апошняй справаздачы заходніх спецслужбаў, апублікаванай амерыканскім выданнем Politico, расійская выведка выкарыстоўвае сербскага палітыка і прафсаюзнага дзеяча Новіцу Анціча для пранікнення ў інстытуты ЕС і распаўсюджвання пракрамлёўскай прапаганды аб вайне супраць Украіны і робіць гэта даволі эфектыўна.
У кастрычніку 2023 года грамадзянін Сербіі, актыўны і свядомы агент расійскай ФСБ Новіца Анціч правёў у Бруселі сустрэчы з еўрапейскімі чыноўнікамі, у тым ліку з дэпутатамі Еўрапарламента.
Сярод палітыкаў, якія сустрэліся з сербам, былі: нямецкая дэпутатка ад Партыі зялёных Віёла фон Крамон-Таўбадэль, італьянскі дэпутат ад «Групы прагрэсіўнага альянсу сацыялістаў і дэмакратаў» Алесандра Марэці і прадстаўнік Славакіі ад групы Еўрапейскай народнай партыі Уладзімір Більчык.
Новіца Анціч, які з’яўляецца кіраўніком Сербскага ваеннага прафсаюза, таксама сустрэўся з прадстаўнікамі арганізацый, якія прадстаўляюць персанал узброеных сіл і работнікаў дзяржаўнай службы ў Еўрасаюзе (EUROMIL i EPSU).
Прадстаўнікі згаданых арганізацый, паясняюць, што адзінай тэмай размоваў былі правы прафсаюзаў.
Паводле інфармацыі заходніх спецслужбаў, Расія разглядае Сербію, як стартавую пляцоўку для аперацыяў, накіраваных на паслабленне праеўрапейскіх і пранатаўскіх настрояў у краіне, а таксама ў Еўрасаюзе.
Паводле выдання, Новіца Анціч выкарыстаў сваю ролю кіраўніка Сербскага ваеннага прафсаюза, каб крытыкаваць прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча і высокапастаўленых членаў узброеных сіл краіны.
Інфармацыя пра тое, што Новіца Анціч браў удзел у сустрэчах у Еўрапарламенце, звяртае ўвагу на ўразлівасць гэтага органа да дзеянняў агентаў і спецслужбаў.
Нагадваем, надоечы Politico паведамляла пра шпіёнскае праграмнае забеспячэнне выяўленае на тэлефонах двух чыноўнікаў Еўрапарламента, у тым ліку былога міністра па еўрапейскіх справах Францыі Наталі Луазо.
аз