Нямецкая контрвыведка высвятляе, ці расіяне сапраўды праслухоўваюць размовы афіцэраў Бундэсвера. На апублікаваным крамлёўскай прапагандай запісе, афіцэры ВПС Германіі абмяркоўваюць магчымае выкарыстанне крылатых ракет Taurus. Тэму працягвае карэспандэнт Польскага радыё Адам Гурчэўскі:
- Прэс-сакратар ваеннай контрвыведкі заявіла, што былі прымененыя ўсе магчымыя сродкі, каб праверыць, ці магчымае маштабнае праслухоўванне ў ВПС. Апублікаваны расіянамі запіс – гэта адзін відэазванoк, паводле экспертаў – сапраўдны. Верагодна размова адбылася 19 лютага праз прыкладанне дыстанцыйнай сувязі WebEx і гэта, на думку спецыялістаў, магло паспрыяць перахопу. Акрамя таго, адзін з чатырох афіцэраў у гэты час знаходзіўся ў Азіі. Контрвыведка не каментуе зместу размовы, падчас якой афіцэры абмяняліся меркаваннямі на конт ракетаў Taurus, якіх Германія не хоча прадаставіць Украіне. З размовы вынікае, што нават калі б Германія перадала ракеты Taurus украінцам, то іх было б не больш за сотню, а першы транш – паўсотні адзінак – быў бы гатовы праз некалькі месяцаў. Афіцэры таксама кажуць, што для знішчэння моста, які злучае Расію з Крымам, спатрэбіцца дваццаць ракет, але дакладных дадзеных аб расійскай сістэме абароны моста няма. У размове таксама гаворка ідзе пра хаўрусніцкія войскі.
IAR/аз