Беларуская Служба

Анджэй Дуда завіў, што падчас візіту змог пераканаць ЗША ў неабходнасці спыніць агрэсію Расіі ва Украіне

13.03.2024 11:54
Сярод канкрэтных спраў – прапанова крэдыту і сучаснае ўзбраенне. Сярод дэкларацый – запэўніванне, што НАТА падтрымае ў выпадку пагрозы.
Аўдыё
 ,  ,       .
Анджэй Дуда, Джо Байдэн, Дональд Туск падчас сустрэчы ў Белым доме.twitter.com/POTUS

Адбылася сустрэча прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з прэм'ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам і прэзідэнтам Анджэем Дудам. Лідары абмеркавалі важныя актуальныя пытанні, звязаныя з будучыняй НАТА і Украіны. Сярод канкрэтных спраў – прапанова крэдыту для Польшчы і сучаснае ўзбраенне. Сярод дэкларацый – запэўніванне, што НАТА падтрымае ў выпадку пагрозы.

Прэмʼер-міністр Дональд Туск выказаў надзею, што ініцыятыва прэзідэнта Анджэя Дуды аб павелічэнні выдаткаў краін НАТА на абарону да 3 працэнтаў ВУП паспрыяе большай мабілізацыі краін Альянсу ў гэтым пытанні. Пра гэта прэмʼер-міністр заявіў на брыфінгу ў Вашынгтоне. На ягоную думку, абавязальніцтва краін НАТА выдзяляць на гэтыя мэты два працэнты ВУП неадпаведнае сучаснай міжнароднай сітуацыі.

Прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што візіт польскай дэлегацыі ў Белы дом зʼяўляецца надзвычай сімвалічнай і важнай гістарычнай падзеяй. Сярод абмеркаваных тэмаў былі верталёты Apache для польскага войска і крэдыт на 2 мільярды долараў на ваенныя мэты. «Былі зробленыя чарговыя заявы ЗША адносна нашай бяспекі», – сказаў прэзідэнт, ён дадаў, што візіт у Вашынгтон быў «вельмі добрым».

Анджэй Дуда дадаў, што пераканаў амерыканцаў, што спыненне Расіі праз Украіну таксама ў інтарэсах ЗША.

Прэзідэнт заявіў, што кожны раз, калі ў Еўропе адбывалася буйная вайна, амерыканскія салдаты былі вымушаны ваяваць. Ён дадаў, што ў Заходняй Еўропе знаходзяцца сотні тысяч магіл амерыканскіх салдат.

«Толькі дайце сёння тэхніку і грошы. Гэта нізкая цана», – сказаў ён.

Анджэй Дуда запэўніў, што польскае войска ўмацоўваецца. «Патэнцыял польскай арміі расце на нашых вачах», – сказаў ён, звярнуўшы ўвагу на інвестыцыі ва ўзбраенне. У гэтым кантэксце ён згадаў закупкі ў Паўднёвай Карэі знішчальнікаў F-35, танкаў Abrams і артылерыйскіх сістэм HIMARS, а таксама абсталявання.



Перад пачаткам перамоваў у Белым доме дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван абвясціў, што прэзідэнт Джо Байдэн паведаміць польскім лідарам, што ЗША плануюць даць Польшчы новую прамую пазыку ў памеры двух мільярдаў долараў у рамках замежнага вайсковага фінансавання і будзе  прапанова прадаць Польшчы верталёты Apache.

Пётр Цвік (Piotr Ćwik), намеснік кіраўніка Канцылярыі прэзідэнта, сказаў, што калі размова ідзе пра бяспеку Польшчы, усе палітычныя сілы гавораць у адзін голас. Аб гэтым сведчыць сумесны візіт прэзідэнта і прэмʼер-міністра ў ЗША і плённыя перамовы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Пётр Цвік падкрэсліў, што ЗША застаюцца найважнейшым партнёрам Польшчы ў пытанні бяспекі.

Пётр Цвік дадаў, што аб прыхільнасці амерыканцаў пабудове бяспекі ў Еўропе сведчыць прапанова аб запуску новай прамой пазыкі для Польшчы ў памеры 2 мільярдаў долараў у рамках FMF Foreign Military Financing. Гэты сродкі дазволяць Польшчы набыць дадатковыя сродкі амерыканскай абароны. ЗША таксама прапануюць прадаць Польшчы 96 верталётаў AH-64 Apache.

Белы дом апублікаваў паведамленне пасля перамоваў прэзідэнта Джо Байдэна з прэзідэнтам Анджэем Дудам і прэмʼер-міністрам Дональдам Тускам. У ім адзначаецца, што візіт умацаваў польска-амерыканскія сувязі і падкрэсліваецца непахісная прыхільнасць абедзвюх краін да НАТА.

«Гэты гістарычны візіт быў прысвечаны 25-й гадавіне ўступлення Польшчы ў НАТА і падкрэсліў прыхільнасць абедзвюх краін Паўночнаатлантычнаму альянсу, што робіць нас усіх больш бяспечнымі», – гаворыцца ў прэс-рэлізе Белага дома. Таксама гаворыцца, што лідары ​​Польшчы і ЗША паабяцалі пастаянна падтрымліваць Украіну ў абароне ад расейскай агрэсіі.

Візіт прэзідэнта Анджэя Дуды і прэмʼер-міністра Дональда Туска ў Белы дом выклікаў рэзананс у палітычных колах Вашынгтона і быў заўважаны СМІ. У сваіх матэрыялах амерыканскія СМІ падкрэсліваюць, што польскія палітычныя апаненты абʼядналіся, каб лабіраваць далейшую падтрымку Украіны. «Яны палітычна разыходзяцца ў краіне, але адклалі свае рознагалоссі ў бок, каб пераканаць Кангрэс і Байдэна не даць Украіне страціць больш тэрыторыю Расіі», – піша пра візіт прэзідэнта і прэмʼер-міністра Польшчы часопіс Politico.

The New York Times нагадвае пра вострую палітычную спрэчку паміж Дудам і Тускам, выданне піша, што мерай таго, наколькі сурʼёзна Польшча ўспрымае расійскую пагрозу, зʼяўляецца тое, што абодва супернікі пагадзіліся пакінуць у баку рознагалоссі падчас сумеснага візіту ў ЗША.

Многія амерыканскія СМІ зафіксавалі словы Дональда Туска, сказаныя спікеру Палаты прадстаўнікоў Мішэлю Джонсану пасля выхаду з Белага дома. Польскі прэмʼер папярэдзіў, што, зацягваючы галасаванне па пакеце дапамогі Украіне, ён бярэ на сябе адказнасць за гібель тысяч украінскіх мірных жыхароў.

«Голас Амерыкі» адзначае, што прапанова прэзідэнта Дуды павысіць мінімальную столь выдаткаў на абарону для чальцоў НАТА з 2 да 3% ад ВУП зʼяўляецца выказваннем занепакоенасці, якую адчуваюць Польшча і іншыя краіны ўсходняга флангу НАТА перад пагрозай маскоўскай агрэсіі. Аднак аўтары «Голасу Амерыкі» мяркуюць, што бліжэйшым часам прапанова не можа быць рэалізаваная.

Польшча ўступіла ў НАТА 12 сакавіка 1999 года разам з Чэхіяй і Венгрыяй. У памкненнях Польшчы да ўступлення ў НАТА ключавой была гарантыя агульнай абароны, якая вынікае з артыкула 5 Вашынгтонскай дамовы, гэта значыць прынцыпу «адзін за ўсіх, усе за аднаго». У артыкуле сцвярджаецца, што ўзброены напад на аднаго або некалькіх саюзнікаў будзе лічыцца нападам на ўсіх і патрабуе агульнай абароны.

IAR/PAP/вх

Далучэнне да НАТА было неабходна, каб Польшча не стала спакусай для Расіі - Януш Анышкевіч

12.03.2024 09:15
Роўна 25 гадоў Польшча з'яўляецца членам НАТА.