Беларуская Служба

На выбарах у Расіі перамагае толькі Пуцін. Дыктатар будзе кіраваць яшчэ шэсць гадоў

18.03.2024 07:20
Выбары «відавочна не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі», гаворыцца ў заяве Белага дома.
Уладзімір Пуцін з паплечнікаміEPA/MIKHAIL METZEL/SPUTNIK/KREMLIN POOL MANDATORY CREDIT Dostawca: PAP/EPA

Ля выбарчых участкаў выстрайваліся доўгія чэргі апанентаў Уладзіміра Пуціна. Апазіцыянеры і паплечнікі нядаўна памерлага Аляксея Навальнага заклікалі да байкоту выбараў, чытаем на сайце выдання Polityka.

Выбары прэзідэнта Расіі доўжыліся агулам тры дні - галасаванне пачалося ў пятніцу. Гэта вынік змяненняў з часу пандэміі, якія застаюцца ў сіле і робяць выбарчыя маніпуляцыі яшчэ прасцейшымі. Адбыліся «галасаванні» і на акупаваных тэрыторыях Украіны — узброеныя ў форме хадзілі ад дзвярэй да дзвярэй і прымушалі людзей галасаваць. Крэмль чакаў высокай яўкі — больш за 80% і пацвярджэння для ўлады Уладзіміра Пуціна. А Пуцін кіруе Расіяй даўжэй за ўсіх расійскіх лідараў на працягу апошніх двухсот гадоў.

Паводле вынікаў экзыт-полу, яўка склала 87,8 адсотка, а 71-гадовы Уладзімір Пуцін перамог з уражваючай большасьцю галасоў (87,97 адсотка) і будзе кіраваць яшчэ шэсць гадоў.

У заяве пасля абвяшчэння вынікаў Пуцін падзякаваў выбаршчыкам, расіянам на фронце і ўпершыню за гады згадаў Аляксея Навальнага па імені. «За некалькі дзён да смерці Навальнага некаторыя калегі казалі мне, што ёсць ідэя абмяняць яго на некалькіх чалавек, якія знаходзяцца ў турмах заходніх краін. Я згадзіўся. Але, на жаль, адбылося тое, што адбылося», — сказаў ён.

Выбары «відавочна не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі», гаворыцца ў заяве Белага дома. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім вячэрнім відэа заявіў, што «расійскі дыктатар зноў сімулюе выбары, ён хворы на ўладу і будзе рабіць усё, каб кіраваць вечна».

Падобныя паведамленні публікуюць улады іншых заходніх краін. «Праводзячы незаконныя выбары ў акупаваных рэгіёнах Украіны, Расія даказвае, што яна не зацікаўленая ў пошуку шляху да міру. Брытанія працягне аказваць гуманітарную, эканамічную і ваенную падтрымку ўкраінцам, якія абараняюць сваю дэмакратыю», — гаворыцца ў заяве офіса брытанскага прэм'ер-міністра. У Нямеччыне пракаментавалі: «Улада Пуціна аўтарытарная, заснаваная на цэнзуры, рэпрэсіях і гвалце. Псеўдавыбары на акупаваных тэрыторыях Украіны — гэта чарговае парушэнне Расіяй міжнароднага права».

Уладзімер Пуцін знаходзіцца ва ўладзе з 1999 году, тады яго "памазаў" Барыс Ельцын, нагадалi ў часопісе Polityka.

яс