Беларуская Служба

Латвія стварае «армію беспілотнікаў» коштам 20 млн еўра

28.05.2024 17:32
Камандуючы Арміяй Латвіі генерал Леанід Кальніньш прызнаў, што «беспілотнікі замяняюць вельмі дарагое абсталяванне, звязанае з цяжкай артылерыяй, ракетнымі сістэмамі і авіяцыяй, якое многія краіны не могуць сабе дазволіць».
Ілюстрацыя Фота: Dmitry Kalinovsky/Shutterstock

Узброеныя сілы Латвіі засяроджваюцца на тэхналогіях вытворчасці беспілотнікаў, выдзяляючы на ​​гэтыя мэты 20 млн еўра. Метафарычна кажучы: мы ствараем «армію беспілотнікаў», – заявіў міністр абароны Латвіі Андрыс Спрудс, прыводзіць словы латыша польскі партал forsal.pl.

- Мы бачым, якую ролю адыгрываюць беспілотнікі на фронце, і, кіруючыся вопытам Украіны, пачынаем рэалізацыю ініцыятывы па выкарыстанні патэнцыялу беспілотнікаў. Прыкладна 10 млн еўра будзе выдзелена вытворцам беспілотнікаў. У чэрвені на палігоне Селонія, прыкладна ў 100 км на паўднёвы ўсход ад Рыгі будзе адкрыта выпрабавальная пляцоўка для беспілотных лятальных апаратаў. Таксама будзе працягнутая падрыхтоўка аператараў беспілотнікаў.

Андрыс Спрудс прызнаў, што Латвія вырашыла развіваць тэхналогію беспілотнікаў даўно, яшчэ да стварэння ініцыятывы «муру дронаў», у якой удзельнічаюць краіны, якія мяжуюць з Расіяй, гэта значыць тры краіны Балтыі, Польшча, Фінляндыя і Нарвегія.

«Мы разгледзім дэталі гэтай прапановы (агучанай на мінулым тыдні Літвой), гэта не перашкаджае нам развіваць уласныя магчымасці айчынных беспілотнікаў», – сказаў палітык.

Камандуючы Арміяй Латвіі генерал Леанід Кальніньш прызнаў, што «беспілотнікі замяняюць вельмі дарагое абсталяванне, звязанае з цяжкай артылерыяй, ракетнымі сістэмамі і авіяцыяй, якое многія краіны не могуць сабе дазволіць». «Але беспілотнікі былі прыдуманыя не 24 лютага 2022 года, а выйшлі на поле бою 20 гадоў таму», – нагадаў ваенны.

- Развіццё вытворчасці айчынных беспілотнікаў – гэта пытанне доўгатэрміновай абароны краіны, каб мы не залежалі ад пастаўшчыкоў, а прасоўвалі нашы баявыя магчымасці і мясцовую прамысловасць, – перакананы камандуючы латвійскай арміяй.

Узброеныя сілы Латвіі пачалі ўкараняць тэхналогію беспілотнікаў яшчэ ў 2007 годзе. У пачатку гэтага года па ініцыятыве Латвіі была створана міжнародная «кааліцыя беспілотнікаў», мэта якой – збор сродкаў і падтрымка Украіны беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Зараз Латвія ўзначальвае гэты праект разам з Вялікабрытаніяй. Яе мэта – паставіць ва Украіну прыкладна 1 млн дронаў.

эж