Урады еўрапейскіх краін заяўляюць, што Расія распаўсюджвае дэзінфармацыю перад выбарамі ў Еўрапейскі парламент, якія адбудуцца 6-9 чэрвеня ў Еўрапейскім Cаюзе.
Пяць фальшывых трун з’явіліся 1 чэрвеня каля Эйфелевай вежы. Яны былі загорнуты ў французскія сцягі і падпісаныя «Французскія салдаты Украіны». Штодзёнка Le Monde паведаміла, што адбылася гібрыдная аперацыя па дэстабілізацыі, якая каардынуецца з-за мяжы, з Расіі.
Нядаўнія пратэсты польскіх фермераў на мяжы з Украінай сталі іншым прыкладам аперацыі па ўплыву Расіі ў ЕС. Польскія журналісты высветлілі, што адзін з лідараў пратэстоўцаў быў звязаны з расійскай амбасадай у Варшаве, у Фэйсбуку было выяўлена 18 тысяч падазроных старонак, якія распаўсюджвалі непраўдзівую інфармацыю пра польскія пратэсты. Гэта робіцца дзеля таго, каб расійскія боты маглі рассылаць псеўдажурналісцкія артыкулы праз сацыяльныя сеткі.
Спецыялісты выкрылі, што расійская дэзінфармацыя шырыцца пры дапамозе штучнага інтэлекту ды відэатэхналогіі «дыпфейкаў» праз сеткі ботаў Doppelgänger або RRN. Спачатку хлусня публікуецца на фальшывых сайтах вядомых «СМІ»: Spiegel.ltd, grenzezank.com, hauynescherben.net, ды інш. Потым другая сетка ботаў масава робіць рэтвіты ў Твітэры (X), альбо прасоўвае праз каментары ў сацсетках створаны фальшывы кантэнт. Нядаўна кампанія Open AI нават заблакавала дзве расійскія сеткі ўплыву, якія выкарыстоўвалі штучны інтэлект для стварэння каментароў і кантэнту, і была накіраваная на Украіну, Малдову, краіны Балтыі і ЗША.
Еўрасаюз заклікае краіны пачаць больш актыўна змагацца з гэтай хваляй дэзінфармацыі, заявіла віцэ-старшыня Еўракамісіі Вера Юрава.
- Мы мусім абараніць нашу дэмакратыю ад спроб вонкавага ўплыву падчас выбараў, асабліва гэта важна ў кантэксце бягучых выбараў у Еўрапарламент. Мы павінны ўзмацніць падтрымку для журналістаў і экспертаў, якія займаюцца праверкай фактаў. Трэба стварыць адмысловую платформу для гэтага. Мы павінны абараніць нашы сістэмы электроннага галасавання. Мы павінны актывізаваць усе нашы высілкі ды мабілізаваць усе сілы.
Пры гэтым структуры ЕС пакуль заслабыя, каб змагацца самастойна, сказаў прэс-сакратар дыпламатычнай службы Еўрапейскай камісіі Пітэр Стано, дадаўшы, што такія дзеянні павінны адбыцца на ўзроўні дзяржаў-членаў. І яны адбываюцца.
Так, Францыя даручыла свайму агенцтву Viginum па барацьбе з замежнай дэзінфармацыяй, каманда якога складаецца з 42 чалавек, сачыць за звязанымі з Расіяй акаўнтамі ў сацыяльных сетках і выкрываць аперацыі ўплыву. У Іспаніі створаная спецыяльная аператыўная група, якая выкарыстоўвае абсталяванне, распрацаванае Еўраполам, для адсочвання расійскай інфармацыйнай актыўнасці. Палітычная апазіцыя Італіі распрацавала законапраект, які прадугледжвае стварэнне аддзела па выяўленні актаў дэзінфармацыі.
На знак таго, што Еўропа гатовая дзейнічаць больш жорстка, краіны ЕС у мінулым месяцы прыпынілі дзейнасць чатырох расійскіх СМІ, у тым ліку зарэгістраванага ў Чэхіі вэб-сайта «Голас Еўропы», назваўшы іх прапагандысцкімі сеткамі, звязанымі з Крамлём.
«Трэба не толькі прыпыняць дзейнасць, але і выдаляць іх кантэнт з cеціва», заявіў галандскі еўрадэпутат Бар Гротус.
- 2024 год стаў часам масавага наплыву расійскай ды кітайскай дэзінфармацыі, гэта звязана з тым, што набліжаюцца выбары, рухавік нашай дэмакратыі. Менавіта гэтага найбольш баяцца расіяне. Таму няма нічога дзіўнага, што ўзмацнілася інфармацыйная барацьба. Чэшскі бок змог выкрыць «Голас Еўропы». Вэб-старонка выдання спыніла працу, але нагадваю, што відэа ролікі ды іншыя матэрыялы гэтага выдання надалей даступныя праз сацыяльныя сеткі, напрыклад, на профілях у сетцы Х. Калі ЕС хоча па сур’ёзнаму змагацца з вонкавым умяшальніцтвам, трэба запатрабаваць выдаліць усе іх матэрыялы з усіх платформ.
Аднак не ўсе краіны дзейнічаюць аднолькава актыўна. Напрыклад, Славакія, чый урад абвінавачваюць у спрыянні Расіі, ліквідавала падраздзяленне, якое займалася супрацьдзеяннем дэзінфармацыі. Прычынай было названа тое, што падраздзяленне займалася, нібыта, кантролем, каб «было толькі адно правільнае меркаванне».
«Вядома таксама, што расійскія ўплывы сягалі еўрапейскіх устаноў, сярод еўрадэпутатаў былі асобы, якія бралі грошы за прасоўванне расійскай прапаганды», заявіла еўрадэпутатка з Францыі Валеры Аер.
- Сябры нашага сходу, кандыдаты на выбарах у Еўрапарламент атрымоўвалі грошы ад расійскага рэжыму, каб распаўсюджваць расійскую прапаганду, дзеючы насуперак інтарэсам грамадзян, якія іх абралі. Неўзабаве адбудуцца выбары, і еўрапейцы павінны ведаць за каго яны галасуюць. Цяперашнія выбары – гэта найлепшая магчымасць не пусціць у нашыя шэрагі тых, хто прыслужвае Пуціну.
У звязку з гэтым ад новага Еўрапарламенту чакаюць больш рашучых дзеянняў па абмежаванні расійскай дэзінфармацыі. Пра гэта заявіла чэшская еўрадэпутатка Маркета Грэгорава.
- Любога, хто не хаваў галавы ў пясок, не здзіўляюць факты, што ёсць палітыкі, якія бяруць грошы ад замежных дзяржаў, каб нас аслабіць, што ёсць СМІ, якія маніпуліруюць інфармацыяй. Гэта пагроза для нашай дэмакратыі, а ў нас надалей няма моцнага заканадаўства па супрацьдзеянні дэзінфармацыі. Наша грамадства нямае імунітэту ад дэзінфармацыі.
На дадзены момант ЕС прыняў папраўкі ў закон аб лічбавых паслугах, якія патрабуюць хуткага выдалення незаконнага зместу ды дадатковых захадаў праверкі інфармацыі. У першую чаргу гэта скіравана на сацыяльныя сеткі. Facebook Meta, YouTube Google ды TikTok абвясцілі аб мерах па стварэнні груп па барацьбе з дэзінфармацыяй і злоўжываннем штучным інтэлектам.
Юры Ліхтаровіч