Беларуская Служба

Польшча робіць стаўку на кібербяспеку

05.06.2024 16:02
На стварэнне кібершчыта польскі ўрад плануе выдзеліць больш за тры мільярды злотых (698 мільёнаў еўра).
Аўдыё
  • Польшча робіць стаўку на кібербяспеку
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:pixelcreatures/pixabay.com/CC0 Public Domain

Цягам апошняга года Польшча з’яўляецца мэтай кібератакаў, накіраваных, між іншым, на крытычную інфраструктуру, ахову здароўя, абарону і транспарт дапамогі ва Украіну. Варожая дзейнасць у кіберпрасторы, звязана з дэзынфармацыяй, стала асабліва небяспечнай для дзяржавы таксама таму, што супала з парламенцкімі, муніцыпальнымі выбарамі, а цяпер таксама выбарамі ў Еўрапарламент. Заклапочанасць сітуацыяй выказалі таксама Злучаныя Штаты Амерыкі.

«ЗША з вялікай заклапочанасцю сочаць за кібератакамі на Польшчу», – запэўніў надоечы прэс-сакратар Савета нацыянальнай Бяспекі Белага дома. Джон Кірбі падкрэсліў, што ЗША застаюцца ў вельмі цесным кантакце з польскімі партнёрамі, каб пераканацца, што ў іх ёсць тое, што ім неабходна для адбіцця гібрыдных нападаў з Усходу.

У сваю чаргу ўлады ў Варшаве запэўніваюць, што кібербяспека – гэта адзін з прыярытэтаў польскай дзяржавы, асабліва ў аспекце апошніх хакерскіх атакаў на Польшчу з боку Расіі і аб’явілі новую праграму, якая закліканая абараніць дзяржаву ад іх. На стварэнне кібершчыта польскі ўрад плануе выдзеліць больш за тры мільярды злотых (698 мільёнаў еўра).

Улады падкрэсліваюць, што кібербяспека – адзін з прыярытэтаў дзяржслужбаў асабліва на некалькі дзён да выбараў у Еўрапарламент.

Віцэ-прэм’ер і міністр лічбавых тэхналогій Кшыштаф Гаўкоўскі(Krzysztof Gawkowski) заявіў, што маем справы з рашучым ростам кібератакаў з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў Еўропе. Між тым, Польшча – на першай лініі згаданага фронту, дадаў віцэ-прэм’ер:

- Мы маем справу з калектыўнымі нападамі. Сёння ноччу, а таксама ў нядзелю на тэрыторыі Польшчы былі прадухіленыя некалькі інцыдэнтаў, якія мелі характар арганізаваных атакаў на крытычную інфраструктуру. Яны адбываюцца практычна штодзённа. Напрыклад, у апошнюю пятніцу адбыліся дзве такія атакі, у суботу – наступныя. Паводле справаздачы, у нядзелю адбылася чарговая атака, якая была выяўленая і спыненая.

Гібрыдныя пагрозы – гэта не толькі дзейнасць хакераў у інтэрнэце, але таксама рознага віду правакацыі і дыверсійныя акты. Пра маштаб пагрозы сведчыць хаця б колькасць затрыманых асобаў, кажа кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Томаш Сямоняк(Tomasz Siemoniak):

- Са снежня мінулага года ў сувязі з дзейнасцю расійскіх і беларускіх службаў на тэрыторыі Польшчы былі затрыманыя 18 чалавек. Згаданая колькасць сведчыць таксама пра рашучасць з нашага боку. Мы ўсведамляем, што па другім баку ёсць службы другой краіны, якія пастаянна плануюць розныя дзеянні і мы павінны да іх падрыхтавацца.

Кібератакі могуць датычыць, як дзяржаўных установаў, так і кожнага паляка, перасцерагае міністр лічбавых тэхналогій Кшыштаф Гаўкоўскі:

- Вы можаце скарыстацца сайтам bezpiecznewybory.pl, на якім можна паведаміць пра любыя інцыдэнты, якія могуць адбыцца, як у дзень галасавання, так і раней. Мы прапануем скарыстацца дадаткам mObywatel, у якім можна праверыць свае дадзеныя ў спісе выбаршчыкаў.

Каб лепш абараняцца ад кібератакаў і дэзынфармацыі ўлады ўводзяць новую праграму, якая прадугледжвае стварэнне кібершчыта, заявіў міністр Гаўкоўскі:

- Мы плануем прызначыць на кібершчыт, які будзе гарантыяй бяспекі полек і палякаў, больш за 3 мільярды злотых(698 мільёнаў еўра).

Перш за ўсё, гаворка ідзе пра праверку кібербяспекі, у тым ліку, асабліва кібербяспекі муніцыпальных уладаў, дадаў міністр лічбавых тэхналогій:

- Зараз найбольш уразлівая кропка, калі гаворка ідзе пра сістэмы кібербяспекі, гэта муніцыпальныя ўлады. Менавіта там неабходныя найбольшыя інвестыцыі, каардынацыя дзеянняў. Сродкі, якія мы запланавалі, павінны быць выдаткаваныя цягам 2-3 гадоў. Гаворка ідзе, як пра зараз планаваныя грошы, так і сродкі, якія будуць вылучаныя на гэтую мэту часткова таксама з Нацыянальнага плана аднаўлення.

Кібершчыт будзе праводзіць рэгулярныя праверкі бяспекі і будаваць устойлівасць на ўзроўні крытычнай інфраструктуры. Таксама плануюцца інвестыцыі ў розныя тыпы праграм, дзеля дадатковага забеспячэння дзяржаўных установаў і адміністрацыі.

На жаль, як падкрэсліваюць эксперты, для правядзення паспяховай кібератакі, трэба шмат. Часам дастаткова аднаго слабога звяна, напрыклад, чалавека, які зробіць памылку і адкрые браму перад кіберзлачынцамі. Менавіта такім чынам апошнім часам адбылося ў выпадку Польскага агенцтва друку.

Між тым, пра распаўсюд дэзынфармацыі і павелічэнне колькасці кібератакаў перад выбарамі ў Еўрапейскі парламент, якія адбудуцца ў Еўрасаюзе 6-9 чэрвеня паведамляюць урады многіх еўрапейскіх краін.

Аналітыкі кампаніі Thales у сакавіку мінулага года звярталі ўвагу, што атакі ў польскім інтэрнэце звычайна маюць форму інцыдэнтаў, якія перашкаджаюць штодзённаму функцыянаванню дзяржавы (тры чвэрці з іх тады былі DDoS-атакі), а не мэтанакіраваныя кампаніі.

Кіберваенныя аперацыі склалі толькі 2 працэнты ўсіх інцыдэнтаў і былі сканцэнтраваны ў асноўным на ўкраінскіх грамадскіх арганізацыях. Пераважная большасць нападаў на Польшчу (49 працэнтаў) тычылася сектара дзяржаўнага кіравання на цэнтральным і мясцовым узроўнях, 20 працэнтаў – транспарту, а 12 працэнтаў былі накіраваны на авіяцыю, энергетыку і абарону.

Год таму Міністэрства нацыянальнай абароны падлічыла, што колькасць кібератакаў на абаронныя сістэмы вырасла ў Польшчы ў пяць разоў пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну.

IAR/аз

Аналітык: У сувязі з выбарамі ў Еўрапарламент чакаецца маштабная кампанія па дэзынфармацыі з выкарыстаннем ботаў і троляў

28.05.2024 16:14
Людзі, якія ўдзельнічаюць у галасаванні, павінны быць гатовыя да той дэзынфармацыі, якая ўжо распаўсюджваецца ў СМІ, і чым бліжэй да галасавання, тым больш яе можа быць.