Завяршаецца выбарчая кампанія ў Еўрапарламент. Пачынаючы з сённяшняга дня і да нядзелі ў розных краінах ЕС будзе праходзіць галасаванне. Сёлетнія выбары ўпершыню адбываліся ва ўмовах актывізацыі інфармацыйных атак з боку Расіі, якая імкнецца да зрыву выбараў, і да прасоўвання сваіх прыхільнікаў – прадстаўнікоў крайне правых і левых сіл - у новы парламент.
Выбары ў Еўрапарламент праходзяць ва ўсіх 27 краінах Еўрасаюза кожныя 5 год. Падчас галасавання грамадзяне Еўрасаюза выбіраюць дэпутатаў парламенту, якія потым прымаюць заканадаўства, якое ўплывае на паўсядзённае жыццё пра змены права ў галіне рынку працы, аховы здароўя ці навакольнага асяроддзя. Менавіта таму еўрапейскія палітыкі ды эксперты заклікалі грамадзян ісці на выбары, каб захаваць дэмакратыю, якая дзейнічае ў ЕС.
Гэты заклік звязаны з тым, што сёлета выбары ў Еўрапарламент упершыню праходзілі ў атмасферы нарастаючай пагрозы вонкавага ўмяшальніцтва ды маніпуляцыі галасамі выбарцаў. Гаворыць прэс-сакратар Інстытуцыйнай выбарчай кампаніі Дэльфін Колард.
- Дэзінфармацыя стала праблемай для еўрапейскай дэмакратыі. Час выбараў у краінах сябрах ЕС ды на ўзроўні ўсяго Еўрасаюза надзвычай падатны на такія маніпуляцыі. Дастаткова зірнуць на выбары ў краінах ЕС за апошнія два гады, каб пераканацца ў тым, што знешнія сілы імкнуцца паставіць пад сумнеў легальнасць выбараў у ЕС, называючы іх сфальсіфікаванымі. Яшчэ яны спрабуюць уплываць на выбарцаў, каб яны не ішлі галасаваць, сапсаваць дыскусію, замяніўшы яе грамадскай палярызацыяй ды абыякавасцю. Гэта тычыцца важных пытанняў як міграцыя, дапамога Украіне, правы чалавека. Праз гэта вонкавыя сілы хочуць аслабіць дэмакратыю ды грамадскую салідарнасць, усталяваўшы недавер да парламенцкай дэмакратыі.
Эксперты зазначаюць, што асноўнай крыніцай пагроз для выбараў у Еўрапарламент стала Расія. Гаворыць палітолаг і сузаснавальніца Цэнтру Ідэя Вераніка Лапуцька.
- Крамлёўская прапаганда працуе адначасова на двух напрамках. Першы - гэта агульнаеўрапейскія тэмы з крытыкай ЕС, НАТА, абвінавачваннем ва ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Украіны, Грузіі ды інш.. Другі напрамак – прасоўванне наратываў у кожнай асобнай краіне. У першую чаргу расіяне засяроджваюцца на праблемах ці спрэчных пытаннях для кожнай краіны.
Расійскія маніпуляцыі ды спробы паўплываць на выбары тлумачацца жаданнем правесці ў Еўрапарламент пракрамлёўскія сілы, кажа эксперт.
- Існуюць таксама наратывы, што выбары ў Еўрапарламент несумленныя, гэта паўтараецца на фоне заяў падтрымкі для сваіх прыхільнікаў – гэта крайне правыя ці крайне левыя партыі. Іх прадстаўнікі ездзяць у Расію, а потым крытыкуюць еўрапейскія каштоўнасці, правы чалавека. Яны пераварочваюць рэчаіснасць, маніпулюць тым, што нібыта ў Еўропе ідзе ціск на звычайных людзей, пануе засілле мігрантаў ды меншасцяў.
Еўрасаюз бачыць пагрозу але замала актыўны ў супрацьдзеянні ёй, трэба больш працаваць з грамадствам, перакананая адмысловец.
- Еўрапейцам не хапае стратэгічнай камунікацыі, ім трэба больш выкарыстоўваць тыя ж інструменты, якімі карыстаецца расійская прапаганда – сацыяльныя сеткі. Трэба праз іх прасоўваць адпаведную рэкламу. Трэба адукаваць дзяцей з маленькага ўзросту пра тое, як правяраць інфармацыю, і яшчэ тлумачыць, што такое Еўрасаюз, дэмакратыя ды еўрапейскія каштоўнасці з канкрэтнымі прыкладамі. Без гэтага людзі будуць падатныя на дэзінфармацыю.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч