Беларуская Служба

З чацвярга пачне дзейнічаць буферная зона на мяжы з Беларуссю. Пакуль што 90 дзён

11.06.2024 12:23
З пачатку чэрвеня было зафіксавана больш за 1,7 тыс. спроб нелегальнага перасячэння мяжы. 
Аўдыё
  • З чацвярга пачне абавязваць буферная зона на мяжы з Беларуссю. Пакуль 90 дзён
Паседжанне Рады БяспекіPAP/Wojtek Jargiło

У Беластоку прайшло пасяджэнне Савета нацыянальнай бяспекі, скліканае прэзідэнтам, а раней у гэтым горадзе таксама прайшло выязное пасяджэнне ўрада. Абодва мерапрыемствы былі прысвечаны бягучай сітуацыі на мяжы з Беларуссю. 

Прэзідэнт Анджэй Дуда на паседжанні Рады бяспекі падкрэсліў, што на мяжы з Беларуссю ўсё часцей адбываюцца атакі на функцыянераў польскіх служб і яны маюць усё больш агрэсіўны характар. Падчас адной з такіх атак быў смяротна паранены жаўнер, а гэта, паводле кіраўніка дзяржавы, патрабуе рашучай рэакцыі:

-Я лічу, што Польшча павінна прадпрыняць усе крокі, каб знайсці забойцу, і каб яны былі пакараныя адпаведным чынам, незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца. Я лічу, што мы павінны выкарыстаць усю сілу, як дзяржаўныя ўлады і як польская дзяржава, каб гэтыя людзі былі затрыманыя і адпаведна пакараныя. Мы не можам пагадзіцца, каб такім чынам падымалі руку не толькі на нашых жаўнераў і функцыянераў, але перад усім на Рэспубліку Польшча.

Паседжанне Рады Бяспекі і выязное паседжанне ўраду былі прысвечаны планаваным зменам палажэнняў, якія рэгулююць прысутнасць жаўнераў на беларускім адрэзку польская мяжы. Гаворка найперш аб працэдурах, якія спрашчаюць войску выкарыстанне зброі. У гэтым кантэксце закраналася справа затрымання жаўнераў, якія служылі на мяжы з Беларуссю. Прэзідэнт Анджэй Дуда лічыць, што польскім жаўнерам і функцыянерам патрэбная большая праўная абарона, каб яны маглі больш эфектыўна бараніць мяжу:

-Я кажу гэта як галоўнакамандуючы збройнымі сіламі, што гэта нашы жаўнеры, а не тыя, хто нападае на Польшчу, спрабуе парушыць межы, заслугоўваюць бяспекі і абароны.

Па выніках выязнога паседжання ўраду прэм’ер-міністр Дональд Туск паведаміў, што была прынятая пастанова аб увядзенні гэтак званай буфернай зоны на мяжы з Беларуссю:

-Мы выкарыстаем усе даступныя нам сродкі, каб дапамагчы жыхарам гэтай тэрыторыі ў сувязі з негатыўнымі наступствамі вайны, а таксама, калі такія паявяцца, з негатыўнымі наступствамі стварэння гэтай зоны. Гаворка ідзе пра невялікія адрэзкі. Гэта найперш звязана з кантрабандыстамі, якія дзейнічаюць перад усім у лясах, прычым не непасрэдна ля мяжы, а ў адлегласці 1-2 км. Таму ў гэтым месцы зона будзе шырэйшая.
Прэм’ер сказаў, што падрабязная інфармацыя пра стварэнне буфернай зоны будзе апублікаваная ў кумюніке МУСіА.

Палажэнне аб буфернай зоне на мяжы з Беларуссю будзе падпісана ў сераду і ўступіць у сілу з чацвярга. Папярэдне яна будзе створаная на 90 дзён. Падрабязнасці ў эфіры TVP паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Чэслаў Мрочэк:

-Мы правялі кансультацыі з прадстаўнікамі рэгіёну, прадпрымальнікамі, мясцовым самакіраваннем з Падляшша. Пад увагу ўзята шмат іх просьбаў. Зона ахопіць тэрыторыі працягласцю 60 км. На пераважнай большасці, бо 40 км, яе глыбіня будзе не большая, чым 200 м. У сваю чаргу ў запаведніку, у Белавескай пушчы яе глыбіня будзе 2 км.
Аб неабходнасці сумеснай абароны марскіх межаў і Балтыйскага мора ў Беластоку ў гэты ж самы дзень гаварылі спікеры парламентаў Польшчы, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Украіны. У другой палове дня яны выступілі з сумеснай заявай.

«Мы хочам паказаць, што нас не падзеляць і не запалохаюць», – сказаў спікер Сейму Шымон Галоўня, выказаўшы надзею, што ў наступных сустрэчах таксама возьмуць удзел прадстаўнікі Швецыі і Фінляндыі:

-Мы павінны быць усе разам, калі Балтыйскае мора стала ўнутраным морам НАТА, і калі мы ўсё часцей чуем, што Расія хоча мець перавагу на Балтыйскім моры ў цалкам непараўнальным маштабе. Мы сапраўды стаім тут як адзін кулак, плячо да пляча. І як мы ўсе падтрымліваем Украіну, так мы тут сёння адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго.

За мінулыя суткі польска-беларускую мяжу спрабавалі нелегальна перасекчы прыблізна 190 замежнікаў, паведамляе ў аўторак Падляшскі аддзел Памежнай службы. Спробы перасекчы мяжу адбываліся ў раёне Нараўкі, Белавежы, Дубічаў Царкоўных і Чарэмшы. За апошнія суткі адбыліся новыя атакі на польскія патрулі, у якія кідалі камяні і галіны дрэў.

Падляшская паліцыя паведаміла пра некалькі інцыдэнтаў, падчас якіх паліцыя падтрымлівала жаўнераў і памежнікаў. Некалькі мерапрыемстваў з удзелам міліцыянтаў адбыліся пад Белавежай, дзе былі спробы сілавога пераходу мяжы. Прэс-сакратар Падляшскай паліцыі Томаш Крупа паведаміў, што ў паліцыю кідалі камяні і галіны дрэў; паліцыянты не пацярпелі.

За апошнія суткі супрацоўнікі Памежнай службы аказалі дапамогу чатыром мігрантам.

Па дадзеных Памежнай службы, з пачатку чэрвеня было зафіксавана больш за 1,7 тыс. спроб нелегальнага перасячэння мяжы. У траўні такіх спробаў было больш за 8 тыс., у красавіку – амаль 3,4 тыс. З пачатку года іх было больш за 17 тысяч.

ав

слухайце аўдыё