Беларуская Служба

ЕС пагадзіўся перадаць замарожаныя расійскія сродкі на адбудову Украіны

11.06.2024 14:14
Гэта адзін з вынікаў трэцяй міжнароднай канферэнцыі па адбудове Украіны, якая праходзіць у Берліне.
Аўдыё
  • Еўрапейцы дамаўляюцца пра адбудову Украіны
Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен выступае на канферэнцыя па аднаўленні Украіны ў БерлінеEuropean Union

У Берліне пачалася трэцяя міжнародная канферэнцыя па адбудове Украіны. У ёй бяруць удзел больш за 2 тысячы чалавек. Гэта палітыкі, бізнесмены, прадстаўнікі мясцовага самакіравання і няўрадавых арганізацый з 60 краін. Асноўнай тэмай стала аднаўленне ўкраінскай энергетыкі ды ўзмацненне супрацьпаветранай абароны.

Гэта ўжо трэцяя канферэнцыя па аднаўленні Украіны пасля таго, як Расія развязала вайну ў лютым 2022 года. Дзве папярэднія прайшлі ў італьянскім Лугана ды Лондане. 

У Італіі былі закладзеныя агульныя прынцыпы аднаўлення Украіны, а ў Вялікабрытаніі дамовіліся на мабілізацыю прыватнага сектару. Цяпер у Берліне разглядаюць пытанні аднаўлення энергетыкі, чалавечага капіталу, псіхічнага здароўя, культурнай спадчыны ды іншыя. Асаблівая ўвага будзе нададзена ўдзелу грамадзянскай супольнасці і ролі гарызантальных сувязей паміж гарадамі, суполкамі і муніцыпалітэтамі.

Падчас адкрыцця берлінскай канферэнцыі кіраўніцтва ЕС абвясціла пра тое, што замарожаныя расійскія грошы пойдуць на дапамогу Украіне. Еўрасаюза бачыць, што расійская агрэсія нанесла Украіне велізарны ўрон: разбураныя гарады, пашкоджаная крытычная інфраструктура, замініраваныя кіламетры тэрыторыі, нанесены непапраўны ўрон культурнай спадчыне і навакольнаму асяроддзю.

Агрэсар павінен кампенсаваць шкоду, сказала старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

- Ужо амаль 900 дзён прайшло з пачатку расійскай поўнамаштабнай агрэсіі. Але наша пазіцыя не змянілася. Мы ведаем, хто ахвяра ў гэтым канфлікце. Расія імкнецца знішчыць Украіну. Украінцы змагаюцца, каб спыніць вайну. Мы павінны дапамагчы Украіне адрадзіцца з попелу і стаць гаспадаром сваёй будучыні. Гэта азначае, што мы павінны даць Украіне сродкі для абароны. У звязку з гэтым мы вырашылі перадаць Украіне 1,5 мільярды еўра з замарожаных расійскіх актываў у ліпені. 90% гэтых сродкаў пойдуць на абарону, 10% - на адбудову Украіны. На саміце G7 мы вырашым як яшчэ хутка перадаць Украіне яшчэ больш расійскіх замарожаных актываў.

Адкрываючы берлінскую канферэнцыю, канцлер Германіі Олаф Шольц заклікаў саюзнікаў падтрымаць нямецкую ініцыятыву ў сферы СПА. Апроч таго нямецкі лідар заявіў, што будзе дабівацца больш маштабнай і доўгатэрміновай дапамогі Украіне на саміце G7 у Італіі, які пачнецца 13 ліпеня.

На працягу наступных тыдняў і месяцаў мы паставім ва Украіну трэцюю сістэму СПА Patriot, усталёўкі IRIS-T, Gepard, ракеты і боепрыпасы. Усё гэта ў наступныя месяцы і тыдні паедзе ва Украіну. На аднаўленне і адбудову Украіны спатрэбіцца не менш за 500 мільярдаў долараў.

У Берлін таксама завітаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які адзначыў, што апроч зброі найбольшай падтрымкі патрабуе ўкраінская энергетыка.

- Пакуль мы не пазбавім Расію магчымасці тэрарызаваць Украіну ў Пуціна не будзе сапраўднага інтарэсу, каб пагадзіцца на справядлівы мір, і будзе ілюзія, што Украіну можна будзе знішчыць, разбураючы падваліны жыцця. Адказам на гэта павінна стаць супрацьпаветраная абарона, якая дазволіць захаваць эканоміку краіны. Адна з галоўных пуцінскіх мішэняў ва Украіне – гэта энергетыка. Мы ўжо страцілі больш энерга генерыруючых магчымасцяў, чым большасць еўрапейскіх гарадоў. 80% крыніц цеплавой энергіі ды 30% гідраэнергіі знішчаны. Гэта не канец яго тэрору.

На канферэнцыі прысутнічае моцная польская дэлегацыя на чале з міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім, які сказаў, што Польшча хоча быць хабам для рэканструкцыі Украіны.

- Польшча хоча стаць хабам для адбудовы Украіны, гэтак жа як цяпер яна ёсць хабам па пастаўках на патрэбы абароны. На нашу думку, у нас ёсць шэраг пераваг: не менш за 2 мільёны чалавек, якія былі ў Польшчы, ці то працавалі да вайны, ці то цяпер у бежанстве. Ёсць сувязі, у тым ліку сямейныя, якія дадуць магчымасць гаспадарчай дзейнасці. Таксама ў нас ёсць свежы вопыт перамоў і выканання крытэрыяў для ўступлення ў Еўрасаюз, што будзе карысны для ўкраінскім дзяржаўных структур.

Аднак цяжка схаваць той факт, што цяперашняя сітуацыя ва Украіне застаецца надзвычай складанай — не толькі праз расійскія абстрэлы, але і праз сацыяльныя наступствы, выкліканыя вайной. Напрыклад, ва Украіне не хапае працоўнай сілы — шмат мужчын, у тым ліку адукаваных, пайшлі на фронт. Аднаўленне Украіны будзе залежаць ад таго, наколькі яна зможа забяспечыць абарону ад расійскіх ракет, зазначыў эксперт з Польскага інстытуту міжнародных спраў Даніэль Шэлігоўскі.

- На дадзены момант ідзе працэс закладання фундаменту пад адбудову Украіны. Ствараюцца палітычныя ды інстытуцыйныя рамкі, фармуюцца механізмы для будучага фінансавання адбудовы. Аднак на дадзены момант важна, каб Украіна атрымоўвала неабходную колькасць зброі, у першую чаргу СПА, каб захаваць існуючую інфраструктуру ад удараў расійскіх ракет. Тое, што сёння абароняць ад расійскіх удараў, не трэба будзе аднаўляць заўтра. Чым больш сёння ўратуем, тым менш трэба будзе адбудоўваць, тым хутчэй і паспяховей будзе працэс аднаўлення Украіны.

Канферэнцыя па адбудове Украіны ў Берліне працягнецца да серады 12 чэрвеня. Наступная сустрэча ў рамках Адбудовы Украіны пройдзе ў наступным годзе ў Італіі.

Пётр Пагажэльскі/Юры Ліхтаровіч/PRdZ