Беларуская Служба

Эксперты: Захад больш не можа ігнараваць Кітай

13.06.2024 15:48
Доўгі час у Еўропе і ЗША глядзелі на Кітай, як на краіну танных і няякасных прадуктаў. Цяпер гэтая краіна пераўтварылася ў тэхналагічна прасунутага гульца з памкненнямі да звышдзяржавы.
Аўдыё
  • Эксперты пра адносіны з сучасным Кітаем
              .    .  .
Былы карэспандэнт Польскага радыё ў Азіі Тамаш Саевіч размаўляе з польскімі знаўцамі Кітаю — праф. Богданам Гуральчыкам і праф. Марцінам Якобі.Y.Likhtarovich Praca własna

Захад павінен змяніць свой погляд на Кітай, пераконвалі ў Варшаве польскія эксперты.

У Варшаве прайшла сустрэча з аўтарамі кнігі «Новая кітайская гульня» выдадзенай Wydawnictwo Akademickie Dialog на тэму змен, што адбываюцца ў сучасным Кітаі, якую вёў рэдактар Польскага радыё Тамаш Саевіч, колішні карэспандэнт Польскага радыё ў Азіі, з вядомымі знаўцамі Кітаю — праф. Богданам Гуральчыкам і праф. Марцінам Якобі.

Адмыслоўцы зазначылі, што эпоха супрацоўніцтва Захаду і Кітаю завяршаецца. Далей будзе толькі  суперніцтва, перакананы праф. Богдан Гуральчык.

– Цяпер ідзе вайна, у якой Польшча з’яўляецца адным з бакоў, паколькі праз нашу краіну ідзе больш за 80% дапамогі для Украіны: гуманітарнай і вайсковай, медычнай. Польшча – ключавая краіна ўсходняга флангу НАТО. Альянс – гэта ЗША, у адносінах Кітая ды Амерыкі закончыліся гады ўзаемадзеяння. З 2018 года пачалася новая эпоха – стратэгічнага саперніцтва. Варожасць павялічваецца, ахоплівае ўсё новыя абшары. Джо Байдэн працягвае гэты курс, хоць пачаў яго Трамп. Байдэн заявіў на днях, што неўзабаве будуць уведзеныя 25% мыта на сталь ды алюміній, 50% мыта на сонечныя батарэі ды 100% на электракары з Кітаю.

Падобныя абмежаванні - антыдэмпінгавыя мыта на кітайскія электрычныя машыны – рыхтуе і Еўракамісія. На днях у Рызе прадстаўнікі Польшчы, Літвы ды Румыніі назвалі саюз Расіі з Кітаем выклікам для Еўропы. Гэтае нарастаючае саперніцтва з Кітаем Захад стварыў сам, абсалютна памылкова, зазначыў праф. Марцін Якобі.

– Не можна да Кітая падыходзіць з аднаразовай палітыкай. Маўляў з'ездзілі разок у Кітай, паабдымаліся з кіраўніцтвам і на гэтым усё. Тут няма стратэгіі, а з Кітаем можна супрацоўнічаць толькі аналізуючы паслядоўную і стратэгічную палітыку. Кітай – гэта краіна, якая раптам не знікне, яна для нас не ёсць ворагам. На маю думку, Захад і ЗША стварылі сённяшнюю праблему самі. Той факт, што Кітай усё актыўней супрацоўнічае з Расіяй, ствараючы актыўна групу антызаходніх краін разам з Іранам да КНДР, - гэта вынік амерыканскай палітыкі. 15 год таму Кітай быў зацікаўлены блізкім супрацоўніцтвам з Захадам і ў гэтым бачыў сваю будучыню.

Адмысловец зазначыў, што Еўрасаюз можа выступіць для Кітая партнёрам, але дзеля гэтага патрэбная адзіная замежная палітыка ЕС.

- Я падтрымліваю еўрапейскую інтэграцыю, і лічу, што адзіная будучыня для Польшчы – гэта ўздзеянне знутры на ЕС у напрамку ўмацавання Еўрасаюза як партнёра ў размовах з Кітаем. Той факт, што Пекін пакуль гэтага не хоча бачыць, сведчыць пра вялізарны патэнцыял ЕС. Кітай пакуль размаўляе з асобнымі краінамі, напрыклад, з Францыяй ці Германіяй, а не з цэлым ЕС. Калі Еўрасаюз у бліжэйшыя гады зможа весці супольную замежную палітыку, мы будзем у стане на роўных размаўляць з такім складаным партнёрам, як Кітай.

У сваю чаргу прафесар Богдан Гуральчык больш песімістычна глядзіць на будучыню Еўропы. На ягоную думку цэнтр сілы ў свеце перасоўваецца ў Азію.

- На нашых вачах адрадзілася цывілізацыя ці нават дзве: Кітай ды Індыя, кожная з гэтых краін мае 1,4 мільярды чалавек насельніцтва. ЕС з амаль 500 мільёнамі застаецца далёка ззаду. Гэта змяняе расклад сіл у свеце. Новыя парадак пакуль не сфармаваўся, ідзе працэс перафарматавання, таму малыя ці сярэднія краіны як наша, павінна мець візіянераў палітыкаў, эфектыўную дыпламатыю, каб пасля канфлікту быць сярод пераможцаў. Мы гэтага не маем.

Эксперты зазначылі, што Захад, у тым ліку Польшча не можа цяпер ігнараваць Кітай. Пры гэтым нельга таксама станавіцца ад яго залежным. З Пекінам трэба будаваць адносіны, маючы стратэгічны падыход і доўгатэрміновы. 

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч