Беларуская Служба

Журналіст Руслан Шошын: Чаму Дональду Туску не варта нападаць на беларускіх IT-спецыялістаў

18.06.2024 11:41
Беларускія ІТ-спецыялісты, якія працуюць у Польшчы і маюць Карту паляка, па-ранейшаму «яны» ці «мы»?
-   .
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск.Kancelaria Premiera/Twitter

Прэм’ер-міністар Туск мусіць ведаць, што няварта ўключаць у адзін твіт асобныя і часта супярэчлівыя ідэйныя цэтлікі. З нападу на нацыянальныя меншасці ніколі нічога добрага не было, піша журналіст Rzeczpospolita Руслан Шошын.

«Дык яшчэ раз. Яны завезлі СОТНІ ТЫСЯЧ мігрантаў з Азіі і Афрыкі (заадно зарабляючы грошы на візах), а таксама расійскіх і беларускіх «айцішнікаў», дапамагаючы будаваць замежную агентуру. Гэта хочуць прыкрыць расісцкай прапагандай. Яны спадзяюцца на кароткую памяць і моц сваіх крыкаў», – напісаў прэмʼер-міністр Дональд Туск у нядзелю ў сваім профілі на сайце X.

Можна толькі здагадвацца, што меў на ўвазе аўтар. Глядач, які не асабліва заглыблены ў бурныя будні польскай палітыкі, павінен разумець, што размова ідзе пра ПіС, які прывёз у краіну натоўпы «дрэнных хлопцаў» – імігрантаў з Азіі і Афрыкі, а таксама некаторых расійскіх і беларускіх агентаў. У сваіх заявах палітыкі часта дзеляць свет вакол сябе на «нас» супраць «іх». Гэта неадʼемная частка палітычнай барацьбы не толькі ў Польшчы. Праблема ў тым, што часта гэтыя «яны» насамрэч «мы».

Чаму Дональд Туск нападае на беларускіх ІТ-спецыялістаў?

Тэму эмігрантаў з далёкіх краін пакіну знаўцам Азіі і Афрыкі, засяроджуся на польска-беларускіх стасунках, за якімі назіраю і пра якія пішу больш за дзясятак гадоў. Кажучы пра «беларускіх ІТ-спецыялістаў», прэмʼер-міністр Дональд Туск, верагодна, меў на ўвазе ўрадавую праграму Poland Programme. Business Harbor, якая была запушчаная восенню 2020 года ў адказ на жорсткае падаўленне паслявыбарных пратэстаў і беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, якія рэжым Аляксандра Лукашэнкі разгарнуў супраць уласнага грамадства.

Беларускі дыктатар з усёй сілай абрынуўся на «нелаяльных» ІТ-спецыялістаў з беларускага Парку высокіх тэхналогій (так званага мясцовай Сіліконавай даліны), дзе працавалі многія вядомыя ў свеце ІТ кампаніі (яны мелі нулявыя стаўкі падаткаў і мізэрныя выдаткі на ўтрыманне супрацоўнікаў). Праблемы пачаліся пасля таго, як стваральнік гэтага месца Валерый Цапкала захацеў балатавацца супраць Лукашэнкі і падтрымаў пратэсты. У выніку ён быў вымушаны ўцячы з краіны (сёння жыве з сямʼёй у Грэцыі).

Неўзабаве пасля выбараў у жніўні 2020 года Валерый Цапкала апынуўся ў Варшаве і ў інтэрвʼю выданню Rzeczpospolita заявіў, што ў выпадку захавання рэжыму беларусаў чакае масавы зыход з краіны.

Менавіта так і адбылося. З Беларусі пачалі масава ўцякаць супрацоўнікі многіх галін эканомікі, у тым ліку шматлікія ІТ-спецыялісты з уціхаміранай «Сіліконавай даліны». Улада ў Варшаве хутка зразумела, што гэта была магчымасць набыць маладых і адукаваных спецыялістаў з галіны, якая найбольш хутка развіваецца ў свеце, і якія будуць рухаць польскую эканоміку. Гэта была памылка?

Гэта быў вельмі прагматычны падыход. Нават калі сярод гэтых людзей было некалькі агентаў Лукашэнкі ці Пуціна, гэта не значыць, што праграма была дрэнная. Тое, што агенты Крамля прыязджаюць у Еўропу па шэнгенскіх візах, азначае, што ўсе, хто прыязджаюць у Еўразвяз па такіх візах, зʼяўляюцца агентамі Пуціна?

Таксама было б нядрэнна мець некаторыя лічбы, каб паказаць маштаб. Дадзеныя Упраўлення па справах замежнікаў за канец мінулага года паказваюць, што цяпер больш за 100 тысяч беларусаў маюць дзейны від на жыхарства ў Польшчы, ільвіная доля якіх – маладыя і прафесійна актыўныя людзі, часта з польскімі каранямі. Амаль 40 тысяч з іх маюць дазвол на пастаяннае пражыванне ў сувязі з польскім паходжаннем і карты паляка. Штогод тысячы з іх атрымліваюць польскае грамадзянства. Верагодна, некаторыя з гэтых людзей працуюць IT-спецыялістамі. Дык гэта ўсё яшчэ «яны» ці гэта «мы»?

rp.pl/вх

Еўрапейскае пакаленне «замежнікі прэч!»: чаму моладзь галасуе за ўльтраправых

18.06.2024 08:05
Іх бабуля і дзядуля распачалі сексуальную рэвалюцыю. Сённяшняя моладзь хоча вярнуць стрэлкі гадзінніка ў 1950 год.