Беларуская Служба

Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі: «Рэжым Лукашэнкі бярэ закладнікаў, таксама, як расійскі рэжым»

21.06.2024 06:00
Беларусь разам з Расіяй вядзе гібрыдную аперацыю супраць польскай мяжы.
Аўдыё
  • Інтэрв'ю з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім.
     .
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Фота: Польскае радыё для замежжа

Польскае Міністэрства замежных спраў плануе і арганізуе адносіны з іншымі краінамі. Асабліва важныя кантакты з суседзямі. На жаль, Польшчы часта прыходзіцца адказваць на пагрозы, якія паступаюць з-за ўсходняй мяжы.

Вельмі важная тэма, якая часта закранаецца ў польскіх СМІ, гэта дэзынфармацыя. Ці можна сказаць, што ў Польшчы распрацаваная шырокая стратэгія бяспекі ў кіберпрасторы? Адказвае госць Каналу замежнага вяшчання Польскага радыё, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі (Radosław Sikorski).

- Кібербяспека – гэта крыху іншая справа, чым дэзынфармацыя. Гэта бяспека нашага сеціва, устойлівасць на хакерскія атакі. Два тыдні таму я наведваў Эстонію. Гэтая дзяржава сутыкалася з атакамі, якія заключаліся ў сотнях мільёнаў наведванняў іх сервераў. Такім чынам можна заблакаваць сайты банкаў ці інтэрнэт-старонкі дзяржаўных устаноў. Іншая справа – выкарыстанне інтэрнэт-троляў, а таксама наіўнасць польскіх палітыкаў і журналістаў, якія клююць на вудачку дэзынфармацыі, а нават звычайных фэйкаў. Да фэйкавых здымкаў мы ўжо прывыклі, але цяпер лёгка зрабіць таксама фэйк у выглядзе відэазапісу.

Вы сказалі пра Эстонію. Гэтая краіна мае вельмі багаты досвед барацьбы як з дэзынфармацыяй, так і падрыхтоўкі механізмаў бяспекі ў кіберпрасторы. Значна больш багаты, чым Польшча.

- За кібербяспеку адказвае іншая ўстанова. Гэта NASK (Naukowa i Akademicka Sieć Komputerowa – дзяржаўная даследчая ўстанова «Навуковая і акадэмічная камп’ютарная сетка» – рэд.) ці Міністэрства нацыянальнай абароны. У сваю чаргу, калі мы гаворым пра дэзынфармацыю, дык варта згадаць наш хаўрус са Злучанымі Штатамі Амерыкі, дзякуючы якому ў Польшчы будзе дзейнічаць кантактная група розных краін, якія разам будуць адказваць на расійскую дэзынфармацыю.

Калі ўжо пайшла гаворка пра Расію, дык хацелася б спытаць Вас пра тое, як Польшча бачыць Еўропу пасля заканчэння расійска-украінскай вайны. Калі ўявім сабе, што вайна заканчваецца, Пуціна ўдаецца адхіліць ад улады – тады зноў могуць паявіцца ідэі «перазагрузкі» адносін з Расіяй. Скажам, прапановы правесці рэферэндумы на акупаванай тэрыторыі.

- Такія два фэйкавыя рэферэндумы ўжо мелі месцы. Я нагадаю, што ідэя «перазагрузкі» нарадзілася ў ЗША, калі прэзідэнтам быў Барак Абама. Мы спрабавалі цывілізаваць Расію, гэта была правільная палітыка, якая тады прынесла нейкую карысць. Напрыклад, мы абмяркоўвалі некаторыя гістарычныя факты, падрыхтавалі апісанне гістарычных падзей, пра якія раней не казалі. Нам удалося прымірыцца і апублікаваць спецыяльны сумесны дакумент польскага каталіцкага касцёла і расійскай праваслаўнай царквы. Адбываліся шматлікія візіты прадстаўнікоў расійскіх муніцыпалітэтаў у польскія гарады. Прэзідэнт Пуцін быў на ўрачыстасцях гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны, а таксама ён быў першым расійскім лідарам, які ўшанаваў памяць польскіх ваеннапалонных, забітых у Катыні.

А цяпер Расія зноў пачала аспрэчваць гістарычныя факты...

- Таму што Расія змяніла сваю палітыку. Замест таго, каб працягваць эканамічную інтэграцыю з ЕС, яна вядзе вайну з цывілізаваным светам. І таму мы таксама мяняем наша стаўленне. У гэтым і заключаецца замежная палітыка. З імперскай Расіяй мы будзем спаборнічаць і супрацьстаяць ёй, а калі Расія зменіць курс і зменіць кіраўніцтва, тады мы падумаем пра змену нашай пазіцыі. Канешне, мы ўтрымліваем сувязі з расійскай апазіцыяй – у нас была Юлія Навальная, Гары Каспараў, расійскія журналісты. Ніколі невядома, калі апазіцыя стане ўладай. Я сам быў у эміграцыі. Праўда, мы ведаем, што ў Расіі мала постімперскага разумення сваёй тоеснасці. Канешне, для Польшчы было б лепш, калі б прэзідэнтам быў Каспараў, а не Пуцін.

Давайце паразмаўляем пра Украіну. Вы былі ў Берліне на канферэнцыі, прысвечанай адбудове Украіны. Як вы бачыць удзел Варшавы ў гэтым працэсе? Скажам, даволі часта мы чуем навіны, што нямецкая кампанія, напрыклад, Rheinmetall пачынае інвеставаць ва Украіне. Чаму мы не чуем такіх навін з Польшчы – што вялікая польская кампанія інвестуе ва Украіне?

- Польскія фірмы, па-першае, і не пакідалі Украіны, яны далей там працуюць. Наколькі мне вядома, наша карпарацыя страхавання замежных інвестыцый і крэдытаў адважна падтрымлівае гэткую дзейнасць. Па-другое, каб польскі Rheinmetall мог супрацоўнічаць з Украінай, ён павінен існаваць. Папярэдні ўрад цалкам байкатаваў польскі прыватны ВПК. І таму няма ў нас магутнага ваеннага канцэрну, нягледзячы на вялізныя выдаткі на абарону.

Працягваючы тэму Украіны, варта згадаць пра тое, як Польшчу бачаць украінцы. Трэба сказаць, што наш імідж вельмі пагоршыўся ў выніку канфлікту, звязанага з экспартам украінскага збожжа ў Польшчу. Неабходна гэты імідж неяк палепшыць.

- Імідж – гэта адна справа, а адносіны – іншая. Адносіны паміж нашымі краінамі вельмі добрыя. Практычна няма дня, каб у нас не было сувязі з украінскім бокам, і вядома, хто каму дапамагае. А імідж, канешне, пацярпеў. Мы папярэджвалі ўрад «Права і справядлівасці», што лепш не адкрываць цалкам мяжу. Можна было вырашыць пытанне інакш, скажам, павялічыць бязмытныя квоты. Напрыклад, румыны на гэтым яшчэ зарабілі, атрымаўшы з ЕС сродкі на будаўніцтва перавалачнага тэрміналу. Але трэба было не весці вайны з еўрапейскімі ўстановамі, а думаць. Праблема заключаецца таксама ў адсутнасці юрыдычных механізмаў. Калі б я або вы перакрылі дарогу, пратэстуючы супраць чагосьці, нас бы аштрафавала паліцыя. А калі мы пойдзем у суд і скажам, што мы хочам пратэставаць, каб журналісты больш зараблялі, тады маем права перакрываць дарогу. Павінна быць права на пратэст каля дарогі, а не на блакаду дарогі.

І яшчэ пытанне пра адносіны з Беларуссю. Ці магчыма яшчэ нешта зрабіць, каб вызваліць з турмы Анджэя Пачобута?

- Рэжым Лукашэнкі бярэ закладнікаў, таксама, як расійскі рэжым. Гэта нявінныя людзі, не толькі палякі, але таксама грамадзяне іншых краін. Мы няшмат можам зрабіць. Беларусь таксама з’яўляецца краінай-агрэсарам, яна вядзе разам з Расіяй гібрыдную аперацыю супраць нашай мяжы. Гэта недружалюбная краіна, якая вучыць мігрантаў, як можна параніць польскага салдата. На такі рэжым цяжка аказаць які-небудзь уплыў.

Размаўляў віцэ-дырэктар Праграмы для замежжа Польскага радыё Пётр Пагажэльскі (Piotr Pogorzelski).

Пераклад Наталля Грышкевіч