Беларуская Служба

Былы польскі суддзя знайшоў новую працу ў Беларусі

24.06.2024 15:37
Ён пачаў прадстаўляцца журналістам і публіцыстам.
    .
Былы польскі суддзя Томаш Шмыт. Фота: belta.by

Былы польскі суддзя Томаш Шмыт, які ў маі ўцёк у Беларусь, паведаміў у сацыяльных сетках, што ўладкаваўся журналістам у агенцтва BiełTA – чытаем у выданні Do Rzeczy. Ён будзе браць інтэрвʼю ў запрошаных гасцей. І таму пачаў прадстаўляцца журналістам і публіцыстам.

«Вельмі добрая праца. Я не буду паказваць кантракт», – напісаў Шмыт у сацсетках.

Шмыт на прэс-канферэнцыі ў Мінску даказваў, што ён быў вымушаны пакінуць Польшчу, бо не згодны з дзеяннямі ўладаў у Варшаве ў дачыненні Беларусі і Расіі. Дысцыплінарны суд пазбавіў Шмыта недатыкальнасці, дазволіў яго затрыманне і часовы арышт, а таксама адхіліў ад выканання абавязкаў. У той жа дзень прэс-сакратар Вышэйшага адміністрацыйнага суда абвясціў, што Шмыт больш не зʼяўляецца суддзёй, яго заява аб адстаўцы была адобрана.

Былы суддзя зноў стаў вядомым некалькі дзён таму, калі ён (або чалавек, які вядзе яго профіль на платформе X, хутчэй за ўсё, супрацоўнік КДБ Беларусі) пагражаў журналісту Пятру Ніштару (Piotr Nisztor), які абяцаў неўзабаве прадставіць інфармацыю, якая «шакуе ўсіх».

«Здаваць зараз ты пачнеш. Цябе ўжо некалькі разоў прыціснулі, багажнік быў малы, і я не ўспомню, як было ў лесе. Мне толькі шкада гэтай «тваёй – не тваёй» дзяўчыны. Але табе ўжо ніхто не дапаможа«, – напісаў былы суддзя да журналіста.

«Беларускі КДБ пачаў пагражаць вывезці мяне ў лес і «прыціснуць». Пасля таго, як я агучыў матэрыял, які шакуе не толькі правасуддзе. Супадзенне?», – адказаў Ніштар.

нг