Rzeczpospolita прыводзіць выказванне палкоўніка Маці Тыкерпуу (Mati Tikerpuu), камандзіра адной з дзвюх ваенных брыгад Эстоніі. Ён сказаў El Pais, што яго краіна «зможа супрацьстаяць расійскаму ўварванню на працягу некалькіх тыдняў». Пазней спатрэбіцца ўмяшанне НАТА. Высокапастаўлены эстонскі камандзір лічыць, што стрымліванне расійскай арміі некалькі тыдняў дастаткова, каб саюзныя сілы прыбылі ў дзяржаву.
У Эстоніі жыве 1 млн 400 тыс жыхароў. Улады краіны заяўляюць, што выдаткі на абарону сёлета складуць звыш 3% ВУП – больш, чым у большасці краін НАТА. Рост ваенных выдаткаў звязаны з вайной ва Украіне.
У інтэрв'ю ў лютым Тыкерпуу сказаў, што «нічога нельга выключаць», калі гаворка ідзе пра падрыхтоўку да магчымага расійскага нападу. Ён падкрэсліў, што вайна ва Украіне паказала, як выглядае сучасны канфлікт і як трэба да яго рыхтавацца. Беспілотнікі і артылерыя будуць гуляць ключавую ролю ў любым канфлікце, адзначыў ён, дадаўшы, што Расія працягвае аддаваць перавагу масіраваным атакам, а не высокадакладнай зброі.
Нягледзячы на павелічэнне ваенных выдаткаў, узброеныя сілы Эстоніі абмежаваныя. Нядаўна апублікаваная справаздача эстонскай разведкі паказвае, што Расія плануе накіраваць амаль 40 тыс салдат на мяжу ў бліжэйшыя гады. Гэтая лічба значна перавышае колькасць узброеных сіл Эстоніі (4200 салдат). У той жа час у Эстоніі амаль 40 тысяч рэзервістаў.
У сакавіку Злучаныя Штаты зацвердзілі пакет абароннай дапамогі Эстоніі і яе суседзям Літве і Латвіі на 228 мільёнаў долараў, накіраваны на хуткае пашырэнне іх ваеннай інфраструктуры. У лютым краіны Балтыі дамовіліся пабудаваць новую лінію абароны ўздоўж агульнай мяжы з Расіяй.
нг