Беларуская Служба

Будучыня Беларусі : ці застаецца шанец вырвацца з цені Крамля?

03.07.2024 15:38
У Варшаве прайшла дыскусія на тэму будучыні Беларусі ў рамках Варшаўскай Усходнееўрапейскай канферэнцыі.
Аўдыё
  • Эксперты пра будучыню Беларусі
Ілюстрацыйнае фотаY.Likhtarovich

Размова ішла пра тое, ці Беларусь мае шанец застацца суверэннай, ці будзе станавіцца ўсё больш ценем Расіі. Сабраныя эксперты, актывісты ды палітыкі, зазначылі, што сітуацыя ў гэтай краіне вельмі складаная, але нельга апускаць рукі.

У польскай сталіцы эксперты з розных краін абмяркоўвалі тое, як стрымаць Расію, умацаваць вытрыманасць Украінцы ды рашучасць Захаду. Дыскусіі ішлі ў рамках Варшаўскай Усходнееўрапейскай канферэнцыі, што праходзіць у польскай сталіцы вось ужо 20 год. Арганізатар канферэнцыі – Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта.

У рамках канферэнцыі адбылася таксама дыскусія на тэму будучыні Беларусі, якой на думку арганізатараў пагражае расійскі экспансіянізм. У абмеркаванні ўзялі ўдзел дыпламаты, палітыкі, аналітыкі ды грамадскія актывісты з Польшчы ды Беларусі.

Аналітык Арцём Шрайбман зазначыў, што Беларусь застаецца пад кантролем Аляксандра Лукашэнкі, які дзякуючы падтрымцы з Масквы, змог утрымацца ля ўлады. Пры гэтым эксперт не выключае, што адносіны паміж дыктатарам і расійскім кіраўніцтвам могуць пагоршыцца.

- Самая галоўная змена для рэжыму Лукашэнкі пасля жніўня 2020 і асабліва пасля лютаўскай агрэсіі Расіі ў 2022-м годзе, што яму ўдалося захаваць устойлівасць, але з прычыны стабільнай падтрымкі з боку Расіі. Аднак беларуска-расійскія адносіны ніколі не грашылі стабільнасцю. Тое, што мы бачым цяпер –гэта гістарычная аберацыя. Як кожная аберацыя, яна доўга не працягнецца. Лукашэнка зноў паспрабуе збалансаваць расійскае дамінаванне, каб умацаваць сваё цяперашняе вельмі ўразлівае становішча. Пакуль Маскву задавальняе сітуацыя ў Беларусі ў актуальнай ваеннай сітуацыі. Лукашэнка задавальняе расійскія чаканні адносна Беларусі. Як толькі ваеннае становішча зменіцца, гэта можа прывесці да разбалансавання адносін паміж Беларуссю і Расіяй.

Крэмль задавальняе слабы Лукашэнка пры ўладзе, бо ён не перашкаджае расійскай прапагандзе апрацоўваць беларусаў, зазначыла кіраўнік ініцыятывы «Чэсныя людзі» Алена Жываглод.

- Сітуацыя з інфармацыйнай вайной выглядае лепш для рэжыму Лукашэнкі з году на год. У 2024 годзе беларускі народ апынуўся пад жалезнай заслонай, ён становіцца больш прарасейскім і пралукашэнкаўскім, таму што мець іншыя ідэі небяспечна. Трэба больш незалежных СМІ, каб паказаць рэальную сітуацыю грамадству.

У сваю чаргу, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павал Латушка зазначыў, што нельга апускаць рукі. Трэба працягваць ціск на рэжым, бо толькі гэта дае плён.

- Таму хто грукаецца, адчыняюць дзверы. Трэба проста сістэмна працаваць і метадычна нагадваць, што нельга дазволіць, каб замест Беларусі стала Паўночная Карэя. Важна, каб не зачынялі памежныя пераходы для людзей. Патрэбна больш стыпендый для беларусаў у Еўропе. Падтрымліваць незалежныя СМІ, бо расійскі інфармацыйны ўплыў узрастае ў Беларусі. Мы павінны мець контруплыў, і ён павінен быць больш моцны. Вельмі важна прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці.

Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі і цяперашні спецыяльны прадстаўнік МЗС Польшчы па кантактах з беларускай дыяспарай Артур Міхальскі зазначыў, што Захад не адмаўляецца ад падтрымкі Беларусі і заклікаў беларусаў не губляць надзеі.

- У нас ёсць стратэгія, але хацелася б лепшай. Пакуль што, мы кажам не рэжыму, і так падтрымцы беларускага народу Гэтая стратэгія не працуе хутка, але ў нас не было інструментаў, каб хутчэй змяніць сітуацыю. Мы можам абмяркоўваць, каб санкцыі былі больш шырокімі і хуткімі Але ЕС дзейнічае інакш, не як дыктатары, тут патрэбны час на перамовы. З нашай перспектывы, у Беларусі не ўсё страчана. Варта не губляць надзеі. Польшча таксама зведала шмат змен, перш чым быць у цяперашняй сітуацыі – часткай вольнага свету, поспех прыходзіў паэтапна не імгненна.

У сваю чаргу беларускія эксперты казалі пра тое, што важна не блытаць рэжым Лукашэнкі ды беларусаў. Ціснуць на першага, не ізаляваць другіх. У Польшчы – гэта разумеюць, але мусяць таксама дбаць пра бяспеку ўласнай краіны, зазначыў намеснік кіраўніка Цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта Адам Эберхард.

-  Пры накладанні санкцый ды абмежаванняў у дачыненні да рэжыму вельмі цяжка выключыць з-пад іх дзеяння беларускае грамадства. Гэта наша самая вялікая дылема. Таму што тут ідзецца пра мабільнасць людзей і цэласць мяжы. Да гэтага трэба дадаць вялікую праблему, якой стала гібрыдная акцыя беларускіх уладаў па сілавым пераходзе мяжы нелегальнымі мігрантамі, якіх прывозіць рэжым. Гэтай праблемай трэба займацца, але не так, каб у беларусаў застаўся б толькі адзін шлях – у Расію. Пытанне адкрытае, як спалучаць станоўчую палітыку ў дачыненні да рэжыму з падтрымкай беларускага грамадства.

Эксперты падкрэслілі, што беларусам патрэбна далейшая падтрымка, таму што галоўная мэта прадэмакратычных сіл - трансфармацыя Беларусі ў дэмакратычную краіну, а не захаванне рэжыму Лукашэнкі. Важна яшчэ не кідаць Беларусь у адзін кош з Расіяй. Беларусь мае альтэрнатыўны, чым Расія, шлях да дэмакратыі. У самой Беларусі людзі гатовыя да перамен, яны гатовыя да ахвярнасці, але трэба бачыць крокі да перамогі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч