Нягледзячы на расійскую агрэсію, Украіна змагла абараніць свой суверэнітэт, пачаць перамовы аб далучэнні да Еўрапейскага Саюза. Эксперты спадзяюцца, што гэта дапаможа Украіне наблізіцца да пабудовы прававой дзяржавы. Без гэтага стабільнасці ва Украіне яны не бачаць.
Ва Украіне трэці год працягваецца поўнамаштабная расійская агрэсія. Калі на пачатку Украінцам удалося стрымаць акупантаў, дзякуючы рашучаму супраціву ўсяго грамадства, дык цяпер у краіне расце стомленасць ад вайны, незадаволенасць існуючай сітуацыяй. Эксперты ўсё часцей задаюцца пытаннем, якая будучыня чакае Украіну. Гэтая тэма абмяркоўвалася ў Варшаве падчас дыскусіі экспертаў у рамках Усходнееўрапейскай канферэнцыі, што зладзіў Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта.
На думку вядомага ўкраінскага гісторыка і палітолага Міколы Рябчука ўкраінцы могуць мабілізавацца на кароткі час, у доўгачасовай перспектыве ім не хапае стабільных дэмакратычных інстытутаў ды прававой дзяржавы.
- Увогуле ўкраінцам трэба шмат яшчэ чаго зрабіць, але на маю думку галоўнае – гэта вяршэнства права. Гэта ключавая праблема, без яе нельга вырашыць усе іншыя. Пакуль няма вяршэнства права дэмакратыя не працуе. Такая паламаная дэмакратыя вельмі кволая, гэта, дарэчы, не дэмакратыя, а плюралізм. Гэтая форма можа стымуляваць развіццё дэмакратыі, але і мае слабасць перад дыктатарам. Гэта прычына таго, чаму Украіна 20 год хісталася з боку ў бок, бо не было моцных інстытутаў. Моцныя ўстановы будуюцца на вяршэнстве права. Нам гэтага не хапае, у нас надалей дамінуе селектыўнае правапрымяненне. Гэта азначае, што выбарачна выкарыстоўваюцца законы: па аднаму для сваіх, па іншаму да ўсіх астатніх. Пакуль няма роўнасці ўсіх перад законамі і дакладнай працэдуры выканання, што вельмі важна для дэмакратыі. Пакуль захоўваецца дадзеная сітуацыя, мы будзем падатныя на маніпуляцыі, і абмежаваныя ў інвестыцыях. Без прававой дзяржавы інвестыцыі ва Украіну не пойдуць. Расія цудоўна навучылася маніпуляваць нашымі ўнутранымі праблемамі.
Шлях да прававой дзяржавы ў розных краін розных: у Заходняй Еўропе адна сцежка, у Цэнтральнай Еўропе – іншая. На постсавецкай прасторы пакуль толькі краіны Балтыі змаглі яе пабудаваць. Што трэба рабіць Украіне, каб мець прававую дзяржаву?
- Гэта складаны працэс, бо прававая дзяржава залежыць у значнай меры ад традыцыі, грамадскай свядомасці. Яна фармуецца стагоддзямі. Гэта палітычная і прававая культура. Яна не паўстае на пустым месцы і не за год ці два. Мы ж развіваліся ў краінах, дзе не было прававой дзяржавы. Але ў нас перад вачыма вельмі добры прыклад Польшчы, якая мае падобную да нас палітычную культуру і падобную традыцыю, больш прыхільны гістарычны лёс. Мы прадукты адной цывілізацыі – Першай Рэчы Паспалітай. Мы бачым, што палякам удалося, хаця і ў іх былі праблемы з доўгатэрміновасцю, але для нас гэта прыклад. Галоўнае, каб была палітычная воля. З гэтым як раз можа быць клопат, бо ўкраінскія эліты самі не пачнуць рабіць неабходныя пераўтварэнні.
Для незваротнасці дэмакратычных перамен патрэбны ціск, як унутраны, так і міжнародны, перакананы адмысловец.
- Патрэбны моцны ціск: унутраны і вонкавы. Унутраны ціск у нас ёсць, бо ва Украіне моцная грамадзянская супольнасць, якая паказала сваю моц падчас дзвюх рэвалюцый, яно здольнае ціснуць з нізу. Трэба дапоўніць гэтыя высілкі вонкавым ціскам, бо Украіна залежыць ад знешняй дапамогі. Дадзеная падтрымка павінна быць абумоўленая, асабліва пасля вайны, выкананнем рэформ і працэдур. Вагары ўплыву ёсць, іх трэба адпаведна выкарыстоўваць.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч