Беларуская Служба

«Прывараныя да Тытаніка» – фельетон Яна Кшыштафа Міхаляка

06.07.2024 07:59
Ёсць яшчэ кволая надзея, што Еўропа нагадае сябе і беларусам, што да таго, як іх пачала акупаваць Расія, яны належалі да кола шматканфесійнай і шматэтнічнай еўрапейскай культуры.
  ,   .
Вобраз катастрофы Тытаніка, створаны штучным інтэлектам. Фота: Pixabay.com/ArtTower

На пачатку красавіка гэтага году дзеячы беларускай апазіцыі ў эміграцыі дапамаглі Крысціне Мірсалімавай, актывістцы беларускага нацыянальнага руху, якая пераследавалася рэжымам за сваю незалежніцкую пазіцыю, выехаць у Варшаву. Аднак месяцам раней яе родная сястра Эльвіра Мірсалімава правяла некалькі сутак у ізалятары і была аштрафаваная як раз за супрацьлеглае. А менавіта за тое, што яна занадта яскрава дэманстравала сваю падтрымку Расійскай Федэрацыі, Пуціна і вайны ва Украіне, публічна адмаўляючы беларускую дзяржаўнасць і падтрымліваючы злучэнне сваёй краіны з Расіяй.

Гэтая сямейная гісторыя, бадай, найлепшая ілюстрацыя таго, наколькі глыбокія існуюць падзелы ў Беларусі ў плане стаўлення да «старэйшага брата», як называе Расію лукашэнкаўская прапаганда. А ўзровень падтрымкі дзеянняў Крамля ў грамадстве вырас да беспрэцэдэнтнага ўзроўню пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну.

Аднак, парадаксальна – як гэта бачна на прыкладзе адной з сясцёр Мірсалімавых – гэтая прапаганда таксама душыць праявы «залішняй» прарасійскасці. Аказваецца, адмаўляць існаванне Беларусі як асобнай дзяржавы і нацыі – гэта занадта нават для лукашэнкаўскіх СМІ. Прынамсі, на афіцыйным узроўні. Бо насамрэч рэжымныя эліты, асабліва сілавыя структуры, прынцыпова прарасійскія. Таму іх лаяльнасць мінскаму рэжыму ў выпадку гіпатэтычнага канфлікту паміж Беларуссю і Расіяй застаецца сумнеўнай. Прыкладам можа быць сітуацыя ў Берасці, калі 51-гадовая Наталля Каробка нядаўна хадзіла па вуліцах гораду з расійскім сцягам і плакатам «За Расію», ды вялікай літарай Z. Мясцовая міліцыя, канешне, адрэагавала – але не супраць яе, а супраць людзей, якія выказвалі крытычнае стаўленне да гэтага пікетавання – няўзгодненага, дарэчы.

Адна з жанчын выпадкова ўступіла ў дыскусію з правакатаркай – і ў выніку ад пераследу міліцыі вымушаная была зʼехаць у Польшчу. Затое міліцыянты здолелі адшукаць маладога хлопца, які таксама крытыкаваў адкрытую прапаганду вайны. Яны прымусілі яго запісаць пакаяннае відэа – і пасля апублікавалі яго ў інтэрнэце. У гэтым відэазапісе хлопец прыносіў прабачэнні за свой учынак самой Каробцы, а таксама ўсяму расійскаму народу і ўдзельнікам «Спецыяльнай ваеннай аперацыі» (гэта значыць, вайны ва Украіне). Што не дапамагло, бо яго ўсё роўна арыштавалі.

Такія сюжэты яскрава паказваюць, наколькі расколатая сёння беларуская грамадская думка адносна дзеянняў Расіі. Нягледзячы на струмень рэжымнай і расійскай прапаганды ў СМІ, значная частка беларусаў па-ранейшаму крытычна ставіцца да расійскай агрэсіі. Пра гэта сведчыць хаця б існаванне «Беларускага Гаюна» – групы ананімных актывістаў, якія штодня сочаць за перамяшчэннямі расійскіх войскаў па краіне і публікуюць гэтую інфармацыю ў Telegram-канале. Робяць яны гэта ва ўмовах, калі ў Беларусі аўтараў нават аднаго фота цягніка з ваеннай тэхнікай асуджаюць на некалькі гадоў за кратамі.

Пры гэтым, паводле афіцыйных звестак за мінулы год, ажно 63% з больш чым 100 тысяч беларускіх эканамічных мігрантаў выбралі пунктам прызначэння Расію, а не краіны Еўразвязу, дзе яны зараблялі б значна больш.
Тое ж самае і са студэнтамі – з 12 тысяч беларускіх студэнтаў, якія выехалі вучыцца ў Расію, 5 тысяч трапілі туды дзякуючы квотам і стыпендыям, якія прапануе крамлёўская структура Рассупрацоўніцтва, філіялы якой цяпер ёсць у Беларусі амаль у кожным буйным горадзе. Як бачна, расійскія ўлады дзейнічаюць з апярэджаннем – у разліку на тыя часы, калі клан Лукашэнкі больш не будзе кіраваць у Беларусі.

Іншым жа беларусам, пазбаўленым выбарчага права ў сваёй краіне, застаецца толькі ўласнаруч вучыць дзяцей роднай мове і культуры, падтрымліваючы ў іх надзею на тое, што шалёны Тытанік, да якога Аляксандр Лукашэнка і яго эліты прыварылі Беларусь, абавязкова пойдзе на дно. Калі гэта пачнецца, магчыма, ягоны экіпаж будзе занадта заняты выратаваннем уласнай маёмасці, каб дадаткова турбавацца аб нейкай там перыферыі.

Аднак большасць маіх суразмоўцаў тут лічыць, што калі гэтага не здарыцца на працягу аднаго пакалення, то ў Беларусі не застанецца сілы, якая здолее адпілаваць краіну ад рэштак расійскай недаімперыі. Хаця ёсць яшчэ кволая надзея, што, магчыма, Еўропа нагадае сабе і беларусам, што да таго, як іх пачала акупаваць Расія, яны належалі да кола шматканфесійнай і шматэтнічнай еўрапейскай культуры, у якой гарады кіраваліся магдэбургскім правам. І так было ў мінулым на ўсёй тэрыторыі цяперашняй Беларусі, аж да яе ўсходніх межаў, дзе сёння нахабнічае «русский мир».

З Мінску для Польскага радыё – Ян Кшыштаф Міхаляк (Biełsat)